26 красавiка 2024, Пятніца, 12:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валер Урублеўскі: Што мы ведаем пра паплечніка Каліноўскага

Валер Урублеўскі: Што мы ведаем пра паплечніка Каліноўскага

Знакаміты паўстанец актыўна ўдзельнічаў у стварэнні рэвалюцыйнай арганізацыі на Гарадзеншчыне.

Валер Урублеўскі нарадзіўся 27 снежня 1836 года ў мястэчку Жалудок Лідскага павета (цяпер гарадскі пасёлак у Шчучынскім раёне) у сям'і беззямельнага шляхціца Антона Урублеўскага і Разаліі з роду Юроўскі. Бацька яго працаваў лесніком, потым скарбнікам у графа Тызенгаўза.

Скончыўшы ў 1853 годзе Віленскую гімназію, паступіў у Пецярбургскі лясны інстытут (на будынку ўніверсітэта ўстаноўленая мемарыяльная дошка. Падчас вучобы ўдзельнічаў у студэнцкім руху, быў сябрам нелегальнага рэвалюцыйнага гуртка, якім кіравалі рэвалюцыянеры-дэмакраты Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі.

У 1861-1862 гадах ён актыўна ўдзельнічаў у стварэнні рэвалюцыйнай арганізацыі на Гарадзеншчыне. Разам з Кастусём Каліноўскім рэдагаваў, друкаваў і распаўсюджваў рэвалюцыйна-дэмакратычную газету «Мужыцкая праўда».

У час паўстання 1863-1864 гадоў Урублеўскі кіраваў паўстанцкімі атрадамі. Ён быў прыхільнікам левага крыла «чырвоных» найбольш актыўных змагароў, якія прытрымліваліся рэвалюцыйных поглядаў, - апоры на сялянскія масы, ліквідацыі памешчыцкага землеўладання, роўных правоў усіх народаў краю. Падчас бою з казакамі 7 жніўня 1864 года Урублеўскі быў пасечаны шаблямі і цяжка паранены, але выжыў.

Трохі падлекаваўшыся, ён эміграваў у Францыю. У Парыжы кіраваў дэмакратычнымі арганізацыямі беларуска-польскіх эмігрантаў. Калі 18 сакавіка 1871 у Францыі адбылася рэвалюцыя і быў створаны ўрад Парыжскай Камуны, Урублеўскі, як і многія іншыя яго суайчыннікі, актыўна падтрымаў рэвалюцыйныя памкненні парыжан.

У гэтым выступе ён бачыў «сацыяльную рэвалюцыю, якая пры поспеху можа перакуліць увесь парадак, што існуе цяпер у Еўропе...». У званні палкоўніка (атрымаў напярэдадні паўстання) Урублеўскі прапанаваў камунарам свае паслугі і план вайсковых дзеянняў. Неўзабаве яму было прысвоенае званне генерала, і ён узначаліў адно з трох рэвалюцыйных войскаў, якое абараняла паўднёвую частку Парыжа. У баях Урублеўскі паказаў сябе ўмелым, разважлівым і прадбачлівым палкаводцам і змагаўся на чале войска да апошняга дня існавання Парыжскай камуны.

Апошнія гады жыцця ён правёў ва Уарвіле (каля Парыжа) у доме былога камунара і земляка Г. Геншынскага. Пахаваны ў Парыжы на могілках Пэр-Лашэз, каля сцяны Камунараў.

Памёр 5 жніўня 1908 году.

У гонар генерала названы вуліцы ў Катавіцах і Горадні.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках