29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Кара-Мурза: Беларусь ды Расея вызваляцца ад дыктатур

9
Уладзімір Кара-Мурза: Беларусь ды Расея вызваляцца ад дыктатур
УЛАДЗІМІР КАРА-МУРЗА

Рэжымы Лукашэнкі і Пуціна падобныя, і канец у іх будзе аднолькавы.

Беларусь апярэджвае Расею ў тэрмінах і тэмпах пабудовы таталітарнага рэжыму, у той час як абедзве сфармаваныя ў Расеі і Беларусі сістэмы з'яўляюцца анамаліямі ў варунках XXI-га стагоддзя. Такі пункт гледжання ў інтэрв'ю сайту Charter97.org выказаў намеснік расейскага апазіцыйнага руху «Адкрытая Расія» Уладзімір Кара-Мурза.

З ягоных слоў, realpolitik, якая праводзіцца шэрагам краін і палітыкаў, з'яўляецца цынічнай і крывадушнай, але ў той жа час сярод заходняга істэблішменту яшчэ дастаткова палітыкаў, якія цвёрда прытрымліваюцца прынцыпаў і каштоўнасцяў заходняй дэмакратыі.

У размове расейскі апазіцыянер адзначыў адзін цікавы момант. Упершыню кропкавыя персанальныя санкцыі Захаду былі апрабаваныя на рэжыме Лукашэнкі, а потым гэты ж прынцып лёг у аснову «закона Магніцкага».

- На фоне Украіны і Расеі Беларусь не выглядае галоўнай актуаліяй для заходніх краін, аднак, для гэтага рэгіёну – гэта вельмі важная краіна, бо, з аднаго боку – асноўны хаўруснік Расеі, з другога боку – сусед, з якім Літва, Латвія, Польшча, нягледзячы на парушэнні правоў чалавека і аўтарытарную сутнасць рэжыму Лукашэнкі, падтрымліваюць эканамічныя сувязі. Як вы бачыце сітуацыю ў Беларусі і дачыненні Расеі і Беларусі?

- Перш за ўсё, трэба сказаць, што Беларусь нас апярэджвае ў тэрмінах і тэмпах пабудовы таталітарнага рэжыму. Там усё пачалося на пяць гадоў раней, чым у Расеі. Я памятаю, як у сярэдзіне дзевяностых гадоў да нас у Маскву прыязджалі беларускія дэмакраты і яны проста дыхалі паветрам свабоды. Іх запрашалі на тэлевізійныя ток-шоў, яны сустракаліся з дэпутатамі Дзяржаўнай думы. У Расеі ў дзевяностыя гады тады яшчэ таксама вольна дыхалася, тэлевізія не была падцэнзурнай, парламент быў месцам для дыскусій, быў сапраўдны плюралізм меркаванняў у грамадстве.

А ў Беларусі ўжо з 1994-95 і асабліва з 1996 года, пасля так званага рэферэндуму паводле новай канстытуцыі, стаў устанаўлівацца сапраўдны аўтарытарны рэжым. Быў знішчаны парламент, зачышчаныя асноўныя СМІ. У будучым годзе насамрэч спаўняецца чвэрць стагоддзя з таго моманту, як былы старшыня калгаса Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка прыйшоў да ўлады. Думаю, што ніхто ў страшным сне не мог сабе гэтага ўявіць. А праз 5-6 гадоў у нас пачалося тое ж самае.

Ёсць пэўны парадокс. У Пуціна і Лукашэнкі дастаткова напружаныя асабістыя стасункі, Пуцін Лукашэнкі вельмі не любіць, пры гэтым усе асноўныя рысы палітычнага рэжыму, які Пуцін пачаў ствараць у Расеі, ва ўсіх асноўных рысах дасканала паўтарае тое, што Лукашэнка зрабіў у Беларусі. І ў нейкі момант, як гаворыцца, вучань ужо стаў перасягаць настаўніка.

Я памятаю, як адносна нядаўна быў момант, калі ў Беларусі многіх палітычных зняволеных адпусцілі на свабоду і іх засталася не такая вялікая колькасць, як раней, а ў Расеі палітвязняў станавілася ўсё больш і больш. Цяпер, паводле звестак праваабарончага цэнтра «Мемарыял», у РФ больш за 180 палітычных і рэлігійных зняволеных, якія знаходзяцца ў турмах. Гэтая лічба ўжо цалкам параўнальная з познім савецкім перыядам. Таксама доўгі час Беларусь называлі апошняй дыктатурай Еўропы, але з пэўнага часу гэтая фраза не адпавядае рэчаіснасці, бо пасля прыходу да ўлады Уладзіміра Пуціна і ўмацавання ягонага рэжыму ў Расеі ў Еўропе стала ўжо як мінімум дзве дыктатуры.

- Чым адна для другой у гэты момант з'яўляюцца Беларусь для Расеі ды Расея для Беларусі?

- Зноў жа тут мы бачым парадаксальны момант. Стасункі паміж кіраўнікамі, а дакладней дыктатарамі (трэба называць рэчы сваімі імёнамі), не занадта добрыя. Пры гэтым мы назіраем хаўрус па разліку. Магчыма, яны не вельмі і самі радыя, што існуюць такія залежныя дачыненні, але абодва рэжымы з прыходам Пуціна да ўлады вымушаныя падтрымліваць гэты хаўрус. Акрамя таго, існуе створаная ў канцы 1990-х так званая саюзная дзяржава Расеі і Беларусі і хтосьці, магчыма, скажа, што фармальна Расея і Беларусь - наогул адна дзяржава. Але мы разумеем, што гэта прафанацыя. З досведу сяброў і калег магу сказаць, што адзіны пазітыўны сэнс гэтай так званай саюзнай дзяржавы палягае ў наступным: гэта дазваляе прадстаўнікам апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, якім рэжымы ў Расеі і Беларусі забараняюць выезд са сваіх краін, карыстацца для выезду суседняй краінай. Многія беларускія апазіцыянеры, калі Лукашэнка забараняе ім выезд, едуць у Маскву і адтуль вылятаюць ужо, куды ім трэба. І апошнім часам ёсць людзі (я іх асабіста ведаю, і ім забаронены выезд з РФ), якія выязджаюць за мяжу праз Беларусь. Так што даводзіцца прызнаць, што хоць які-небудзь станоўчы сэнс у гэтай так званай саюзнай дзяржаве ўсё ж ёсць.

- На мінулым тыдні ў Беларусі затрымалі журналістаў і правялі ў рэдакцыях і кватэрах ператрусы ў краіне. Як, на вашу думку, гэта варта расцэньваць?

- На жаль, нічога новага і дзіўнага тут няма. Аўтарытарныя рэжымы па вызначэнні з'яўляюцца ворагамі журналістыкі і свабоды слова, свабоды СМІ. Як правіла, аўтарытарныя рэжымы пачынаюць з барацьбы са свабодай слова, бо больш за ўсё баяцца разгалошвання сваіх дзеянняў. У свой час так жа пачаў у свой час рэжым Лукашэнкі. Мы памятаем белыя палосы газет у сярэдзіне дзевяностых, а потым незалежныя СМІ былі проста знішчаныя лукашэнкаўскім рэжымам.

Калі вярнуцца да паралеляў, у Расеі гэта адбылося ў першыя гады кіравання Пуціна. Федэральныя тэлеканалы былі альбо закрытыя, альбо захопленыя дзяржавай. Тое, што мы бачым у абедзвюх краінах – гэта спробы дабіць апошнія маленькія выспачкі свабоды СМІ. Скажам, калі 15-17 гадоў таму пуцінскае кіраўніцтва знішчала незалежныя федэральныя тэлевізійныя каналы, то сёння пуцінская генеральная пракуратура спрабуе блакаваць ужо незалежныя інтэрнэт-сайты з наведвальнасцю некалькі дзясяткаў тысяч.

Тое ж самае мы бачым у Беларусі. 20 гадоў таму ціснулі на буйныя незалежныя СМІ, сёння буйных незалежных СМІ ў Беларусі практычна не засталося. А на тыя, што засталіся сёння, спрабуюць націснуць, дабіць, выкарыстоўваючы крымінальную, судовую і так званую праваахоўную сістэму для нападу на журналістаў. Што мы і бачылі ў апошнія дні – ператрусы, арышты і крымінальныя справы ў дачыненні да супрацоўнікаў незалежных СМІ.

- Чаму, на вашу думку, нягледзячы на тое, што ў Беларусі ўжо доўгі час нічога не змяняецца, рэпрэсіі прадаўжаюцца, краіны Захаду ўсё адно спрабуюць ісці на збліжэнне з рэжымам?

- Як заўсёды, з боку Лукашэнкі мы бачым даволі хітрае манеўраванне, калі ён выкарыстоўвае гэтую патэнцыйную магчымасць збліжэння з Захадам у якасці інструмента шантажу пры размове з Крамлём. Тут таксама нічога новага няма, бо ён даўно так паступае. На жаль, часам Захад адказвае ўзаемнасцю. Мы памятаем, што, нягледзячы на санкцыі, Лукашэнка ездзіў у Аўстрыю катацца на лыжах, у Літву з візітам. І тут таксама нічога дзіўнага няма. Гэта так званая realpolitik, адэпты якой называюць яе прагматычнай, а напраўду яна з'яўляецца цынічнай і крывадушнай, бо заплюшчваюцца вочы на парушэнні правоў чалавека, усіх базавых дэмакратычных прынцыпаў прававой дзяржавы дзеля нейкіх нібыта стратэгічных і геапалітычных мэтаў.

Мы гэта бачым з боку многіх заходніх лідараў і ў дачыненні да Лукашэнкі і Беларусі, і ў дачыненні да пуцінскай Расеі, калі Пуціна прымалі ў заходніх краінах з распасцёртымі абдымкамі, нягледзячы на тое, што ў Расеі наогул знішчалася свабода СМІ, палітычная апазіцыя, пачыналіся палітычныя пераследы. Роўна тое, што мы бачым і сёння, дзейнічае старая, не намі прыдуманая формула: сукін сын, але наш сукін сын. Але, на шчасце, трэба сказаць, у заходніх краінах яшчэ дастаткова палітыкаў, якія стаяць на прынцыповых пазіцыях, для якіх каштоўнасці і прынцыпы – гэта не пустыя словы. І калі мы з вамі гаворым аб паралелях паміж рэжымамі Пуціна і Лукашэнкі, важна адзначыць, што ў прынцыповай палітыцы Захаду таксама ёсць паралелі.

Прынцып персанальнай адказнасці, пры якім міжнародныя санкцыі павінны насіць не агульны характар у дачыненні да ўсёй краіны і ўсіх грамадзян, а персанальных захадаў у дачыненні да канкрэтных парушальнікаў правоў грамадзян і карупцыянераў, быў спачатку ўжыты ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. У 2004 годзе Кангрэс ЗША прыняў закон аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі, які ўстанавіў прынцып персанальных санкцый і адказнасці. То бок, чыноўнікаў рэжыму Лукашэнкі, якія маюць дачыненне да парушэнняў правоў грамадзян Беларусі, быў забаронены ўезд у ЗША, магчымасць валодаць актывамі на тэрыторыі ЗША. Гэты прынцып праз шмат гадоў быў пакладзены ў аснову «закона Магніцкага», які быў прыняты ў 2012 годзе і ўстанавіў персанальную адказнасць парушальнікаў правоў чалавека з ліку чыноўнікаў пуцінскага рэжыму ў Расеі.

Так што важна адзначыць, што, нягледзячы на сумную традыцыю realpolitik у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і Пуціна, сярод прадстаўнікоў заходняга істэблішменту яшчэ дастаткова людзей, для якіх каштоўнасці і прынцыпы – гэта не пусты гук і хто гатовы іх бараніць, ужываючы ў тым ліку нейкія захады персанальнай адказнасці для тых, хто парушае правы грамадзян.

- Як у вашым апазіцыйным руху фармулююць дачыненні з Беларуссю, якія павінны быць у ідэале, а не пры цяперашняй уладзе?

- Мы суседзі, у нас вельмі шмат агульнага ў культуры, гісторыі і менталітэце. Я ўпэўнены, што надыдзе дзень, калі Расея і Беларусь вызваляцца ад гэтых дыктатур, калі ў Еўропе наогул больш не будзе дыктатур, і нашы краіны змогуць устанавіць нармальныя партнёрскія стасункі, заснаваныя на ўзаемнай павазе і захаванні інтарэсаў адзін аднаго, як і павінна быць у нармальных суверэнных краінах. Я ўпэўнены, што гэты дзень надыдзе. Мы не ведаем, калі гэта адбудзецца і не займаемся прадказаннямі, а рыхтуемся.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках