6 траўня 2024, панядзелак, 13:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вагары кіравання выслізгваюць з рук Лукашэнкі

40
Вагары кіравання выслізгваюць з рук Лукашэнкі
Фото: AFP

Час «ідэяў» правадыра мінуў.

Кіраўніцтва ўрада Беларусі наўрад ці можа быць замененая сёння ў поўным складзе.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю Thinktanks.by выказаў эканаміст, кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін.

Пра намер адправіць у адстаўку кіраўніцтва ўрада Лукашэнка заявіў 14 жніўня падчас нарады аб выкананні даручэнняў для комплекснага развіцці Аршанскага раёна.

Як паведамляе прэс-служба дыктатара, ён загадаў «на гэтым тыдні ўнесці прапановы для замены ўсяго кіраўніцтва ўрада, усёй верхавіны з рэзерву кадраў, якая мною сфармаваная. Годзе глядзець ім у рот, і яны будуць нам расказваць, як ім складана, як ім цяжка!».

Падставай для такіх жорсткіх заяў стала невыкананне даручэнняў аб развіцці Аршанскага раёна, прычынай якога Лукашэнка назваў «нядбайнае стаўленне ўрада да ягоных даручэнняў». Проста падчас нарады ў адстаўку былі адпраўленыя міністры прамысловасці, архітэктуры і будаўніцтва.

Ідэю фінансавання эканомікі за кошт рэнты з Расеі рэалізаваць усе складаней

«Хоць некаторыя міністры цалкам могуць быць замененыя, памяняць адразу ўсё кіраўніцтва ўрада складана. Цяпер занадта шмат рэформаў, праектаў і змяненняў завязана на людзей, якія там працуюць на ўзроўні прэм'ера і кіраўнікоў міністэрстваў. Спроба памяняць іх на паўдарозе дрэнна адаб'ецца на рэалізацыі гэтых праектаў. Да таго ж, кіраўніцтва ўрада асабліва няма на каго замяніць», - сказаў Уладзімір Кавалкін.

Ён удакладніў, што з дзейным кіраўніцтвам урада завязаны праект рэформы кіравання дзяржаўнымі фінансамі, які рэалізуе Мінфін супольна з Сусветным банкам. Да таго ж, сёння вядзецца дзейнасць для развязання праблем з завінавачанасцямі прадпрыемстваў, выдадзеных пад гарантыі ўрада, а неўзабаве будзе яшчэ і запуск БелАЭС. «У гэтых варунках складана памяняць усіх адным махам», - мяркуе экспэрт.

На думку Уладзіміра Кавалкіна, прычыны такой жорсткай крытыкі ўрада звязаныя са складанай сітуацыяй у эканоміцы і адсутнасцю ідэй, якія гарантавана прывялі б да яе паляпшэння.

«Мы ўжо не першы год назіраем крызіс ідэй. Асноўнай ідэяй Лукашэнкі было выманне рэнты з сяброўства з Расеяй, аднак пачынаючы з 2007 года рэалізаваць яе становіцца ўсё больш складана. У выніку перастала ставаць рэсурсаў для працягу буйных інвестыцый у дзяржсектар. Папярэдні ўрад доўга глядзеў на правадыра ў надзеі, што ён дасць ім новыя ідэі. Але гэты час мінуў. Урад стаў жыць уласным жыццём, спрабуючы праводзіць больш узважаную палітыку ў грашова-крэдытнай і фіскальнай сферах. Вагары ручнога кіравання выслізгваюць у Лукашэнкі з рук», - сказаў Уладзімір Кавалкін.

Урад робіць невялікія крокі ў кірунку больш узважанай палітыкі

Экспэрт мяркуе, што сёння ідэі для развіцця беларускай эканомікі ёсць у МВФ, Сусветнага банка, у незалежных аналітыкаў, збольшага - ва ўрада і прадстаўнікоў банкаўскай сістэмы.

Сярод іх ён адзначыў: «Ёсць праграма, якая была распрацаваная супольна з МВФ. І хоць урад афіцыйна адмовілася ад яе рэалізацыі, гэтая праграма ў шматлікіх пытаннях з'яўляецца арыенцірам, бо іншых ідэй няма. Таксама сёння рэалізуюцца невялікія праграмы з Сусветным банкам. Буйныя міжнародныя арганізацыі праводзяць для ўрада навучальныя праграмы. Пачалося скарачэнне дзяржаўнай падтрымкі неэфектыўных прадпрыемстваў, у прамысловасць і аграпрамысловы сектар перасталі скідаць некантралюемыя грошы. У большасці эканамічных і сацыяльна-эканамічных міністэрстваў адбываюцца невялікія змены, якія збоку пакуль, магчыма, невідавочныя. Немагчыма памяняць сістэму і мысленне чыноўнікаў адным махам, але невялікія крокі ў кірунку больш узважанай палітыкі ўсё ж робяцца».

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках