19 красавiка 2024, Пятніца, 9:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы паабяцалі фантастычную хуткасць інтэрнэту

9
Навукоўцы паабяцалі фантастычную хуткасць інтэрнэту

Чалавецтву патрэбныя ўсе больш хуткія спосабы перадачы інфармацыі.

У гэтым святле асабліва перспектыўнымі выглядаюць шматколерныя лазеры, піша newsyou.info.

Згодна з разлікамі, якія прыводзіць Ars Technica, тэхналогія дазволіць перадаваць праз адно валакно больш звестак, чым сёння цыркулюе ва ўсёй аптычнай сетцы. Спажыванне энэргіі пры гэтым не вырасце.

Інтэрнэт-трафік расце, а разам з ім павялічваецца патрэба ў электраэнэргіі. Ужо сёння на перадачу звестак траціцца да 8% усёй вырабленай людзьмі электрычнасці. Каб і далей нарошчваць аб'ёмы трафіку без ціску на энэргасістэмы і навакольнае асяроддзе, неабходныя кардынальна новыя знаходкі.

Адной з іх можа стаць аптычная сувязь на аснове лазераў. Калі падзяліць звесткі на некалькі колераў – гэты працэс называецца мультыплексаванне з падзелам па даўжыні хвалі – праз адно оптавалакно можна будзе перадаваць нашмат больш інфармацыі. На жаль, для кожнага колеру спатрэбіцца ўласны лазер, так што з павелічэннем прапускной здольнасці вырасце і спажыванне энэргіі.

Аднак з гэтага замкнёнага кола ёсць выйсце. Яно ў выкарыстанні шматколерных лазераў. Такія прылады ўжо існуюць: сярод іх лазер з падтрымкай 11 колераў, створаны ў Сандыйскіх нацыянальных лабараторыях (ЗША).

Паколькі самі лазеры не могуць генераваць многія з неабходных колераў, даследчыкі звяртаюцца да шэрагу тэхнічных хітрыкаў. Напрыклад, калі пусціць прамень па тонкім валакне дыяметрам 300 нм, ён сканцэнтруецца і стане вельмі яркім. Святло такой інтэнсіўнасці прымусіць матэрыял валакна рэагаваць, што на выхадзе афарбуе прамень у новыя колеры. У тэорыі гэтая методыка дазваляе генераваць да 80 колераў з дапамогай аднаго лазера, аднак практычных даследаванняў яшчэ не было.

Хуткасць перадачы з дапамогай аднакаляровага лазера можа дасягаць 320 Гбіт/c. Аднак калі гэтых колераў 80, то лік вырастае да 25 Тбіт/c. Далей, пад адной абалонкай можа быць да 30 аптычных валокнаў.

Гэта значыць, што адзінае валакно можа забяспечыць хуткасць да 768 Тбіт/с. Улічваючы, што звесткі перадаюцца з некаторым лішкам, які дазваляе пазбегнуць памылак, чыстую хуткасць можна ацаніць на 661 Тбіт/c.

Гэта неймаверны лік. Паводле некаторых звестак, сёння такая прапускная здольнасць ўсёй аптычнай сеткі Зямлі.

Шматколерны лазер будзе спажываць усяго 5% энэргіі, якая патрабуецца для працы 80 аднакаляровых аналагаў. Такім чынам, за фантастычную хуткасць не давядзецца расплачвацца павялічанымі выдаткамі на электраэнэргію. А пры выкарыстанні ў дата-цэнтрах тэхналогія дазволіць значна скараціць энэргаспажыванне.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках