5 траўня 2024, Нядзеля, 13:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мастак з-пад Горадні: 14 гадоў шакуе мясцовых жыхароў сваім мастацтвам

Мастак з-пад Горадні: 14 гадоў шакуе мясцовых жыхароў сваім мастацтвам
ФОТА: ВАСІЛЬ МАЛЧАНАЎ/БЕЛСАТ

Міхаіл Тамп ператварыў свой вясковы домік у сапраўдную галерэю.

Міхаіл Тапм не круціцца ў багемным асяроддзі, не ладзіць выставы але размалёўвае даслоўна ўсё вакол сябе, ствараючы са свайго жытла сапраўдную мастацкую сядзібу, піша сайт тэлеканалу «Белсат».

ДОМ МАСТАКА МІХАІЛА ТАМПА Ў КАНЮХАХ. ФОТА – ВАСІЛЬ МАЛЧАНАЎ/БЕЛСАТ

Едучы праз вёску Канюхі, якая месціцца за 15 км ад Горадні, нельга не звярнуць увагу на шэраг яскравых карцін-плакатаў, якія проста стаяць у садзе. На старой яблыні вісіць белы конь з падковай, а пад ім надпіс «Конь мечтает о свободе, надоело в огороде». Побач Ленін з Купідончыкам і нейкай вядзьмаркай. За імі шымпанзэ, адзетае ў касцюм з гальштукам, з подпісам «О таком мечтают дамы, от него на сердце шрамы». На будынку вясковай хаты красуецца расейскі спявак Грыгорый Лепс.

ДОМ МАСТАКА МІХАІЛА ТАМПА Ў КАНЮХАХ. ФОТА – ВАСІЛЬ МАЛЧАНАЎ/БЕЛСАТ

Відаць, тут жыве такі ж неардынарны чалавек, – падумалі мы і пагрукаліся ў хату. Дзверы адчыніла жанчына, якая ахвотна правяла нас у пакой да гаспадара. На ўваходзе вісіць надпіс «Если к нам пришел с добром, кофейку тебе нальём». Мы з дабром, таму праходзім унутр.

ДОМ МАСТАКА МІХАІЛА ТАМПА Ў КАНЮХАХ. ФОТА – ВАСІЛЬ МАЛЧАНАЎ/БЕЛСАТ

«14 гадоў шакую мясцовых сваім мастацтвам»

Гаспадаром хаты аказаўся гарадзенец Міхаіл Тамп, які ўжо 14 гадоў жыве ў Канюхах. Праз матэрыяльныя цяжкасці разам з жонкай Тамарай, яны пераехалі ў вёску. Пакуль Міхаіл малюе, Тамара гадуе кабачкі, агуркі ды памідоры. Да Канюхоў мастак дзесяць гадоў пражыў у Менску. Вучыўся на архітэктурным аддзяленні, якое не скончыў. Працаваў мастаком у парку Чалюскінцаў, пасля чаго з’ехаў і некалькі гадоў на замову распісваў касцёлы.

«Тамп-Трамп, – жартуе Міхаіл, – Гэта эстонскае прозвішча. Мой бацька эстонец, а маці паходзіць з вёскі Благое Ленінградскай вобласці. Хоць сам я нарадзіўся ў Горадні ў 1960-м годзе. А цяпер тут жывём. 14 гадоў шакую людзей сваім мастацтвам».

МАСТАК ПОП-АРТУ Ў КАНЮХАХ МІХАІЛ ТАМП.ФОТА – ВАСІЛЬ МАЛЧАНАЎ/БЕЛСАТ

Пра сябе мастак распавядаць саромеецца. Некалькі гадоў назад ён перажыў мікраінсульт, які паўплываў на яго вымаўленне і паходку. Больш ахвотна гаспадар паказвае свае творы, развешаныя па ўсёй хаце. Каля вакна стаіць стол з мноствам пэндзлікаў і фарбаў – гэта «майстэрня».

ПРАЦЫ Ў СТЫЛІ ПОП-АРТ У ХАЦЕ МІХАІЛА ТАМПА. ФОТА – ВАСІЛЬ МАЛЧАНАЎ/БЕЛСАТ

«Я вольны мастак»

Міхаіл Тапм малюе ў стылі поп-арт. У канцы 1950-60-х гэты кірунак у мастацтве стаў папулярным у Заходняй Еўропе і ЗША. За аснову карціны мастакі бяруць вобразы прадуктаў спажывання або масавай культуры, якія змяшчаюць у іншы кантэкст.

ПРАЦЫ Ў СТЫЛІ ПОП-АРТ У ХАЦЕ МІХАІЛА ТАМПА. ФОТА – ВАСІЛЬ МАЛЧАНАЎ/БЕЛСАТ
ПРАЦЫ Ў СТЫЛІ ПОП-АРТ У ХАЦЕ МІХАІЛА ТАМПА. ФОТА – ВАСІЛЬ МАЛЧАНАЎ/БЕЛСАТ

У пакоі Міхаіла вісіць партрэт Грыгорыя Лепса.

«Вельмі люблю гэтага спевака, паважаю. А чым натхняюся? Я вольны мастак. Часам проста хочацца нешта зрабіць, тады ўжо абдумваю, працую над тэмай. У кожную карціну частачку сябе ўкладваю. Прыдумваю гумарыстычныя подпісы, як бачыце, вершаваныя. Увогуле мне вершы вельмі лёгка даюцца. За паў гадзіны магу вам паэму скласці. Людзі нават прыязджаюць, каб я для іх пісаў тосты ці пажаданні. Кіраўнік фермы нядаўна быў, складаў яму верш на выпускны ў дачкі», – кажа Міхаіл.

ПРАЦЫ Ў СТЫЛІ ПОП-АРТ У ХАЦЕ МІХАІЛА ТАМПА. ФОТА – ВАСІЛЬ МАЛЧАНАЎ/БЕЛСАТ

Падчас размовы мастак з жалем прызнаў, што карціны прадаюцца слаба. Паколькі жывуць яны ў вёсцы без падключэння да інтэрнэту, мала хто ведае пра творчасць Міхаіла Тампа.

«Часам мясцовыя прыходзяць, але больш з цікаўнасці. Большасць не разумее маіх пасылаў. Часам людзі, праязджаючы праз вёску, спыняюцца. Але мы да ўсяго вельмі проста ставімся. Раней свае творы я прадаваў у Горадні пад Моладзевым цэнтрам, часам на Скідзельскім рынку, цяпер ужо цяжэй даязджаць», – тлумачыць мастак.

На развітанне ў вочы кінулася цытата на ўваходзе, якая адлюстроўвае, відаць, жыццёвае крэда гэтага творчага чалавека.

«Надоел бамбук, Китай. Канюхи для панды рай. Драников наемся, буду слушать Лепса. И о вечном вам скажу: вновь без денег я сижу».

ПРАЦЫ Ў СТЫЛІ ПОП-АРТ У ХАЦЕ МІХАІЛА ТАМПА. ФОТА – ВАСІЛЬ МАЛЧАНАЎ/БЕЛСАТ
ПРАЦЫ Ў СТЫЛІ ПОП-АРТ У ХАЦЕ МІХАІЛА ТАМПА. ФОТА – ВАСІЛЬ МАЛЧАНАЎ/БЕЛСАТ

Наведаць мастака можна па адрасе в. Канюхі, Чырвонаармейская 23.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках