19 красавiка 2024, Пятніца, 18:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Берасці вынеслі прысуд экс-чыноўніку, які спрабаваў збегчы з суду

3
У Берасці вынеслі прысуд экс-чыноўніку, які спрабаваў збегчы з суду

Ён збіў канвой.

Суд у Берасці абвясціў прысуд паводле абвінавачвання экс-старшыні аднаго з сельвыканкамаў Берасцейскага раёна ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў, распавяла tut.by старшая памочніца пракурора горада Берасця Ірына Рубанава.

Мужчына, які з’явіўся на абвяшчэнне яму прысуду паводле папярэдняй, карупцыйнай, справы, будучы п'яным, паспрабаваў збегчы з суду.

У чэрвені 2018 года мужчына быў прызнаны вінаватым ва ўчыненні карупцыйнага злачынства. Ён, будучы кіраўніком сельвыканкама, прапаноўваў за хабар пасадзейнічаць у атрыманні зямельнага надзелу пад будаўніцтва жылля ў вёсках, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. Агулам паводле справы пацярпелымі праходзілі пяць чалавек.

Сумы грашовага ўзнагароджання мяняліся ад 100 даляраў да 6 тысяч. Атрыманыя сродкі абвінавачваны марнаваў на асабістыя патрэбы. Як вынікае з таго прысуду, экс-старшыня знаходзіўся «ў вельмі гаротным фінансавым становішчы, выкліканым наяўнасцю гульнявой залежнасці», якая яго змушала ўвесь час шукаць грошы для новых ставак.

Тады яму па сукупнасці злачынстваў прызначылі 2 гады і 7 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд пастанавіў узяць яго пад варту проста ў зале.

Але абвінавачаны Дзмітрый Б., які, як было ўстаноўлена пазней, у суд прыйшоў п'яным, з ягоных уласных слоў, «не чакаў, што яму будзе прызначанае такое пакаранне» - і з суду паспрабаваў збегчы. На лесвіцы яго паспрабаваў спыніць канвой, аднак абвінавачаны надаў супраціў: паспрабаваў ударыць аднаго з міліцыянтаў кулаком у галаву, іншага - нагой у пах і жывот. Супрацоўнікі міліцыі блакавалі ўдары, павалілі мужчыну на падлогу і надзелі на яго кайданкі. У выніку бойкі адзін з міліцыянтаў атрымаў удар рукі.

Па сукупнасці злачынстваў Дзмітрыю Б. было канчаткова прызначанае пакаранне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці.

- Сваімі дзеяннямі абвінавачаны толькі пагоршыў сваё становішча, бо гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў павялічыў тэрмін ягонага пакарання на тры месяцы, - дадала Ірына Рубанава.

Прысуд увайшоў у законнае дзеянне.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках