4 траўня 2024, Субота, 16:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы скінуліся на дапамогу сям'і з Лоева, у якой забралі 3-месячнага першынца

48
Беларусы скінуліся на дапамогу сям'і з Лоева, у якой забралі 3-месячнага першынца
ФОТА: SVABODA.ORG

Чыноўнікі скарысталіся дэкрэтам Лукашэнкі №18, які супярэчыць Канстытуцыі.

Жыхарка Лоева Алеся Фаміных чакае вяртання свайго 3-месячнага сына, якога забрала ў прытулак дзяржава - праз беднасць бацькоў, паведамляе «Радыё Свабода». Пасля публікацый у СМІ неабыякавыя арганізацыі і беларусы дапамаглі бацькам.

Хто і як дапамог?

Юрыдычна. Праваабаронца Леанід Судаленка дапамог Алесі Фаміных скласці скаргу на імя старшыні Лоеўскага райвыканкама Веранікі Байковай - на дзеянні камісіі ў справах непаўналетніх.

«Гаворка ідзе пра неканстытуцыйнае адабранне дзіцяці з сям'і. Такое адабранне магчымае толькі паводле судовай санкцыі. Тут суд не дазваляў забіраць 3-месячнага хлопчыка, а чыноўнікі скарысталіся дэкрэтам №18. Ён супярэчыць Канстытуцыі», - кажа праваабаронца.

У скарзе маладая маці просіць райвыканкам скасаваць пастанову і вярнуць Максіма, а таксама зняць з бацькоў статус «абавязаныя асобы».

Леанід Судаленка нагадаў, што міжнароднае права забараняе ўсе тыпы дыскрымінацыі, у тым ліку паводле маёмаснай прыкметы. Менавіта праз беднасць чыноўнікі адабралі дзіця.

Маладую сям'ю ўжо наведалі судовыя выканаўцы, якія абавязалі Алесю і Андрэя выплаціць сумарна дзяржаве 280 рублёў за ўтрыманне іх сына ў Доме дзіцяці.

Маральна. «Мне тэлефанавалі шмат людзей, выказвалі падтрымку, абураліся дзеяннямі чыноўнікаў, абяцалі дапамагчы грашыма і рэчамі», - адзначыла Алеся.

Матэрыяльна. Многія людзі адгукнуліся на патрэбы маладой сям'і і пералічылі грошы на рахунак Алесі. Мясцовая ўлада запатрабавала, каб сям'я палепшыла жыллёвыя ўмовы, памяняла газавую пліту, правяла водаправод. Алеся і яе грамадзянскі муж Андрэй зрабілі сціплы рамонт, адрамантавалі печку і комін, набылі вазок, дзіцячыя рэчы, новую пліту. На водаправод не выстарчыла грошай, бо дзяржава абавязала бацькоў аддаваць грошы на ўтрыманне Максіма ў Доме дзіцяці.

На правядзенне водаправода 21 жніўня сродкі пералічыла Дабрачынная каталіцкая місія «Карытас-Міласэрнасць».

Rotary Club Minsk Сity цяпер займаецца зборам гуманітарнай дапамогі для сям'і - прадуктаў, цёплых рэчаў дзіцяці і маці, абутку, гігіенічных сродкаў.

«Да верасня мы прывязем дапамогу сям'і. Таксама мы будзем непасрэдна быць на сувязі з органамі апекі на тэму, як можна сістэмна падысці да развязання пытання «стварыць усе неабходныя ўмовы для знаходжання кожнага дзіцяці з маці», - сказала старшыня Rotary Club Minsk Сity Алена Бандарэнка.

Мясцовыя чыноўнікі наведалі сям'ю з чарговай камісіяй

21 жніўня дом Алесі і Андрэя зноў наведала камісія з выканкама. Са слоў Алесі, чыноўнікі абяцалі, што як толькі да дома будзе падведзеная вада - Максіма аддадуць. Мясцовыя камунальныя службы абяцаюць, што заўтра, 22 жніўня, пачнуць работы ў правядзенні водаправода.

Да цяжарнасці Алеся працавала прыбіральшчыцай, атрымлівала 200 рублёў. Яе грамадзянскі муж Андрэй не працаваў, стаяў на ўліку ў цэнтры занятасці. На новай працы, куды маладзён уладкаваўся рабочым, ён мае заробак блізу 200 рублёў. З гэтых грошай павінен цяпер аддаваць 70% на ўтрыманне сына.

Чыноўнікі наракалі на «запушчаны агарод». У Алесі была складаная цяжарнасць, яна шмат разоў ляжала ў лякарні. Пасля ў нованароджанага выявілі парок сэрца - таму маці з сынам больш за два месяцы правялі ў лякарні. Потым Максіма забралі ў Дом дзіцяці. Цяпер маладой маці дазваляюць бачыць немаўлятка толькі паўгадзіны на дзень.

Максім на пастанаўленне Лоеўскага райвыканкама стаў «непаўналетнім, які мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне», сям'я - «сацыяльна-праблемнай», бацькі - «абавязанымі асобамі».

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках