19 красавiка 2024, Пятніца, 20:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія кіроўцы абвясцілі «Яндэксу» ультыматум

19
Беларускія кіроўцы абвясцілі «Яндэксу» ультыматум

Транспартныя кампаніі-вознікі абураныя працай сэрвісу.

У ліпені 2018 года Uber у Беларусі стаў часткай сэрвісу «Яндэкс.Таксі», паведамляе «Еўрарадыё». Пасажыры, якія раней карысталіся Uber, адразу пачалі скардзіцца на праблемы з сэрвісам: узровень аўтамабіляў і якасць абслугоўвання сталі нязвыкла нізкімі, а кіроўцы часта адмаўляліся ад аплаты карткай і патрабавалі гатоўку. Але пазней сітуацыя быццам бы выправілася.

Цяпер сэрвісам «Яндэкс.Таксі» не задаволеныя транспартныя кампаніі-вознікі, якія раней працавалі з Uber. Адзін з кіроўцаў распавядае журналістам аб ультыматуме, які яны паставілі «Яндэксу». Яго сутнасць - вяртайце ўсё, як было, таму што далей так працаваць нельга.

«Мы нясём страты, - кажа ён. - Уявіце сабе: каса зменшылася агулам на 100 рублёў за дзень. У кожнага кіроўцы».

У некалькіх транспартных кампаніях журналістам адказалі, што ўмовы, якія прапануе «Яндэкс.Таксі», іх цалкам задавальняюць. Але прадстаўнік аднаго з партнёраў дыспетчарскай службы пагадзіўся назваць пяць асноўных пунктаў, якімі больш за ўсё незадаволеныя вознікі.

1. Павялічыліся тарыфы

Адразу пасля аб'яднання двух сэрвісаў змяніліся тарыфы, якія агрэгатар прапануе вознікам. Спачатку яны былі меншымі, чым у Uber, аднак потым сістэма выплат ускладнілася:

«У першыя часы памяняліся тарыфы. У пачатку нібыта толькі 15% забіраў «Яндэс.Таксі» ў возніка. Але цяпер сістэма стала нашмат больш складанай, чым было ў Uber. Я нават не змагу растлумачыць усіх нюансаў. Але з таго, што я бачу, «Яндэкс.Таксі» цяпер забірае больш чым 15%, і мне нават цяжка сказаць, колькі менавіта».

2. Затрымкі з выплатамі

«Яндэкс.Таксі» затрымлівае выплату грошай вознікам. Такое было і пры Uber, але, са слоў суразмоўцы, цяпер гэта стала адбывацца часцей. Пры гэтым сэрвіс не дае дакладнай зваротнай сувязі для кіроўцаў, прапаноўваючы пісаць на электронную пошту:

«Раней таксама былі затрымкі з выплатамі. Але не так часта, як цяпер. Акрамя гэтага цяпер ёсць ліміт $200, які ты павінен набраць. Калі не набіраеш - выплаты не будзе. Часам выплат проста няма на нейкія там прычыны, а на якія - на гэтыя пытанні ніхто не адказвае. Таму што дакладна ніякай падтрымкі няма, усё праз электронную пошту. Агулам, расейскі сэрвіс - усё праз адно месца. Пакуль працуем, але вялікага жадання прадаўжаць супрацоўніцтва з імі ў нас няма. Але і альтэрнатывы мы пакуль не бачым».

3. «Яндэкс.Таксі» не гарантуе выплат за паездкі

Пасля аб'яднання Uber і «Яндэкс.Таксі» з’явілася магчымасць разлічвацца за паездкі не толькі карткай, але і гатоўкай. Прычым спосаб аплаты можна было змяніць падчас паездкі, чым карысталіся некаторыя хітрыя пасажыры.

«Яндэкс» не гарантуе выплату па паездках, па якіх яны не змаглі зняць грошы з карткі кліента. Гэтым карысталіся некаторыя пасажыры. Падчас паездкі яны мянялі ўмовы аплаты з безнаяўных грошай на гатоўку, а кіроўца па інерцыі чакаў аплаты з карткі, заканчваў паездку і выпускаў іх з машыны без аплаты. Так некаторыя вознікі страцілі па некалькі сотняў даляраў».

4. Падчас святаў працаваць немагчыма

Новы мабільны дадатак «таксометры», якім карыстаюцца кіроўцы «Яндэкс.Таксі» і Uber, не вельмі зручны:

«Мабільнае дастасаванне не вельмі прадуманае. Калі побач шмат людзей, якія выклікаюць аўто, яно проста завісае. Трэба ад'ехаць за пару кіламетраў, каб яно пачало працаваць. Падчас святаў працаваць проста немагчыма».

5. Бракуе тэхнічнай падтрымкі з боку «Яндэкс.Таксі»

Калі пачалося аб'яднанне двух сэрвісаў, возчыкам ніхто нічога асабліва не тлумачыў. Тэхнічнай падтрымкі бракуе і цяпер, кажа суразмоўца:

«Пераход быў вельмі неарганізаваны. Калі базы аб'ядноўваліся, тэхнічнай падтрымкі не было. Новае дастасаванне дрэнна працуе. Кіроўцы сыходзяць ад вознікаў, у тым ліку праз гэтыя неаплачаныя паездкі. Ужо крыху мы і самі разабраліся, але ўсё стала нашмат больш складана і заблытана».

«Яндэкс»: калі нешта не задавальняе - заўсёды можна пагаварыць

Журналісты запыталіся ў кампаніі «Яндэкс», ці ведаюць там аб ультыматуме і што думаць наконт прэтэнзіяў з боку вознікаў.

Неўзабаве яны атрымалі адказ з прэс-службы кампаніі:

«Пра такое [ультыматум - Заўвага.] не чулі. У нас сталы дыялог з партнёрамі. Калі ўзнікаюць пытанні ці што-небудзь не задавальняе, заўсёды можна пагаварыць».

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках