20 красавiка 2024, Субота, 16:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія заводы працуюць на трафейных нямецкіх станках

54
Беларускія заводы працуюць на трафейных нямецкіх станках

44-гадовыя станкі Аршанскага інструментальнага завода - гэта далёка не мяжа.

На Аршанскім інструментальным заводзе Лукашэнку абурыла у тым ліку ўнікальнае завадское абсталяванне. Фрэзеровачныя станкі 1974 года выпуску, калі завод і пачаў працу. «Еўрарадыё» пашукала самае рарытэтнае завадское абсталяванне ў працоўным стане, і журналісты могуць сказаць, што 44-гадовыя станкі інструментальнага завода - гэта не мяжа.

На сталічным заводзе «Гарызонт» распавядаюць, што ў 2008 годзе прадпрыемства закупіла новае абсталяванне. ТАднак, тут захаваўся радыяльна-свідравальны станок 1967 года выпуску - дапаможны рарытэт і цяпер выкарыстоўваецца, але ўжо не для масавай вытворчасці. Станку 51 год!

Фота: prostanki.com

Будаўніцтва Менскага камвольнага камбіната пачалося ў 1951 годзе. А нядаўна прадпрыемства мадэрнізавалася, і цяпер асноўнае абсталяванне 2014-2015 гадоў. Няўжо нічога не захавалася?

«Лентачная машына ў нас 1989 года, а грэбнечасальныя, якімі мы таксама карыстаемся, - больш сучасныя, 90-х гадоў, - расказваюць на прадпрыемстве. - У іх там ужо было праграмнае кіраванне, але не такое складанае, як цяпер на новым абсталяванні».

Фота: formfaktor.livejournal.com

Але навошта было пакідаць ранейшыя станкі?

«Пакінулі на ўсялякі выпадак. Калі праводзіш мадэрнізацыю, імкліва перайсці на новае абсталяванне складана. Пакуль прывыкнеш, пакуль параметры наладзяцца... Але цяпер, калі ў нас вялікая нагрузка, гэтыя машыны нават дапамагаюць. Можна працаваць і на старых, і на новых. Старыя машыны лягчэй рамантаваць. На новым абсталяванні - электроніка. Гэта трэба спецыяліста добрага. Наладка ажыццяўляецца цяжэй. А са старым абсталяваннем нашы дасведчаныя слесары ўсё жыццё працавалі. Натуральна, ім прасцей са старым».

На маладзечанскім прадпрыемстве аўтамабільнай і сілавой электронікі «Электрамодуль» на нашы роспыты сумна засмяяліся, маўляў «у нас тут усё старэнькае, дзесьці 74-года».

Фота: minpraud.by

Рарытэты на Баранавіцкім вытворчым баваўняным камбінаце «Блакіт» крыху больш маладыя, але таксама з мінулага стагоддзя:

«Ткацкія станкі СТБ-175 80-х гадоў выпуску. Яны дагэтуль працуюць. У нас яшчэ ёсць лінія для адбельвання Кіёта 80-га года. Гэтая лінія адбельвае, як і новая, у прынцыпе. У нас быў вельмі вялікі парк гэтага абсталявання. Часткова мы такое ж абсталяванне спісалі, і цяпер выкарыстоўваем яго ў якасці запчастак. А так, тканіны выпускаюцца якасныя. Структура тканіны якой была, такой і засталася. Нічога не памянялася».

Фота: virtualbrest.by

Але ўсе гэтыя рарытэты нішто ў параўнанні з абсталяваннем, якое ёсць на Слонімскім кардонна-папяровым заводзе «Альберцін».

«Адна машына ў нас працуе, якую пасля вайны з Нямеччыны вывезлі. Іншая - таксама з тых часоў. Натуральна, яе пераабсталявалі сучаснымі механізмамі, але сама станіна яшчэ «фашысцкая».

Фота: govorim.by

Машыны для вытворчасці паперы 1913 года былі на фабрыцы «Чырвоная зорка» ў Чашніках, але іх спісалі.

«Рарытэтаў няма, - кажуць на фабрыцы. - Самае старое абсталяванне цяпер недзе 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Ёсць адзін станок свідравальны, яго саўнаргас яшчэ выпускаў, можа быць, у 50-х гадах. Ён яшчэ працуе - свідруе адтуліны, калі трэба. Былі раней машыны 1913 года для вытворчасці паперы, але іх усё выкінулі. Царскія яшчэ. Былі чэшскія машыны фірмы Stori Mantel, але іх таксама выкінулі».

Нямецкі даваенны станок знайшоўся і на суднабудаўнічым заводзе ў Пінску. Праўда, калі журналісты вызначылі ўдакладніць у галоўнага інжынера год выпуску гэтага рарытэту, той усё правільна зразумеў: «Што? Пасля ўсёй гэтай рэакцыі Лукашэнкі на вытворчасць, потым яшчэ хочаце нешта напісаць? Не, нічога я распавядаць не буду».

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках