15 снежня 2018, Субота, 13:30
Дзякую вам
Рубрыкі

«Гэтым указам улады заходзяць занадта далёка»

56
КАРЫКАТУРА: CARTOON.KULICHKI.COM

Указ Лукашэнкі парушае права людзей на ўласнасць.

На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №357 «Аб пустых і старых дамах».

Асноўная мэта дакумента - паскорыць працэдуру канфіскацыі пустога і старога жылля: цяпер на гэта спатрэбіцца не больш за год. Але ці не парушае ён правы ўласнікаў жылля, задае пытанне «Брестская газета».

«Гэты ўказ ніякім чынам не закранае правы добрасумленных карыстальнікаў, уласнікаў жылых памяшканняў, бо, каб дом не трапіў у пустыя хаты, уласніку дастаткова напісаць апавяшчэнне пра тое, што ў яго ёсць жаданне выкарыстоўваць гэты жылы дом паводле прызначэння», - у інтэрв'ю «ТРК Брест» каментуе ўказ начальнік управы ЖКГ і энэргетыкі камітэта архітэктуры і будаўніцтву Берасцейскага аблвыканкама Аляксей Мартысюк.

На думку старшыні Берасцейскай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігара Маслоўскага, у кожнай краіне, у тым ліку Беларусі, павінна існаваць працэдура для такіх выпадкаў.

«Што да самога ўказа, я пакуль не бачу нейкіх вялікіх парушэнняў правоў. Ён вызначае парадак далейшага распараджэння гэтымі дамамі. Іншая справа, як гэта будзе выглядаць на практыцы. Як мы ведаем, у нас ёсць права на свабоду слова, свабоду мітынгаў і сходаў. Але на практыцы яно практычна сходзіць на нішто», - кажа кіраўнік сацыял-дэмакратаў.

Час пакажа, наколькі эфектыўнай будзе працэдура пошуку ўласніка, вынясення прадпісанняў і ці будуць найперш улічвацца правы людзей на ўласнасць.

Маслоўскі не выключае, што ў рамках рэалізацыі гэтага закона будуць карупцыйныя або незаконныя дзеянні органаў улады.

Аб магчымым злоўжыванні з боку ўладаў кажа і берасцейскі праваабаронца, юрыст Раман Кісляк. На ягоную думку, новы ўказ - «працяг вар'яцкай палітыкі нашых уладаў».

«Чалавек мае права мець некалькі дамоў і не павінен жыць у кожным з іх. Безумоўна, ва ўладальніка ўласнасці, акрамя права валодання, ёсць і абавязак утрымліваць у парадку сваю ўласнасць. Але, па-мойму, нашы ўлады гэтым указам заходзяць занадта далёка. Чаму гэта дамы не могуць пуставаць? Чаму ўлады так моцна ўмешваюцца ў прыватнае жыццё грамадзян?» - пытаецца юрыст.

На ягоную думку, указ «Аб старых і пустых дамах» стане ў шэраг з іншымі «драконаўскімі» законамі Беларусі. Напрыклад, указам №87, які дае тры гады на будаўніцтва жылога дома, лецішча. Або нормай аб тым, што сельскагаспадарчыя землі не павінны пуставаць.

«Улады дзейнічаюць з Беларуссю як з велізарным сельгаспрадпрыемствам: усе сельскагаспадарчыя землі павінны быць засеяныя, усе дамы павінны быць абжытыя і ніводзін не павінен пуставаць. І гэта ўсё на шкоду праву ўласнасці, праву свабодна распараджацца і валодаць маёмасцю на сваё меркаванне. Мы ўсё далей адыходзім ад павагі правоў», - мяркуе Кісляк.

На яго думку, пры выкананні гэтага ўказа могуць узнікнуць праблемы. Апавяшчэнне пра тое, што дом могуць занесці ў рэестр старых або пустых, з нейкіх прычын можа не дайсці да адрасата. Не ўлічваюцца таксама магчымасці людзей у аднаўленні дамоў: яны могуць знаходзіцца ў складанай жыццёвай сітуацыі (хвароба, адсутнасць свабодных сродкаў і г.д.).

«Пацярпелыя ад гэтага ўказа могуць звяртацца ў Камітэт правоў чалавека ААН са скаргай на парушэнне права на асабістае жыццё», - кажа праваабаронца.

На пачатак 2018 года на Берасцейшчыне прыкладна 10,2 тысячы дамоў мелі прыкметы пустых або старых. Усяго ў вобласці налічвалася больш за 42 тысяч дамоў, якія не заселеныя на сталай аснове. Амаль тры чвэрці з іх выкарыстоўвалася грамадзянамі для часовага пражывання, у якасці лецішча, для вядзення прысядзібнай гаспадаркі, садоўніцтва і г.д.

Праўда, ва ўказе прапісана: калі пастанова суда аб прызнанні дома пустым або старым будзе скасаваная, былы ўласнік можа патрабаваць вяртання дома, калі ён перайшоў у дзяржаўную ўласнасць. Калі будынак прададзены, яму могуць вярнуць суму ўгоды. Калі ж зруйнаваны - кампенсаваць у той суме, на якую дом быў ацэнены перад руйнаваннем.