19 красавiка 2024, Пятніца, 6:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка - Міністэрству аховы здароўя: Хлопцы, ну які міністр не ведае, хто ў яго абабівае грошы?

27
Леанід Заіка - Міністэрству аховы здароўя: Хлопцы, ну які міністр не ведае, хто ў яго абабівае грошы?
ЛЕАНІД ЗАІКА
ФОТА: TUT.BY

Усё Міністэрства аховы здароўя можна смела разганяць.

Леанід Заіка ў экспрэс-каментары «Салiдарнасцi» - пра тое, як выкараніць карупцыю ў беларускай медыцыне.

На думку кіраўніка аналітычнага цэнтра «Стратэгія», ініцыятыва беларускіх чыноўнікаў аб стварэнні спецыяльнай службы ўнутранай бяспекі для барацьбы з карупцыяй, гэта, відавочна, неабдуманы крок.

- Гэта дзіцячы і наіўны алаверды ад пакутлівых чыноўнікаў, - мяркуе ён. - Гэта проста смешна. Хлопцы, ну які ж міністр, які намеснік міністра не ведае, хто ў яго абабівае грошы? Цалкам зразумела, што людзі, якія гэта кажуць, напалоханыя, што міліцыя і КДБ зраўняе іх з зямлёй. Вось яны і рэагуюць.

Мабыць, у Беларусі яшчэ з савецкіх часоў не перасталі даносіць адзін на аднаго. Яны думаюць, што калі створаць нейкую сваю ўнутраную «шасцёрачную» арганізацыю, якая будзе сачыць і закладваць пэўных дзеячаў, нешта зменіцца. Вы толькі ўявіце, колькі нармальных людзей пацерпіць праз гэтыя даносы?

На думку суразмоўцы, нічога такога ў Беларусі ствараць не трэба. А з карупцыяй разабрацца можна, не выдаткаваўшы ні рубля бюджэтных сродкаў - дастаткова прасачыць, дзе кошты лекаў завышаныя і разабрацца, чаму:

- Я толькі што вярнуўся з Расеі - дык вось расейцы, вядома, таксама вельмі любяць красці, не менш, чым беларусы. Але там лекі, якімі асабіста я карыстаюся, чамусьці ўдвая таннейшыя, чым у Беларусі. Трэба, каб Аляксандр Рыгоравіч разам з Колем пайшлі ў аптэку і паглядзелі, якія там кошты. А потым параўналі: а што там у суседніх краінах? І адразу будзе відаць, дзе і колькі скралі.

Таксама Леанід Заіка звяртае ўвагу на яшчэ адну патэнцыйна карупцыйную схему, якая ўжо не першы год выкарыстоўваецца ў Беларусі.

- За мяжой многія лекі прадаюцца без рэцэпту. А ў нас дзейнічае сістэма, якая спрыяе жульніцтву... Яны спачатку закупляюць пэўныя лекі, паводле сваіх «камерцыйных» інтарэсаў, а потым Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе лекарам, якія лекі трэба выпісваць у выпадку нейкай хваробы. І толькі з рэцэптам адпускаць. Вось вам і карупцыйная схема, на якой зарабляюць вялікія грошы.

Я вам прывяду ў прыклад адну гісторыю з асабістага жыцця. Калі ад анкалогіі паміраў блізкі мне чалавек, тады, пяць гадоў таму, з'явіліся лекі. Тады яны выраблялася толькі ў Японіі і Аўстрыі, і каштавалі пяць тысяч еўраў. Дык вось у Беларусі гэтыя лекі немагчыма было набыць, бо яны не былі сертыфікаваныя! І мне давялося прасіць сваіх знаёмых у Нямеччыне, каб тыя іх прывезлі. Яны везлі лекі праз мяжу, перахрысціўшыся.

Пасля гэтага выпадку мне стала зразумела, што ўся беларуская фармацэўтычная палітыка - поўнае глупства. Гэта здзек з людзей. І ўсё Міністэрства аховы здароўя можна смела разганяць... А тое, што яны нейкія ўнутраныя службы будуць ствараць - хлопцы, проста паглядзіце ўважліва ў люстэрка, - падсумаваў Леанід Заіка.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках