27 красавiка 2024, Субота, 3:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юнкер падаў новыя прапановы што да міграцыйнай палітыкі ЕЗ

3
Юнкер падаў новыя прапановы што да міграцыйнай палітыкі ЕЗ
ЖАН-КЛОД ЮНКЕР
ФОТА: AP

Кіраўнік Еўракамісіі заявіў аб неабходнасці ўзмацніць ахову межаў Еўразвяза ад некантраляванай міграцыі.

Кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер падаў новыя прапановы аб міграцыйнай палітыцы ЕЗ. Ён зрабіў гэта ў сваёй штогадовай прамове пра сітуацыю ў Еўразвязе ў сераду, 12 верасня, піша DW.

Так, са слоў Юнкера, вонкавыя межы ЕЗ павінны абараняцца больш эфектыўна. Для гэтага колькасць памежнікаў еўрапейскай службы Frontex павінна павялічыцца да 10 тысяч чалавек да 2020 года. Frontex павінна мець уласныя караблі, самалёты і аўтатранспарт, адзначыў Юнкер.

ЕЗ неабходна больш салідарнасці што да мігрантаў

Ён таксама заклікаў ЕЗ да большай салідарнасці ў пытаннях міграцыйнай палітыкі. Са слоў Юнкера, еўрапейскія краіны не павінны спрачацца аб кожным новым караблі з мігрантамі, які прыбывае ў Еўропу. «Краіны ЕЗ павінны дамовіцца аб размеркаванні ўцекачоў, інакш гэта пагражае межам унутры Еўразвязу», - адзначыў Юнкер.

Кіраўнік Еўракамісіі таксама адзначыў неабходнасць больш цесных стасункаў з афрыканскімі краінамі. Шматлікія гандлёвыя дамовы ЕЗ з краінамі Афрыкі неабходна замяніць адзіным пагадненнем аб свабодным гандлі. «Афрыцы патрэбная не міласціна, а паўнавартаснае партнёрства», - дадаў кіраўнік Еўракамісіі.

Зона свабоднага гандлю з Вялікай Брытаніяй

Акрамя таго, Жан-Клод Юнкер выступіў за пагадненне аб свабодным гандлі з Вялікай Брытаніяй пасля Brexit, гэтая краіна павінна застацца асаблівым партнёрам у пытаннях палітыкі і бяспекі. У той жа час дзяржавы, якія не ўваходзяць у ЕЗ, не могуць мець аднолькавыя правы з краінамі-чальцамі Еўразвязу, адзначыў кіраўнік Еўракамісіі.

Юнкер таксама запатрабаваў ад ЕЗ большай уцягнутасці ў глабальныя праблемы. «Міру неабходна моцная і адзіная Еўропа», - сказаў кіраўнік Еўракамісіі, закрануўшы сітуацыю ў Сірыі. Таксама ён выступіў за ўзмацненне значнасці еўра ў якасці глабальнай валюты. З ягоных слоў, структуры ў Брусэлі прадставяць свае прапановы наконт гэтага ўжо сёлета.

«Хвораму нацыяналізму – не»

Жан-Клод Юнкер выказаў трывогу ў сувязі з ўзмацненнем нацыяналістычных тэндэнцый у шэрагу краін Еўропы. «Хвораму нацыяналізму неабходна сказаць «не», а патрыятызму, наадварот, «так», - заявіў кіраўнік Еўракамісіі. - Той, хто любіць сваю краіну, можа любіць і Еўропу». Са слоў Юнкера, Еўропа зможа заяўляць пра сябе ў свеце адзіным голасам толькі ў тым выпадку, калі суверэнітэт асобных нацыянальных дзяржаў будзе сплецены і рэалізаваны ўнутры Еўразвязу. «Прабіла гадзіна еўрапейскага суверэнітэту», - падкрэсліў Юнкер.

Еўра павінен стаць глабальнай валютай

«Тварам і інструментам новага еўрапейскага суверэнітэту павінен стаць еўра. Неймаверна тое, што 80 адсоткаў імпарту энэргіі ў Еўропе аплачваецца ў далярах», - заявіў Юнкер.

Гэтая штогадовая прамова Жана-Клода Юнкера пра сітуацыю ў Еўразвязе можа стаць апошняй. Былы прэм'ер-міністр Люксембурга займае пасаду кіраўніка Еўракамісіі з канца 2014 года, тэрмін ягоных паўнамоцтваў заканчваецца ў кастрычніку. 63-гадовы Юнкер заявіў, што «не будзе дамагацца новага мандату»

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках