29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі рубель трапіў у «зону турбулентнасці»

13
Беларускі рубель трапіў у «зону турбулентнасці»

Эканамісты прагназуюць дэвальвацыю і падаражанне ЖКП.

Санкцыі ЗША прывялі да напругі на фінансавым рынку Расеі і маштабнага валютнага і эканамічнага крызісу ў Турцыі.

Апытаныя «Нямецкай хваляй» экспэрты мяркуюць, што праз гэта эканомікам краін БРІКС пагражае «эфект даміно». Беларусь у БРІКС не ўваходзіць, але туды ўваходзіць яе галоўны гандлёвы партнёр - Расейская Федэрацыя.

Наколькі глыбокім будзе новы крызіс і як ён адгукнецца на эканоміцы нашай краіны і дабрабыце яе грамадзян?

Сайт Charter97.org звярнуўся па каментар да эканаміста Льва Марголіна:

- Большасць краін БРІКС - буйныя гульцы на сусветным эканамічным рынку. Вастрыня сітуацыі тут у тым, што ў невялікіх краін, такіх як Беларусь, эканоміка адкрытая і экспартна-імпартныя аперацыі займаюць вельмі вялікую дзель ВУП.

У вялікіх краін, такіх як Расея, Індыя або Кітай, якія ўваходзяць у БРІКС, значная частка ВУП спажываецца ўнутры. Таму яны менш залежаць ад ваганняў нацыянальнай валюты ў дачыненні да даляра ці еўра.

Што да Расеі, то для яе большай праблемай з'яўляецца сітуацыя не ў БРІКС або ў Турцыі, а ўнутры самой краіны. Толькі сама пагроза ўвядзення новых санкцый ЗША выклікала некалькі дзён таму падзенне рубля да ўзроўню валютнага крызісу 2015 года. Можна меркаваць, што пасля рэальнага ўвядзення санкцый, расейскі рубель страціць яшчэ больш. Але ж, паводле законаў ЗША, гэтыя санкцыі праз тры месяцы пасля іх увядзення могуць быць яшчэ больш жорсткімі.

Але парадокс сітуацыі ў тым, што праз вялікі ўнутраны рынак многія расейцы ў тым жа 2015 годзе не вельмі і заўважылі падзенне курсу рубля - прынамсі, пакуль не сабраліся на чарговы адпачынак у Турцыю.

А вось беларусы ваганне курсу нацыянальнай валюты адчуюць значна больш востра. Я думаю, што падзенне расейскага рубля прадоўжыцца і, безумоўна, гэта ударыць па Беларусі. Мы з'яўляемся адкрытай эканомікай і палова нашых гандлёвых аперацый прыпадае на РФ.

Беларускі рубель ужо адчуў «турбулентнасць» з-за ўсходняй мяжы: калі 1,5 года ён трымаўся на адзнацы менш за 2 рублі за даляр, то цяпер гэтая планка ўжо пераадоленая. Не выключана, што яго чакае яшчэ большае падзенне - усё будзе залежаць ад Расеі, з якой мы, на жаль, занадта шчыльна звязаныя.

- Некаторыя расейскія аналітыкі мяркуюць, што ў іх краіне магчымы паўтор дэфолту паводле ўзору 1998 года. Ці імаверны такі сцэнар, і як гэта адаб'ецца на Беларусі?

- Ёсць важнае адрозненне сітуацыі праз 20 гадоў: дзель замежных запазычанняў у РФ да ВУП значна ніжэйшая, чым была ў 1998 годзе. І сярод іх мала дзяржаўных пазык. Гэта запазычанні банкаў, прадпрыемстваў і гэтак далей. Таму больш імаверныя дэфолты прыватнага характару: дэфолты банкаў, асобных фірмаў - замест універсальнага дэфолту паводле ўзору 1998 года.

А вось у Беларусі сітуацыя значна больш складаная. Кожная дэвальвацыя нашага рубля значна ўзмацняе напружанне на валютным рынку і ставіць пад пагрозу выплату вялізнай дзяржаўнай запазычанасці, якая вылічаецца ў замежнай валюце. Вось тут і могуць узнікнуць сур'ёзныя праблемы.

Расея наўрад ці цяпер будзе дапамагаць Беларусі - ёй самой бы справіцца. У гэтай сітуацыі вельмі імаверна тое, што ўлады, баючыся дэфолту і жадаючы атрымаць заходнія крэдыты, пойдуць на падвышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Будзе вялікая торг, які з вялікай дзеллю імавернасці абернецца для беларусаў ростам камунальных тарыфаў. Сітуацыя для ўлады выглядае вельмі складанай і выклікае схільнасць да торгу.

Сваімі сіламі беларускія ўлады адсоткі за дзяржаўную запазычанасць не змогуць выплачваць. Час пустых абяцанняў, відавочна, ужо скончыўся.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках