Брытанец з фургонам прадаўца марозіва збірае грошы для беларускіх дзяцей
4- 17.08.2018, 21:57
- 9,628
Дэвід Рыверс хоча дапамагчы дзецям, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.
Дэвід Рыверс з вёскі Сэдбердж графства Дарэм возьме ўдзел у ралі старых аўтамабіляў, каб сабраць грошы для беларускіх дзяцей, якія пацярпелі ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Пра гэта паведамляе мясцовае выданне Northern Echo, піша сайт «Беларусь и мир».
Гонка носіць назву Two Ball Banger Rally. Сёлета яна будзе праходзіць на працягу чатырох дзён і маршрут праляжа праз 8 краін: Францыю, Бэльгію, Люксембург, Нямеччыну, Аўстрыю, Швейцарыю, Італію і Манака.
Паводле правілаў, у спаборніцтвах могуць удзельнічаць любыя аўто. Але ў асноўным заліку - тыя, што прынята называць калымагамі, дрындулетамі або развалюхамі, прыдатныя хутчэй для здачы ў металалом.
Прынамсі, іх кошт не павінны перавышаць 567 фунтаў стэрлінгаў.
Акрамя выніковых узнагарод, экіпажы па дарозе выконваюць розныя нечаканыя заданні і таксама атрымліваюць за іх хуткае выкананне прызы.
Пры гэтым гонка - паняцце адноснае. Больш за ўсё ў такіх спаборніцтвах цэняцца арыгінальнасць і фантазія, з якой афармляюцца і перарабляецца аўтамабілі, а таксама цяга каманд да прыгод і стойкасць у пераадоленні цяжкасцяў.
Адначасова заахвочваецца збор ўдзельнікамі ралі сродкаў для розных дабрачынных фондаў.