5 траўня 2024, Нядзеля, 19:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леў Марголін пра Румаса: Я ніякіх зменаў ні звонку, ні ўнутры не чакаю

7
Леў Марголін пра Румаса: Я ніякіх зменаў ні звонку, ні ўнутры не чакаю
ЛЕЎ МАРГОЛІН

Новы прэм'ер ніяк не паўплывае на сітуацыю.

«Перакананы, што далейшая сумесная праца па лініі ўрадаў нашых краін будзе садзейнічаць нарошчванню ўсяго комплексу расейска-беларускага ўзаемадзеяння», - падкрэсліў расейскі прэм'ер, паведамляе прэс-служба Саўміна РФ, піша «Завтра твоей страны».

Ці зменіцца нешта ў міжурадавай дзейнасці пасля прызначэння Сяргея Румаса беларускім прэм'ерам? Эканаміст Леў Марголін прагназуе, што ва ўзаемаадносінах з Расеяй ніякіх зменаў не будзе, бо ўсё, што адбываецца, носіць заканамерны характар.

- Заканамерны характар носяць праблемы з крэдытамі, таму што, з аднаго боку, у Расеі самой грошай няма, а з другога боку, яны, як і МВФ, выдатна разумеюць, што патрэбныя рэформы, якія ўжо наспелі і пераспелі.

На мой погляд, гэтыя дыфірамбы Мядзведзева грунтуюцца як раз на тым, што Румасу будзе прасцей тлумачыць. Калі прыязджае Лукашэнка ці прыязджаў ужо былы віцэ-прэм'ер Сямашка, то яны і слухаць нічога не хацелі: давай, і ўсё. А гэтаму, можа, атрымаецца нешта растлумачыць, пра штосьці дамовіцца, знайсці ўзаемапрымальныя крокі, - мяркуе экспэрт.

У тым плане, дадае суразмоўца, у якім гэта хацеў бы Лукашэнка, - у плане атрымання грошай, нафты, скасавання нафтавага падатковага манеўру нічога не зменіцца.

- Як і ўнутры Беларусі. Некаторыя кажуць, што Румас пагадзіўся стаць прэм'ерам, таму што ён выгандляваў у Лукашэнкі нейкія абяцанні на рэформы. Мне здаецца, што ў Лукашэнкі калі нешта на словах і выгандлюеш, то ўсё роўна такі характар і такое ўяўленне пра эканоміку, што ён будзе рабіць па-свойму. Таму я ніякіх зменаў ні звонку, ні ўнутры не чакаю, кажа эканаміст.

Адрозненні паміж ранейшым прэм'ерам Андрэем Кабяковым і цяперашнім кіраўніком урада Сяргеем Румасам складаюцца ў тым, што апошні больш разбіраецца ў эканоміцы, мяркуе экспэрт:

- Ён быў і віцэ-прэм'ерам у эканоміцы, і банкам кіраваў, а гэта крыху выхоўвае. Што тычыцца будучых стасункаў Румаса з Мядзведзевым, то, магчыма, гутарыць яны будуць больш культурна, магчыма, часцей сустракацца, але сур'ёзных зменаў ва ўзаемаадносінах у эканоміцы адназначна не будзе.

У сваю чаргу, былы прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір сцвярджае, што ўзаемаадносіны паміж урадамі на 90% залежаць ад узаемаадносін прэзідэнтаў:

- Таму я не думаю, што адбудуцца нейкія сур'ёзныя змены. Галоўнае - узаемаадносіны паміж Пуціным і Лукашэнкам, а ўсё астатняе другаснае.

Адносіны паміж прэм'ерамі, вядома ж, важныя, кажа суразмоўца, калі ёсць самастойнасць саміх кіраўнікоў урадаў:

- Але, наколькі разумею, новы прэм'ер будзе не гэткі самастойны, як і не вельмі самастойны прэм'ер у Расеі. А ім трэба будзе вырашаць важныя праблемы - гэта паліўна-энэргетычны комплекс, нафта, газ, аб'ёмы, перапрацоўкі, - дамовімся, значыць, будзе прасцей. Калі дамоўленасць не будзе дасягнута, то Беларусі будзе больш складана. Акрамя таго, шмат пытанняў па прамысловасці - замяняльнасць, выканальнасць і гэтак далей. Наогул, узаемаадносіны з Расеяй вельмі важныя, бо гэта наш асноўны гандлёвы партнёр, - канстатуе экспэрт.

У самой Расеі, працягвае суразмоўца, цяпер не найлепшыя часы:

- Натуральна, яны будуць падціскаць, зачыняць тыя краны, праз якія падсілкоўвалася Беларусь, таму спадзявацца трэба на сябе. Але не думаю, што персанальна Румас можа паўплываць на сітуацыю, тым больш заява Лукашэнкі пра тое, што шокавай тэрапіі не будзе, насцярожвае, і можна меркаваць, што ўсё застанецца па-ранейшаму. Спадзяюся, сур'ёзных зменаў у адносінах паміж Беларуссю і Расеяй не адбудзецца, толькі б горш не было.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках