19 красавiка 2024, Пятніца, 7:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскі погляд на «інсульт» Лукашэнкі

55
Расейскі погляд на «інсульт» Лукашэнкі

Расейскі палітолаг, былы жыхар Беларусі мяркуе, што ў краіне здарыўся «палітычны Армагедон».

Погляд палітолага, намесніка дэкана факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі НДУ ВШЭ Андрэя Суздальцава з імперскіх пазіцый, але думаем, што нашым чытачам ён будзе цікавы.

З'яўленне 1 жніўня Аляксандра Лукашэнкі на экране Беларускага тэлебачання стала палітычнай сенсацый, якая дазволіла ўладам краіны закончыць інтрыгу з прэзідэнцкім «інсультам». Але з іншага боку скандал пакінуў палітычнае поле Беларусі ў такім жаласным стане, нібы на ім быў зроблены выбух віртуальнай ядзернай бомбы. Зразумела, што наступствы гэтай авантуры, ад аўтарства якой цяпер усе спрабуюць адхіснуцца, могуць стацца такімі доўгачасовымі і маштабнымі, што ў выніку рана ці позна выльюцца ў паўнавартасны транзіт улады ў краіне, піша Андрэй Суздальцаў на сайце politoboz.com.

Інтрыга

Для раскрыцця такой незвычайнай і палітычна небяспечнай інтрыгі, якая здарылася ў канцы ліпеня ў Менску, давядзецца свядома парушыць храналогію падзей, якая, дарэчы, добра вядомая. 25 ліпеня – 30 ліпеня: беларускі кіраўнік знік з інфармацыйнага поля; 30 ліпеня: вельмі непераканальны выступ прэс-сакратаркі прэзідэнта РБ; 31 ліпеня: кабінетны і вельмі непераканальны відэасюжэт; 1 жніўня: А. Лукашэнка ў чорных акулярах і без гадзінніка, але ў полі – краіна глядзіць.

Не будзем хаваць, кадры ад 31 ліпеня (прыём у кабінеце), разглядалі літаральна праз мікраскоп і выснова адназначная: А. Лукашэнка перажыў нейкае некрытычнае недамаганне... Адначасна варта было б адзначыць, што прэзідэнцкія грымёры цалкам могуць падпрацоўваць тынкоўшчыкамі...

Мабыць на фоне нядужання і была прынятая пастанова выкарыстоўваць гэты факт для магчымага ўхілення ад сустрэчы з прэзідэнтам Расеі.

У кусты

Спроба ўхіліцца ад сустрэчы з прэзідэнтам краіны-спонсаркі і партнёркі ў інтэграцыі на самай справе важнейшая за вынікі самога саміту, бо не толькі сігналізуе, што ў беларускага боку няма аргументнай базы для захавання ранейшай утрыманскай мадэлі саюзнай дзяржавы, але і паказвае, што ў стасунках паміж краінамі наспеў поўнамаштабны крызіс. Але ў гэтым выпадку нельга пытанне абмяжоўваць толькі двухбаковымі расейска-беларускімі стасункамі.

Развязанне праблемаў краіны ў Маскве – найважнейшая, калі не адзіная функцыя кіраўніка беларускай дзяржавы. Калі кіраўнік Беларусі гэтыя праблемы не развязвае, то краіне такі прэзідэнт не патрэбны. Вельмі сімвалічна, што 1 жніўня на адным з беларускіх інтэрнэт-форумаў з'явіўся каментар пра сюжэт з Лукашэнкам на ўборачнай: «Яму не па палях трэба швэндацца, а ў Сочы ляцець праблемы развязваць!» – рэальны, так бы мовіць народны «наказ».

У гэтым выпадку аўтару радкоў неабходна прызнацца чытачам у тым, што ў Маскве чакалі, што А. Лукашэнка пачне шукаць падставы для таго, каб адкласці размову з У. Пуціным.

Інсульт

Не хочацца думаць, што менавіта слова «інсульт» было ўкінутае ў інфармацыйнае асяроддзе з нетраў беларускай улады. Рэч у тым, што інсульт ў любой форме азначае змену ўлады, бо не можа чалавек пасля такога страшнага дыягназу паўнавартасна выконваць функцыі кіраўніка дзяржавы. Хутчэй за ўсё, «выцечка» тычылася выключна «нядужання», бо хочацца думаць, што ў асяроддзі А. Лукашэнкі ўсё ж такі не ўсе ідыёты. Аднак і ў гэтым выпадку ніякіх «выцечак» дазваляць было катэгарычна нельга (стратэгічная памылка), бо далей спрацаваў «сапсаваны тэлефон» паводле прынцыпу «чую тое, што вельмі хочацца».

Урадавым паліттэхнолагам неабходна было прадумаць, што сваёй «выцечкай» яны проста па-снайперску патрапілі ў эпіцэнтр настрояў і чаканняў насельніцтва краіны. Аднак паліттэхнолагі, арыентуючыся выключна на Маскву, ігнаравалі ўсю тую нянавісць, што адчуваюць грамадзяне РБ да свайго нязменнага прэзідэнта.

Між тым не з'яўляецца таямніцай, што сярод насельніцтва паступова сфармавалася меркаванне, што змяніць А. Лукашэнку шляхам выбараў немагчыма (усе роўна вынікі падтасуюць), майданам / мяцяжом не атрымаецца (буйных мала), вонкавымі намаганнямі не дачакаешся (навошта і каму з вонкавых сілаў гэта трэба?). Самім страшна, лепш сядзець на кухнях і лаяць Расею, якая не хоча рабіць беларусам добра... Застаецца чакаць натуральны вынік. Так што запушчаная чутка трапіла ў кропку. Яе чакалі. Далей пачалася вакханалія...

Запусцілі чутку і супакоіліся. Абстаноўка сярод насельніцтва стала разгарацца. І вось панядзелак: Менск поўны чутак, ля пад'ездаў, на прыпынках транспарту, у метро, трамваях і тралейбусах / аўтобусах, у крамах, у офісах і працоўных памяшканнях, у электрычках і нават у аэрапорце толькі і казалі пра інсульт. Праца ў сталіцы стала відавочна тармазіць і да ўладаў стала даходзіць, што калі не ўмяшацца, то да вечару народ пачне скупляць алкаголь скрынкамі і пачне святкаванне. А некаторыя ўжо і пачалі...

Больш за тое, мабыць, у беларускага кіраўніцтва ўсё ж такі ўзнікла разуменне, што крытычная маса склалася і яшчэ літаральна адна нават неправераная чутка можа сарваць мільёны людзей спачатку ў Свята абнаўлення, якое вельмі хутка перарасце ў Свята непаслушэнства – рэальную рэвалюцыю. Зразумела, што следам абавязкова прыйдзе палітычная дэстабілізацыя з усімі прыкметамі анархіі.

Рэакцыя ўладаў не замарудзіла. У другой палове дня 30 ліпеня прэс-сакратарка прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант пагардлiва сказала: «Магу адказаць на гэта толькі словамі “трызненне”».

Што гэта было?

Падвядзем вынікі. Можна казаць, што з 25 ліпеня да 1 жніўня ў Беларусі здарыўся сапраўдны крызіс кіроўчага клану, у сутнасці – палітычны Армагедон, які прадэманстраваў поўную безгрунтоўнасць беларускіх уладаў. Інтрыгу можна меркаваць паўнавартасным тэстам, і ён паказаў, што краіна жыве інэрцыяй, яе інстытуты непрацаздольныя, легальны механізм перадачы ўлады адсутнічае і г.д. У выпадку палітычнага форс-мажору ўсё гэта вынікуе палітычны крызіс.

Не таямніца і тое, што ў кіраўніцтве Беларусі актыўна змагаюцца дзве асноўныя групоўкі, адна з якіх сфармаваная вакол Уладзіміра Макея. У апошнія месяцы ўсё больш небяспечнай становіцца трэцяя групоўка, якая прыкрываецца адным са знакавых чальцоў прэзідэнцкай сям'і. Зразумела, што ў выпадку найменшай замінкі і сумневаў у дзеяздольнасці А. Лукашэнкі, сутычка паміж гэтымі ўладнымі фракцыямі будзе імгненнай і не на жыццё, а на смерць. Страчваць ім у прынцыпе няма чаго, а загадзя іх "развесці" А. Лукашэнка не ў сілах.

Сама беларуская ўлада дэградавала і занятая толькі самавыжываннем. З гэтай прычыны яна абсалютна авантурыстычная, жыве паводле прынцыпу «Дзень прастаяць, ды ноч пратрымацца».

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках