25 красавiка 2024, Чацвер, 13:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Аддаць жыццё за радзіму - гэта свята»

4
«Аддаць жыццё за радзіму - гэта свята»
Ларыса Геніюш

Сёння - дзень нараджэння Ларысы Геніюш.

Паэтка і пісьменніца, захавальніца архіва Беларускай Народнай Рэспублікі паходзіць са старадаўняга шляхецкага праваслаўнага роду Міклашэвічай, паведамляе тэлеграм-канал «Баста».

Нарадзілася 9 жніўня 1910 года ў сям'і заможных сялян, выйшла замуж па каханні, з'ехала за мужам у Прагу. Там і даведалася, як камуністы абышліся на радзіме з яе сям'ёй. Бацьку Ларысы Геніюш як багатага гаспадара арыштавалі і расстралялі, маці з сёстрамі выслалі ў Паўночны Казахстан.

Потым - вайна, нямецкая акупацыя. Нягледзячы на настойлівыя ўгаворы і абяцанні зрабіць яе «першай беларускай паэткай», Ларыса так і не пагадзілася падчас вайны выехаць з Прагі ў Менск і ўдзельнічаць у фашысцкай прапагандзе.

У сакавіку 1943 года Ларыса Геніюш прызначаецца генеральнай сакратаркай урада Беларускай Народнай Рэспублікі. Яна захоўвае і парадкуе дзяржаўны архіў, дапамагае эмігрантам, палітычным уцекачам і ваеннапалонным.

Ужо ў 1945 годзе, пасля вызвалення Прагі ад нацыстаў Геніюшаў спрабавалі выкрасці прама з кватэры, каб вывезці ў СССР. Але на штурм не адважыліся: у абарону сабраліся суседзі. Яшчэ некалькі гадоў Геніюш жылі спакойна. Арыштавалі іх толькі ў 1948 годзе.

Сям'ю вывозяць з Прагі ў Савецкі Саюз. У менскай турме Ларысу дапытвае сам міністр дзяржбяспекі БССР Цанава. Цікавіць яго, у першую чаргу архіў БНР. У камеры, у чаканні допыту і катаванняў, Ларыса піша: «Я не ведала, што ісці на смерць за Радзіму - гэта так святочна». Адказы на свае пытанні Цанава так і не атрымае.

7 лютага 1949 года Ларысу і Івана Геніюшаў асуджаюць на 25 гадоў лагераў. Зняволеныя называлі вершы паэткі «глюкозай», яны дапамагалі людзям выжыць. Муж і жонка Геніюш выходзяць на волю ў 1956 годзе.

Пасля вызвалення Ларыса пасялілася на радзіме мужа ў пасёлку Зэльва Гарадзенскай вобласці. Усё астатняе жыццё Геніюшы адмаўляліся прыняць савецкае грамадзянства.

Амаль дзесяць гадоў пасля вызвалення творчасць паэткі не была вядома шырокай аўдыторыі. Упершыню яе паслялагерные вершы трапілі на старонкі беларускіх часопісаў у 1963 годзе. Неўзабаве, дзякуючы тагачаснаму старшыні Вярхоўнага Савета БССР Максіму Танку, быў выдадзены зборнік «Невадам з Нёмана», які на грамадскіх пачатках адрэдагаваў Уладзімір Караткевіч.

Тысячы беларусаў прыехалі ў Зэльву ў красавіку 1983 развітацца з Ларысай Геніюш. Яе пахаванне ператварыліся ў антысавецкую дэманстрацыю.

Генеральная пракуратура Беларусі адмовіла ў рэабілітацыі паэткі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках