4 траўня 2024, Субота, 8:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З'явіліся новыя падрабязнасці забойства міліцыянта ў Бабровічах

З'явіліся новыя падрабязнасці забойства міліцыянта ў Бабровічах
ФОТА: СК

За тры дні да трагедыі стралок сфатаграфаваў, як участковы браканьерыць на возеры.

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці інцыдэнту ў вёсцы Бабровічах Івацэвіцкага раёна, які адбыўся 17 жніўня. Праз канфлікт загінуў супрацоўнік міліцыі і яшчэ адзін быў паранены. Стралком апынуўся 57 гадовы мясцовы жыхар Сяргей Дзячок, паведамляе «Еўрарадыё».

Мясцовыя жыхары кажуць, што паміж стралком і забітым участковым за некалькі дзён да гэтага адбыўся асабісты канфлікт праз незаконную рыбалку на возеры. Пра гэта паведаміў пляменнік стралка Сямён Дзячок:

«Гэты ўчастковы з нейкім сваім сваяком ставіў сеткі на возеры. Сярод белага дня. Сяргей глядзеў у бінокль за імі. І калі гэты ўчастковы выйшаў на бераг, дзядзька да іх падышоў і спытаў: «Ну што, як парыбачылі? Я вас зняў!» Пачалася сварка, участковы яму сказаў, што праз тры дні забярэ дзядзьку ў псіхічную лякарню. Гэта Сяргей да стральбы паспеў распавесці суседцы сваёй, што ўсё сфатаграфаваў. Вось толькі незразумела, на тэлефон або на фотаапарат».

Пакуль не зразумела, на што канкрэтна сфатаграфаваў Сяргей. Са слоў ягонага пляменніка, у дзядзькі быў вельмі круты фотаапарат, з якасным зумам. Дарэчы, тэлефоны былі канфіскаваныя следствам. Фотаапарат пакінулі, толькі карту памяці забралі.

У Следчым камітэце ведаюць аб версіі з асабістым канфліктам, аб гэтым запэўнівае прадстаўнік Следчага камітэта Дзмітрый Іванюк:

«Следства ў курсе, што мясцовыя кажуць пра канфлікт з рыбалкай на возеры. Але гэта будзе ўстанаўлівацца падчас расследаванняў. Таксама было канфіскавана некалькі тэлефонаў. Іх аддадуць на экспэртызу».

Зноў жа, са слоў мясцовых жыхароў, Сяргей увесь час пісаў скаргі на мясцовых міліцыянтаў, у тым ліку на загінулага ўчастковага. Скардзіўся на браканьерства на возеры і беззаконне з боку міліцыі. У Івацэвіцкім УУС адмовіліся казаць, ці былі такія скаргі.

Знаёмыя характарызуюць Сяргея Дзячка, як чалавека са складаным характарам, няпростага. Ён быў нелюдзімым, ні з кім не камунікаваў. Адзіночка. Быў жанаты, але шлюб распаўся.

Мясцовыя жыхары кажуць, што хоць Сяргей нідзе не працаваў, ён не апусціўся. Дом і пляц трымаў у парадку. Зусім не піў. Нейкі час ён прыглядаў за маці, аформіў за ёй догляд. На пенсію маці і грошы, якія выдаваліся за догляд, яны і жылі. Потым маці забрала сястра, са слоў пляменніка Сямёна, той спатрэбіліся ўколы, а Сяргей не ўмеў іх рабіць. Апошнія некалькі гадоў зарабляў тым, што збіраў ягады і прадаваў іх.

Як даведаліся журналісты, у вёску Бабровічы да стралка Сяргею Дзячка прыехалі тры міліцыянты, хоць усюды згадваюцца толькі двое:

«У чалавека была стрэльба, яна была зарэгістраваная. Вось яны прыехалі правяраць, як яна захоўваецца. Гэта робіцца перыядычна. Прыехалі два ўчастковыя і міліцыянт, які вядзе кантроль за захоўваннем агнястрэльнай зброі», - распавядае прадстаўнік управы ўнутраных спраў Берасцейскага аблвыканкама Сяргей Дучэнка.

Участковыя не былі мясцовыя. Свайго ўчастковага ў гэтага раёне няма, таму гэтая тэрыторыя была аддадзеная іншаму супрацоўніку міліцыі, які курыруе сумежны раён. Гэта загінулы Ігар Лукашэвіч.

ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Супрацоўнікі міліцыі, як кажуць прадстаўнікі мясцовага УУС, прыехалі нібыта з планавай праверкай, але цяпер следства будзе гэта правяраць:

«Будзе праверана, ці была гэта планавая праверка, ці вызваная паводле скаргі. Да нас мясцовыя падыходзілі і казалі, што ён там вуліцай са стрэльбай хадзіў. Таму цяпер з гэтым разбяруцца следчыя, як там адбывалася. Але нашы супрацоўнікі прыехалі з планавай праверкай» , - тлумачыць прадстаўнік УУС Сяргей Дучэнка.

Але навошта адразу трох міліцыянтаў адправілі да аднаго чалавека? Ці гэта распаўсюджаная практыка?

Паляўнічы Аляксандр Ачарэтні кажа, што да яго прыходзіць правяраць умовы захоўвання зброі толькі адзін участковы, і часцей за ўсё гэта адбываецца падчас аперацыі «Арсенал»:

«Скажу асабіста пра сябе. У мяне праверка адбываецца заўсёды ў час праходжання аперацыі «Арсенал». Да мяне прыходзіць адзін участковы. Адзін раз было, што ўчастковы прыйшоў з трыма курсантамі. Гэта зусім нічым не выбітная працэдура, калі яны аглядаюць сейф, у якім захоўваецца зброя, і боепрыпасы».

Прадстаўнік Следчага камітэта зняпраўджвае чуткі, што быццам бы стралок перад штурмам выкінуў стрэльбу з дому ў акно: «Гэтага дакладна не было. Яна была выяўленая падчас агляду ў доме», - запэўнівае прадстаўнік СК Дзмітрый Іванюк.

Інцыдэнт адбыўся 17 жніўня ў вёсцы Бабровічах. Міліцыянты прыехалі праверыць, як захоўваецца зброя ў мясцовага жыхара. Калі яны прыйшлі да яго дадому, гаспадар узяў паляўнічую стрэльбу і адкрыў агонь на паражэнне. Адзін участковы быў забіты, ягоны малады калега атрымаў раненні і цяпер знаходзіцца ў лякарні. Цяпер стралку пагражае смяротнае пакаранне.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках