Былая зорка крыкету Імра Хан стаў прэм'ерам Пакістана
- 17.08.2018, 18:42
- 7,922
У 1992 годзе ён у якасці капітана нацыянальнай каманды Пакістана ў крыкеце выйграў кубак свету.
Пакістанскі палітык Імра Хан, чыя партыя Тэхрык-е-Інсаф перамагла на выбарах у Пакістане 25 ліпеня, афіцыйна стаў прэм'ер-міністрам краіны.
У пятніцу, 17 жніўня, яго кандыдатуру ў якасці кіраўніка ўрада падтрымала Нацыянальная асамблея Пакістана - парламент краіны, паведамляе ВВС.
Хан будзе прыведзены да прысягі ў суботу, 18 жніўня. Ён узначаліў краіну праз два дзесяцігоддзі пасля таго, як прыйшоў у палітыку.
65-гадовы Імра Хан - былы прафесійны гулец у крыкет, пакістанская знакамітасць са славай плэйбоя. У 1992 годзе ён у якасці капітана каманды Пакістана ў крыкеце выйграў кубак свету.
На выбарах у 2018 годзе Хан, вельмі папулярны палітык у апошнія гады, перамог з антыкарупцыйнай праграмай, што абяцае палепшыць жыццё самых бедных праслоек насельніцтва краіны і пабудаваць «ісламскую дзяржаву ўсеагульнага дабрабыту».