20 красавiка 2024, Субота, 9:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

98 гадоў таму польскае войска дамаглося пералому ў Варшаўскай бітве

98 гадоў таму польскае войска дамаглося пералому ў Варшаўскай бітве
Фотa: Onet

Еўропа была выратаваная ад нашэсця бальшавікоў.

У Варшаве ў сераду, 15 жніўня, з удзелам прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды пачаліся цэнтральныя ўрачыстасці з нагоды Свята Войска Польскага, паведамляе «Радыё Польшча».

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, а таксама спікер Сенату Станіслаў Карчэўскі, спікер Сейма Марэк Кухціньскі і міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак удзельнічалі ў набажэнстве за Радзіму, адпраўленым у кафедральным саборы Войска Польскага ў Варшаве пад кіраўніцтвам палявога біскупа Войска Польскага Юзэфа Гуздэка.

Урачыстасці, прымеркаваныя да нацыянальнага Святу Войска Польскага, праходзяць ва ўсёй Польшчы і за мяжой. Цэнтральнай падзеяй стане ў Варшаве маштабны вайсковы парад. Раней у сераду прэзідэнт Анджэй Дуда ў суправаджэнні прадстаўнікоў вярхоўных дзяржаўных уладаў усклаў вянок ля помніка маршалу Юзафу Пілсудскаму, першаму лідару адроджанай у 1918 годзе польскай дзяржавы.

У казані біскуп Юзаф Гуздэк нагадаў пра значэнне гістарычных падзей для сучаснасці, у тым ліку, подзвігу польскіх жаўнераў у вайне з бальшавіцкай навалай 1920 года. Святар падкрэсліў, што польскія жаўнеры і польскі народ пры падтрымцы хаўруснікаў здолелі на подступах да Варшавы абараніць Радзіму ад бальшавіцкай агрэсіі, а заадно таксама Еўропу і еўрапейскую цывілізацыю. Біскуп Юзаф Гуздэк працытаваў словы маршала Юзэфа Пілсудскага пра тое, што «народ, які не паважае сваё мінулае, не заслугоўвае павагі ў сучаснасці і не мае права на будучыню».

Свята Войска Польскага адзначаецца 15 жніўня ў памяць аб галоўнай бітве польска-бальшавіцкай вайны 1919-1921 года. У жніўні 1920 г польскае войска пад камандаваннем маршала Юзэфа Пілсудскага і генерала Юзэфа Халера падчас кровапралітных баёў на подступах да Варшавы спыніла наступ бальшавікоў на польскую сталіцу і далей на Захад. Бітва доўжылася з 13 да 16 жніўня.

У дзень Успення Маці Божай, 15 жніўня, калі Чырвоная Армія, здавалася, прарве польскую абарону, жыхары Варшавы зладзілі рэлігійнае шэсце з заклікамі да Маці Божай і маленнем да яе выратаваць Польшчу ад бальшавіцкай навалы. І менавіта 15 жніўня падчас бітвы адбыўся пералом на карысць Войска Польскага.

У выніку бальшавіцкае войска пад камандаваннем маршала Тухачэўскага было разбітае і адкінутае ад Варшавы. 16 жніўня 1920 г польскае войска перайшло ў наступ. Бітва пад Варшавай 1920 года, якая прадухіліла напад СССР на Еўропу, уважаецца адной з 18 найважнейшых бітваў у сусветнай гісторыі.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках