23 красавiка 2024, aўторак, 10:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Рэжым Пуціна нясе рэальныя страты і яны будуць стабільна расці»

4
«Рэжым Пуціна нясе рэальныя страты і яны будуць стабільна расці»

ЗША распрацоўваюць новы пакет санкцый у дачыненні да Расеі.

ЗША распрацоўваюць другі, больш жорсткі пакет санкцый у дачыненні да Расеі ў сувязі з атручваннем ў Салсбэры, паведамляе расейская служба «Голас Амерыкі» са спасылкай на прадстаўніка Дзярждэпартамента, які адзначыў, што новыя санкцыі плануюць увесці ў лістападзе.

«Мы плануем ўвесці вельмі жорсткі другі раўнд санкцый», - заявіла памочніца дзяржсакратара ў пытаннях эканомікі і бізнэсу Маніша Сінгх.

Паводле ейных слоў, у пакет увойдуць «банкаўскія санкцыі, а таксама забарона на пастаўку абаронных тавараў і наданне фінансавай дапамогі».

Сінгх нагадала, што Расея так і не дазволіла правесці інспекцыі на сваёй тэрыторыі і не падала ЗША «верыфікаваных гарантый» таго, што яна не будзе ізноў выкарыстоўваць хімічную зброю.

Санкцыі прадугледжаны законам аб кантролі над біялагічнай і хімічнай зброяй ад 1991 года, які патрабуе прымаць захады ў дачыненні да краін, якія выкарыстоўваюць хімічную зброю ў парушэнне міжнароднага заканадаўства.

У мінулым месяцы ЗША абвясцілі аб увядзенні новых абмежаванняў, закліканых пакараць расейскі ўрад за замах на былога расейскага агента Сяргея Скрыпаля і яго дачку ў брытанскім горадзе Салсбэры.

Першы раўнд санкцый увайшоў у дзеянне 22 жніўня.

Гэтыя санкцыі абмяжоўваюць экспарт у Расею амерыканскіх тавараў і тэхналогій, звязаных з нацыянальнай бяспекай, у тым ліку электронікі, лазераў і некаторых тэхналогій нафтагазавай галіны. Гэтая мера можа блакаваць экспарт на сотні мільёнаў даляраў.

Як удакладняюць у Дзярждэпартаменце, будзе дазволена рабіць выключэнні для дзейнасці, звязанай з касмічнымі палётамі, а таксама амерыканскіх праграм дапамогі замежным дзяржавам.

Расея адмаўляе сваю датычнасць да атакі на Скрыпалёў.

Сінгх назвала Расею «сур'ёзнай пагрозай» для еўрапейскіх хаўруснікаў Расеі ды іншых партнёраў, бо тая чыніць напады з ужываннем хімічнай зброі і выкарыстоўвае энэргарэсурсы як зброю.

«Мы актыўна ўзаемадзейнічаем з трансатлантычнымі супольнікамі, каб знайсці смелы, жорсткі і адзіны падыход, - распавяла яна. - Адміністрацыя выразна дала зразумець, што санкцыі праз Усходняй Украіны не будуць змякчацца, пакуль Расея не выканае свае абавязанні ў Менскім пагадненні. Санкцыі праз Крым застануцца ў дзеянні, пакуль Расея не верне кантроль над паўвыспай Украіне».

Са слоў Сінгх, агулам амерыканскія санкцыі каштавалі расейскаму ўраду дзясяткі мільярдаў даляраў.

Яна нагадала, што ЗША таксама прынялі адрасныя захады ў дачыненні да шэрагу бліжэйшых паплечнікаў Пуціна, а таксама кіраўнікоў буйных дзяржаўных банкаў і энэргетычных кампаній.

«Уводзячы санкцыі ў дачыненні да гэтых расейскіх грамадзян і юрыдычных асоб, мы дакладна далі зразумець, што ўсе, хто працягвае весці з імі справы, робяць гэта на ўласны страх і рызыку, - падкрэсліла Сінгх. - Гэта прывяло да таго, што кампаніі з усяго свету сталі дыстанцыявацца ад фігурантаў санкцыйнага спісу, яшчэ больш узмацніўшы беспрэцэдэнтны ўзровень фінансавага ціску на ключавыя сектары расейскай эканомікі і тых, хто падтрымлівае дэструктыўную дзейнасць Крамля».

«Рэжым Пуціна цяпер нясе рэальныя страты, і гэтыя страты будуць стабільна расці, пакуль ён не спыніць агрэсію», - рэзюмавала яна.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках