15 траўня 2024, Серада, 10:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Бяспека грамадзян Беларусі ды ЕЗ не можа быць разменнай манетай»

«Бяспека грамадзян Беларусі ды ЕЗ не можа быць разменнай манетай»
Фота: dpa

Пакаленні беларусаў і іх суседзяў не павінны стаць ахвярамі недальнабачных дзеянняў уладаў аб БелАЭС.

Пра гэта гаворыцца ў заяве Беларускай антыядзернай кампаніі (БАЯК) пасля сённяшняй сустрэчы ў Дзяржатамнаглядзе па стрэс-тэстах Астравецкай АЭС, якую сайт Charter97.org публікуе цалкам:

- Рэкамендацыі еўраэкспэртаў пацвердзілі нашы асцярогі з нагоды Астравецкай АЭС, мы намагаем на іх выкананні да выдачы ліцэнзіі на эксплуатацыю першага энэргаблока.

Сёння, на сустрэчы прадстаўнікоў Дзяржатамнагляду Беларусі, прадстаўнікоў СМІ і грамадскасці з Маркам Тоем, кіраўніком групы еўраэкспэртаў, якая праводзіла партнёрскую праверку Нацыянальнага дакладу па стрэс-тэстах Беларускай АЭС, мы атрымалі чарговыя аргументы на карысць таго, што праект АЭС-2006, паводле якога ўзводзіцца атамная электрастанцыя пад Астраўцом, павінен быць сур'ёзна дапрацаваны для яго прывядзення ў адпаведнасць з нормамі WENRA (заходнееўрапейскай асацыяцыяй рэгулятараў у галіне ядзернай бяспекі) і МАГАТЭ.

Для гэтага еўрапейскія экспэрты рэкамендуюць правесці, напрыклад, сейсмічныя даследаванні, а пасля іх вынікаў - адэкватную ацэнку сейсмаўстойлівасці абсталявання, сістэм і камунікацый Астравецкай АЭС.

На наш погляд, такія даследаванні павінны былі быць праведзеныя да пачатку будаўніцтва і нават да выбару пляцоўкі, аднак праведзеныя не былі, хоць гэтага патрабавалі нормы, якія дзейнічалі на момант прыняцця пастановы аб выбары пляцоўкі. Мы адзначалі гэта раней, у высновах Грамадскай экалагічнай экспэртызы праекта Беларускай АЭС.

Высновы еўрапейскіх экспэртаў пацвердзілі і іншыя нашы асцярогі аб уразлівасці Астравецкі АЭС да прыродных падзеяў і ўмоваў, якія могуць пацягнуць аварыю Фукусімскага тыпу.

Марк Той адзначыў на сустрэчы, што ўсе рэкамендацыі, выдадзеныя групай ENSREG і ЕЗ, важныя для зніжэння рызык функцыянавання Беларускай АЭС, нягледзячы на тое, што ў іх выкананні можа быць устаноўленая чарговасць і выбраныя найбольш прыярытэтныя.

У той жа час, вынікі сустрэчы не далі гарантыі таго, што рэкамендацыі еўрапейскіх экспэртаў сур'ёзна ўспрымаюцца, у першую чаргу, эксплуатуючай арганізацыяй і ўсе яны будуць выкананыя перад уводам першага энэргаблока Астравецкай АЭС у строй. Больш за тое, прадстаўнікі беларускага боку ўважаюць іх залішнімі.

Мы падтрымліваем гатоўнасць Дзяржатамнагляду весці дыялог з ЕЗ і грамадскасцю з нагоды выканання рэкамендацый, аднак намагаем на тым, каб яны былі ўключаныя ў Нацыянальны план дзеянняў і выкананыя да выдачы ліцэнзіі на эксплуатацыю першага энэргаблока, нават калі гэта патрабуе ўнясення зменаў у беларускае заканадаўства і праектную дакументацыю.

Бяспека грамадзян Беларусі і ЕЗ не можа быць разменнай манетай, пакаленні беларусаў і іх суседзяў не павінны стаць ахвярамі недальнабачных і паспешных пастаноў!

Мы нагадваем, што стрэс-тэсты выконваюцца для зніжэння рызык атамных электрастанцый у вузкім коле пытанняў і не могуць служыць довадам бяспекі. Найлепшай альтэрнатывай, якая зберажэ мільярдныя інвестыцыі, адкрые новыя перспектывы і засцеражэ мільёны людзей у радыусе ўздзеяння Астравецкай АЭС ад дадатковай і непрымальнай радыяцыйнай рызыкі, з'яўляецца бяз'ядзерны шлях развіцця і пераход да ўстойлівай аднаўляльнай энэргетыкі!

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках