5 траўня 2024, Нядзеля, 19:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пацярпелы ў справе Коржыча: Я з небагатай сям'і, таму не мог купляць сяржанту прадукты

22
Пацярпелы ў справе Коржыча: Я з небагатай сям'і, таму не мог купляць сяржанту прадукты
Фота: tut.by

У Менскім абласным судзе праходзіць дзявяты дзень суда паводле «справы Коржыча».

Другі тыдзень Менскі абласны суд на выязным пасяджэнні разглядае справу аб гібелі 21-гадовага салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў навучальным цэнтры ў Печах, паведамляе «Еўрарадыё».

Абвінавачанне ўжо агучана, дапытаная палова пацярпелых. Маці Аляксандра Святлана Коржыч адмаўляецца верыць у тое, што яе сын павесіўся сам. На лаве падсудных — 23-гадовы Яўген Бараноўскі, 20-гадовы Ягор Скуратовіч і 23-гадовы Антон Вяжэвіч. Яны абвінавачваюцца па ч. 1, 2 арт. 430 (атрыманне хабару службовай асобай) і ч. 3 арт. 455 КК (злоўжыванне і перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якія прывялі да цяжкіх наступстваў). Бараноўскага таксама абвінавачваюць па ч. 1 артыкула 205-га (крадзеж). Ён віну прызнаў часткова па ўсіх артыкулах, а Скуратовіч і Вяжэвіч не прызналі ч. 3 арт. 455 — тую, якая тычыцца смерці шарагоўца Коржыча.

На сённяшняе пасяджэнне прыехала пацярпелая Святлана Коржыч. Яна была на першых двух пасяджэннях - слухала абвінавачванне і давала сведчанні. Перад пачаткам суда жанчына паказвала журналістам спіс сведак і абуралася, што там няма прапаршчыка Артура Вірбала.

Раней СМІ пісалі, што прапаршчыка падазравалі ў тым, што ён забраў у Коржыча банкаўскую картку і некаторы час здымаў з яе грошы ў банкаматах, расплачваўся ў кавярні. Следчы Камітэт заяўляў пра тое, што прапала як мінімум 180 рублёў. Мама і сябры загінулага жаўнера сцвярджалі, што цягам двух месяцаў пераслалі яму блізу 1 000 рублёў.

Сёння першым даў сведчанні пацярпелы Віталь Антановіч. Пра Коржыча ён нічога не ведае, бо хлопцы служылі ў розных навучальных узводах. Аб нестатутных дачыненнях распавядае не больш, чым астатнія. Адцісканні, паходы ў краму - жаўнер апісвае тыя ж самыя выпадкі, якія ўжо гучалі ў зале суда.

Суддзя Алег Лапко пытаецца, ці вядома Віталю аб выкупе тэлефонаў. Сам Антановіч такой паслугай не карыстаўся, але пацвярджае, што ведаў пра гэта - распавёў сам Вяжэвіч. 20 рублёў каштаваў кнопкавы, 40 - сэнсарны.

На этапе папярэдняга следства Антановіч распавядаў, што Коржыча бачыў пару разоў, але нічога дзіўнага ў яго паводзінах не заўважаў. "Ведаю, што ў Вяжэвіча былі нейкія прэтэнзіі да Коржыч", - зачытвае сведчанні пракурор. Але якія менавіта, пацярпелы не ведае.

Пра тое, што Коржыч утрымліваецца пад аховай у медроце, Антановіч даведаўся, калі адносіў ежу ахоўнікам Аляксандра - сяржанту Вяжэвічу і шарагоўцу (прозвішча Віталь не памятае).

На другім допыце папярэдняга следства Антановіч прызнаўся, што быў не шчыры са следчым першым разам, бо не ўсё памятаў і баяўся казаць праўду.

Антановіч распавядаў у тым ліку пра тое, што шараговец Казубоўскі некалькі разоў на загад рассцілаў сяржанту Вяжэвічу ложак.

Антановіч успамінаў, як ён з таварышамі са службы скідаліся па 40 капеек і куплялі Вяжэвічу цыгарэты "Camel" за 1,80.

Антонавіч гаварыў: "Я з небагатай сям'і, таму не мог увесь час купляць сяржанту прадукты і цыгарэты".

Адвакат Вяжэвіча пытаецца, чаго менавіта баяўся на першым допыце пацярпелы. Ён доўга маўчаў, а потым коратка сказаў: "Не ведаю".

Адвакат не адступае і задае пытанне: "А цяпер чаго вы баіцеся?"

Антановіч: (маўчыць) "... Не магу сказаць. Гэта хутчэй ўнутраны страх".

Адвакат Бараноўскага цікавіцца, што паслужыла таму, што страхі пацярпелага зніклі.

"Не ведаю", - паўтарае шараговец.

Таксама ў папярэдніх сведчаннях Антонавіч распавядаў, што не звяртаўся да камандзіра, бо думаў, што гэта бессэнсоўна.

Адвакат Бараноўскага надумала развіць гэтую тэму далей і ў розных інтэрпрэтацыях задае адно пытанне: "чаму не паведамляў вышэйшаму начальству?"

Антановіч: "Гэта настолькі закаранелая сістэма, што я не думаў, што гэта падзейнічае эфектыўна. Не выключаю, што дзесьці цяпер гэта прадаўжаецца".

Святлана Коржыч не стрымалася і пракаментавала: "Вядома прадаўжаецца. Да мяне прыходзяць бацькі дзяцей, якія служаць у Печах, і распавядаюць".

Нагадаем, цела Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі ў склепе медроты вайсковай часці 3 кастрычніка 2017 года. Ён правісеў у пятлі тыдзень. У жаўнера былі звязаныя ногі, а на галаву надзетая футболка. Расследаванне гучнай справы доўжылася паўгода. 19 красавіка Следчы камітэт паведаміў, што Коржыча давялі да самагубства калегі. Маці жаўнера ў гэтую версію не верыць, а пацярпелыя жаўнеры кажуць, што ў Аляксандра не было прычын зводзіць рахункі з жыццём.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках