29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новая нафтавая рэальнасць для Беларусі

13
Новая нафтавая рэальнасць для Беларусі

Чым яна закончыцца - спрагназаваць цяжка.

Мінфін Беларусі ацэньвае страты бюджэту ад падатковага манеўру ў нафтавай сферы Расеі у 2019 годзе на 600 млн руб. Такую суму ў чацвер, 9 жніўня, назваў журналістам намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко, піша belmarket.by.

«На сённяшні момант мы вымушаныя ўлічыць зніжэнне даходаў у наступным годзе праз падатковы манеўр сумай амаль 600 млн руб», - паведаміў намеснік міністра.

Паводле ягоных слоў, гэта адбудзецца праз скарачэнне паступленняў ад экспартных мыт на нафтапрадукты і планаванага зніжэння на 25% стаўкі акцызаў на нафтапрадукты, неабходнай для таго, каб кампенсаваць нафтазаводу выдаткі праз адсутнасць падвышэння раздробных коштаў.

Нагадаем, так званы падатковы манеўр быў пачаты ў РФ у 2015 годзе. Ён мае на мэце зніжэнне экспартных мыт на нафту і падвышэнне стаўкі падатку на здабычу карысных выкапняў.

У 2016 годзе расейскае кіраўніцтва наважыла цалкам скасаваць экспартныя мыты шляхам іх паэтапнага зніжэння (на 5 п. п. на год цягам шасці гадоў пачынаючы са студзеня 2019-га) з 30 да 0%. Адначасова ў РФ будзе падвышацца падатак на здабычу карысных выкапняў.

Змены прывядуць да таго, што экспарт нафты стане для Расеі больш выгадным. Страты кампаній, звязаныя з падвышэннем стаўкі падатку на здабычу карысных выкапняў, будуць кампенсаваць ільготамі. Каб пазбегнуць росту ўнутраных коштаў нафтапрадуктаў прадугледжваюцца кампенсацыйныя механізмы ў акцызнай палітыцы. Першы механізм - зваротны акцыз на нафту, якая пастаўляецца на перапрацоўку, другі - дэмпфіроўны акцыз, які ўлічвае выгаднасць экспарту паліва. Такім чынам, у Расеі падатковым манеўрам застануцца задаволеныя, наогул, усе.

Што да Беларусі, то для яе нават 5-адсоткавае зніжэнне экспартных мыт на нафту, якое адбудзецца у 2019 годзе, абернецца стратамі на 300 млн даляраў, а гэта 3% ад усіх даходаў бюджэту, заявіў намеснік міністра. Акрамя таго, з ацэнкі Мінфіна Беларусі, цяперашняя сітуацыя можа прывесці да немагчымасці функцыянавання адзінага рынку нафтапрадуктаў у ЕАЭС.

«Рэалізуючы падатковы манеўр, паралельна Расейская Федэрацыя ўводзіць у сябе новыя механізмы субсідавання ўласных перапрацоўшчыкаў нафты, для якіх у нас крыніц няма», - заўважыў Дзмітрый Кійко.

Як вынік паліва ў Беларусі можа стаць значна даражэйшым, чым у РФ. Ва ўмовах адкрытай мяжы гэта азначае, што расейскія нафтапрадукты будуць выцясняць айчынныя з унутранага рынку.

У новых рэаліях Беларусь вымушана тэрмінова шукаць варыянты і механізмы кампенсацыі страт. Адным з іх можа стаць змяненне падатковага заканадаўства. На прэс-канферэнцыі Дзмітрый Кійко даў зразумець, што наступствы падатковага манеўру ўлічваюцца пры распрацоўцы комплексных пытанняў магчымай падатковай рэформы. Праўда, згодна з дэкрэтам № 7, у Беларусі ўведзена забарона на падвышэнне падатковых ставак і ўвядзенне новых падаткаў, збораў і мыт. Ён будзе дзейнічаць да 2020 года. Такім чынам, выкарыстанне такога механізму кампенсацыі ў наступным годзе малаімаверна.

Знізіць страты ад падатковага манеўру дапаможа заканчэнне мадэрнізацыі беларускіх НПЗ. Яна дазволіць заводам перапрацоўваць большую колькасць нафты.

Да нядаўняга часу з мадэрнізацыяй НПЗ не спяшаліся. Рэч у тым, што ў рамках дамоўленасцяў, дасягнутых у красавіку 2017 года, Расея пастаўляе ў Беларусь 24 млн т нафты на год. Пры гэтым экспартныя мыты з 6 млн т сыравіны на год паступаюць у беларускі бюджэт. Такая схема атрымала назву «перамытнёўка». Да правядзення падатковага манеўру Беларусі было больш выгадна перапрацоўваць 18 млн, а не 24 млн т, а з астатнім праводзіць мытную перарэгісрацыю.

Па заканчэнні мадэрнізацыі глыбіня перапрацоўкі павялічыцца, і сітуацыя зменіцца. «У чатыры з паловай разы ўпадзе выхад мазуту і павялічыцца выхад светлых нафтапрадуктаў. Будзе больш выгадна нафту перапрацоўваць, чым праводзіць мытную перарэгістрацыю, - раней заяўляў віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка. Плануецца, што «Нафтан» будзе мадэрнізаваны да канца 2019 года, Мазырскі НПЗ - да сярэдзіны 2020 года.

Тым не менш расейскі падатковы манеўр у кожным выпадку пацягне за сабой эканамічныя страты. Таму Мінфін Беларусі разлічвае на разуменне калег з РФ і будзе на дзяржаўным узроўні ініцыяваць абмеркаванне магчымасці кампенсацыі. «Мы ўваходзім у кантакт з расейскай стараной для пошуку кампенсавальных механізмаў на дзяржаўным узроўні», - паведаміў журналістам намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко.

Чым закончацца перамовы, прагназаваць цяжка. Адзначым толькі, што аб планах правядзення падатковага манеўру было вядома даўно і кіраўніцтва Беларусі неаднаразова заяўляла, што ён пагражае нашай краіне значнымі эканамічнымі стратамі. Аднак расейская старана на гэта ніяк не рэагавала. Зрэшты, як паказвае гісторыя папярэдніх нафтагазавых канфліктаў, так ці інакш Расеі і Беларусі ўдаецца дамаўляцца.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках