20 красавiка 2024, Субота, 0:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мацвей Ганапольскі: Прызначэнне Бабіча - гэта асабістая ганьба Лукашэнкi

85
Мацвей Ганапольскі: Прызначэнне Бабіча - гэта асабістая ганьба Лукашэнкi
МАЦВЕЙ ГАНАПОЛЬСКІ

Дыктатар пагадзіўся на крок, які наносіць шкоду незалежнасці Беларусі.

24 жніўня новым амбасадарам Расеі ў Беларусі прызначаны Міхаіл Бабіч – чыноўнік, якому два гады таму Украіна адмовілася даць агрэман на прызначэнне ў Кіеў, паведамляе «Радыё Свабода».

Інфармацыя пра кандыдатуру 49-гадовага Міхаіла Бабіча, які павінен быў замяніць на пасадзе кіраўніка расейскай дыпмісіі 78-гадовага Аляксандра Сурыкава, хадзіла больш за месяц. Але толькі пасля таго, як 22 жніўня Лукашэнка прыляцеў у Сочы да Уладзіміра Пуціна, пастанова была прынятая.

Чым выкліканае жаданне Крамля паслаць у Менск дасведчанага сілавіка, які кантраляваў палітычныя працэсы ў Чачні і ўдзельнічаў у пастанове пра анэксію Крыма, адказвае вядомы ўкраінскі і расейскі журналіст Мацвей Ганапольскі.

Доўгі час Ганапольскі працаваў у недзяржаўных СМІ Расеі, але з 2014 года, з пачаткам акупацыі Крыма і вайны на Данбасе, пераехаў ва Украіну, вядзе аўтарскія праграмы на радыё і тэлебачанні.

ФОТА: TACC

Лукашэнку даціснулі ў Сочы

– Мацей, для Украіны асоба Міхаіла Бабіча непажаданая ўжо таму, што ў статусе чальца Рады бяспекі Расеі ён галасаваў за анэксію Крыма. Украінскія эксперты наўпрост заяўлялі: прафесійны дыверсант і кандыдат Крамля для ўзаемадзеяння з сепаратыстамі Данбасa. А ў чым, на Ваш погляд, палітычны падтэкст ягонага прызначэння ў Беларусь?

– Прызначэнне Бабіча – гэта, вядома, узмацненне кантролю Масквы над Менскам. Вядома, што Кіеў у свой час адмовіўся ад паслуг крамлёўскага сілавіка, які быў такім «гасударавым» пуцінскім вокам у Чачні, не пусціў яго на сваю тэрыторыю. А вось Менск, як бачым, даціснулі, Лукашэнку нахілілі.

Натуральна, трэба разумець, што Украіна і Расея ў стане вайны, таму ўкраінскае кіраўніцтва можа прадэманстраваць свой характар. Але відавочна, што былі пытанні і з боку Беларусі, прынамсі супраціў гэтай кандыдатуры быў дастаткова доўгім.

Відаць, што толькі падчас асабістых гутарак Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы атрымалася канчаткова дамовіцца. І сведчыць гэта пра тое, што не столькі Лукашэнка іншы, колькі статус Беларусі ў складзе так званай «саюзнай дзяржавы» моцна адрозніваецца ад статусу Украіны.

Крамлёўская аплявуха Лукашэнку

– У расейскіх палітычных колах прызначэнне апаратна ўплывовага чалавека на стратэгічна важны напрамак называецца цалкам лагічным – таксама з спадзяваннем, каб не дазволіць беларускага Майдану.

– Безумоўна, з'яўленне ў Менску Бабіча – гэта шматпрофільнае і шматразовае ўзмацненне, прабачце, калі не спадабаецца, сачэння за ўсімі сферамі жыцця ў Беларусі. Гэта не проста канстатацыя факту, гэта азначае, што Пуцін не зусім давярае Лукашэнку. Для Лукашэнкі такая сітуацыя ганебная. З аднаго боку, ён ведае, што на Бабічу няма дзе кляйма ставіць, з другога – вымушаны з усім згаджацца.

А ўвогуле, што Пуцін ні рабіў бы, ён гэта робіць самым зневажальным чынам для сваіх партнёраў. Думаю, што Лукашэнка, вонкава пагадзіўшыся, успрыняў гэта як чарговую аплявуху.

Не бяруся меркаваць, якія аргументы прывёў Пуцін беларускаму калегу ў Сочы, але трэба разумець адно. Калі дзяржаўны лідар не хоча, каб нейкі канкрэтны чалавек быў куратарам ягоных дзеянняў, а яму настойліва кажуць – не, усё роўна будзе ён – то гэта тая саломінка, якая можа зламаць хрыбет аслу.

– Цi магло так здарыцца, што такі чалавек спатрэбіўся Крамлю ў адказ на геапалітычныя манеўры Менскa? Не маючы ранейшай фінансавай падтрымкі з Расеі, Лукашэнка часцей паглядае на Захад, развівае супрацоўніцтва з Кітаем, Украінай.

МІХАІЛ БАБІЧ
ФОТА: PFO.GOV.RU

– Сапраўды, на фоне ўжо амаль дыяметральных уцёкаў Беларусі ад Расеі, усё больш асэнсаванага напрамку ў бок Украіны ці нават Кітая – так, гэта таксама рэакцыя Лукашэнкі на залішне дакучлівую апеку Крамля.

У гэтым сэнсе прызначэнне Бабіча – як аплявуха за непаслушэнства. Ну што зробіш? Як ёсць спіс добрых дзеяў, сапраўды гэтак жа існуе спіс абразаў. Перакананы, што Лукашэнка ўсё гэта не забудзе.

Ганьба перад тварам апазіцыі

– Думаеце, расейскі амбасадар будзе даваць у Менску свае распараджэнні?

– Не думаю, што пытанне стаіць менавіта так. Вядома, смяяцца з гэтага можна, аднак рэакцыя з боку Лукашэнкі ўсё ж павінна быць больш глыбіннай. Можа, беларускім жартаўнікам і да смеху, але Лукашэнку ў гэтай сітуацыя напэўна не весела.

Разумееце, сачыць за Беларуссю можна пры дапамозе абсалютна любога супрацоўніка расейскай амбасады. Ды і не толькі.

Мяркую, як мінімум кожны пяцісоты жыхар краіны – не палічыце за абразу вялікага беларускага народа – з'яўляецца агентам КДБ ці ФСБ. Пацвердзіць гэта магу на прыкладзе Украіны, дзе ледзь не палова генералітэту да пачатку ўкраінска-расейскай вайны проста злівала інфармацыю ў Маскву. Я ўжо не кажу пра тое, што ўкраінскія спецслужбы кантраляваліся расейскімі спецслужбамі.

– Падводзячы вынікі: мэта прызначэння Бабіча – публічна зняважыць Лукашэнку?

– Абсалютна, бо для беларускай сітуацыі відавочнае пазёрства Пуціна і такое публічнае прыніжэнне Лукашэнкі. І калі шараговым грамадзянам збольшага ўсё адно, то ў беларускім палітыкуме не ўсё роўна. Тое, што Пуцін нахіліў, зламаў Лукашэнку ў той сочынскай гутарцы, выстаўляе яго як абсалютна несамастойную фігуру.

І гэта ягоная асабістая ганьба перад беларускай апазіцыяй, людзьмі, якія мяркуюць, што Беларусь павінна аддаляцца ад Расеі. Самае галоўнае, ён пагадзіўся на крок, які наносіць безумоўную шкоду незалежнасці і суверэнітэту дзяржавы.

Напісаць каментар 85

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках