25 красавiка 2024, Чацвер, 23:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму беларускім кіроўцам пара рыхтавацца да сусветных коштаў бензіну

21
Чаму беларускім кіроўцам пара рыхтавацца да сусветных коштаў бензіну

Расея ўводзіць квоты на бязмытныя пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь.

Расея мае намер з 1 верасня 2018 года ўвесці індыкатыўныя балансы бязмытных паставак з Расеі ў Беларусь на простагонныя бензіны, сярэднія дыстыляты і цёмныя нафтапрадукты, а з 1 кастрычніка 2018 года – на звадкаваны вуглевадародны газ (ЗВГ), бітум, бензол і г. д. Пастаўкі звыш балансу будуць забароненыя. Такім чынам, Расея мае намер забараніць пастаўкі ў Беларусь практычна ўсіх бязмытных нафтапрадуктаў, у тым ліку аўтабензінаў, дызельнага паліва, мазуту (у гэтых тыпах нафтапрадуктаў індыкатыўныя балансы ўзгадняюцца штогод), піша Таццяна Манёнак у артыкуле для выдання «Наше мнение».

Пра гэта гаворыцца ў лісце дзяржаўнага канцэрна «Белнафтахім» на адрас урада, дзяржаўных органаў і найбуйнейшых спажыўцоў нафтапрадуктаў Беларусі. У ім канцэрн просіць органы ўлады і камерцыйныя арганізацыі пазначыць аб'ёмы нафтапрадуктаў для забеспячэння ўнутраных патрэб у чацвёртым квартале 2018 года і ў 2019 годзе, а таксама ўлічыць аб'ёмы нафтапрадуктаў, звязаныя з рэалізацыяй інвестпраектаў.

Стораны падрыхтавалі праект пратакола аб унясенні змяненняў у Пагадненне паміж урадам РФ і ўрадам Беларусі аб мерах для ўрэгулявання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў ад 12 студзеня 2007 года. У гэты дакумент расейская старана хоча ўнесці змены, а менавіта: увесці забарону на вываз з РФ у Беларусь нафты і нафтапрадуктаў згодна Пераліку кодаў тавараў ІІІВЭД ЕАЭС, за выключэннем сырой нафты і нафтапрадуктаў у аб'ёмах, прадугледжаных індыкатыўнымі балансамі.

Расейскім нафтапрадуктам падабаецца беларускі рынак

Удзельнікі рынка мяркуюць, што такім чынам расейская старана хоча паставіць заслону на шляху рээкспартных паставак нафтапрадуктаў і ЗВГ з Беларусі, у выніку чаго расейскі бюджэт нясе дадатковыя страты.

Згодна з статыстычных звестак, Беларусь у студзені-траўні 2018 года павялічыла экспарт нафтапрадуктаў на 16% у параўнанні са студзенем-траўнем 2017 года – да 5,7 млн тон. За гэты час Беларусь павялічыла імпарт нафтапрадуктаў на 61,9% – да 1,886 млн. тон. Пры гэтым з Расеі ў Беларусь пастаўлена ільвіная дзель – 1,820 млн тон нафтапрадуктаў (на 58,9% больш, чым у студзені-траўні 2017 года).

У студзені-траўні бягучага года Беларусь павялічыла аб'ём экспарту звадкаванага газу на 34% у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года – да 284,4 тысяч т. Пры гэтым імпарт звадкаванага газу з Расеі за 5 месяцаў бягучага года Беларусь павялічыўся на 18,8% да 211,8 тысяч тон. Варта адзначыць, што з 1 жніўня 2018 года Расея ўпершыню павялічыла на звадкаваны вуглевадародны газ (ЗВГ) экспартную мыту з нуля да USD 18,1 за тону. Аналагічную мыту цяпер павінна ўжываць і Беларусь, што, згодна з логікай, павінна знізіць прывабнасць экспарту ЗВГ з Беларусі.

Таксама адзначым, што Беларусь з кожным годам нарошчвае аб'ёмы ўласнай вытворчасці ЗВГ. Найбуйнейшы вытворца звадкаванага газу ў Беларусі – Беларускі газаперапрацоўчы завод. Звадкаваны газ таксама вырабляюць ААТ «Мазырскі НПЗ» і завод «Палімір» ААТ «Нафтан». БГПЗ экспартуе больш за 70% вырабленай прадукцыі, Мазырскі НПЗ – больш за 60%, завод «Палімір» ААТ «Нафтан» – блізу 50%. Агульны аб'ём вытворчасці – больш за 600 тысяч тон на год.

Расея не хоча субсідаваць пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь

Логіку расейскай стараны можна зразумець. У чэрвені гэтага года, каб спыніць некантралюемы рост коштаў на аўтамабільнае паліва на ўнутраным рынку, расейскі ўрад вымушаны быў істотна знізіць акцызы на бензін і дызпаліва, што абярнулася выдаткамі для бюджэту.

Акрамя таго, нядаўна Расея адкрыла зялёную вуліцу для заканчэння падатковага манеўру ў нафтавай галіне. Прапануецца знізіць з 30% да 0% ад кошты нафты стаўку вывазной мыты на нафту цягам 6 гадоў пачынаючы з 1 студзеня 2019 года. У 2019 годзе гранічныя стаўкі мыты (вышэй за якія не можа быць ўстаноўлена мыта, якая разлічваецца паводле формул урада РФ) прапанавана памнажаць на каэфіцыент 0,833, у 2020 годзе – 0,667, у 2021 годзе – 0,5, у 2022 годзе – 0,333, у 2023 годзе – 0,167, у 2024 годзе – 0. Такім чынам, з 2024 года экспартная мыта на нафты ў РФ будзе скасаваная.

Але адначасова будзе падвышацца падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ) пры здабычы нафты і газавага кандэнсату. Відавочна, што падвышэнне ПЗКВ абернецца ростам унутраных коштаў нафты і, адпаведна, коштаў на аўтамабільнае паліва на ўнутраным рынку. Каб гэтага не дапусціць, урад РФ прапанаваў новы механізм падтрымкі айчынных НПЗ, заснаваны на адмоўных акцызах. Урад прапанаваў устанавіць адмысловую надбаўку да адмоўнай акцызы, якая будзе пры рэзкім росце коштаў – звыш мэтавага ўзроўню больш чым на 10% – кампенсаваць частку гэтага росту (розніцы паміж коштам экспартнага парытэту і мэтавым індыкатарам кошту): у 2019 годзе – на 60%, у наступныя перыяды – на 50%.

Зразумела, што Расея, вызначыўшыся з падтрымкай сваіх НПЗ у новых умовах, абсалютна не хоча несці дадатковыя выдаткі на падтрымку беларускіх НПЗ і беларускай эканомікі.

«Падліковыя» механізмы расейскай падтрымкі ўжо ў дзеянні

Новыя ўмовы паставак расейскіх нафтапрадуктаў – для Беларусі не катастрофа. Аднак гаворка ідзе аб прыкметным пагаршэнні ўмоў для нафтавай галіны і нацыянальнай эканомікі.

Расея мае намер захаваць для Беларусі бязмытныя пастаўкі нафтапрадуктаў пад патрэбы ўнутранага рынку (гэта – бонус за стварэнне Саюзнай дзяржавы, і Крэмль ніколі не заяўляў аб гатоўнасці выйсці з гэтага праекта), і, трэба адзначыць, што ні адна з сумежных краін не мае такіх ільгот.

Тым не менш, праз накладзеныя РФ абмежаванні пацерпіць перш за ўсё беларускі бюджэт: бо чым больш нафтапрадуктаў з Беларусі пастаўлялася на экспарт, тым больш зарабляў беларускі бюджэт за кошт экспартных мыт.

Пацерпіць беларуская «нафтавая прамысловасць». Імпарт расейскага аўтамабільнага паліва ў Беларусь дазваляў айчынным НПЗ павялічваць аб'ёмы экспарту і, такім чынам, часткова «замяшчаць» пастаўкі на неліквідны ўнутраны рынак, продажы на якім вось ужо 8 месяцаў запар генеруюць для іх суцэльныя страты.

Пакуль незразумела, ці ўлічыць РФ патрэбы ў нафтапрадуктах расейскіх кампаній, якія маюць свае аўтазаправачныя сеткі ў Беларусі. Цяпер шматлікія расейскія кампаніі завозяць расейскае паліва на беларускія АЗС. Калі Расея забароніць гэта рабіць, то расейскім кампаніям давядзецца купляць паліва з аптовай надбаўкай у ПА «Беларуснафта», а гэта негатыўна адбіваецца на іх бізнэсе ў Беларусі. Ці ж павялічваць аб'ёмы давальніцкай перапрацоўкі на беларускіх НПЗ, што ва ўмовах правядзення падатковага манеўру для іх не вельмі выгадна.

Калі Расея абмяжуецца толькі забаронай на пастаўкі ў Беларусь бязмытнага паліва, беларуская нафтавая прамысловасць з гэтай «бядой» справіцца. Але гэта, безумоўна, паскорыць рост коштаў аўтамабільнага паліва на ўнутраным рынку. Канцэрн «Белнафтахім» надоечы публічна заявіў, што беларускія НПЗ ужо вычарпалі свае магчымасці для субсідавання продажаў на ўнутраным рынку (цяпер датацыі пры продажы аўтамабільнага паліва складаюць 20-30 капеек на літр у залежнасці ад яго тыпу). Відавочна, што новыя ўмовы імпарту расейскага паліва яшчэ больш пагоршаць фінансавае становішча айчынных НПЗ.

Але ўсё гэта – толькі прадвеснік больш сур'ёзных праблем, з якімі ўжо хутка сутыкнецца беларуская эканоміка. Адзначым, што цяпер Беларусь імпартуе нафту з Расеі бязмытна. Калі ж Расея абнуліць экспартныя мыты на нафту і павялічыць ПЗКВ, то кошт расейскай нафты для Беларусі падвысіцца фактычна да сусветнага ўзроўню (цяпер гэта – 75% ад сусветнага кошту). Пры гэтым ва ўмовах адзінай мытнай прасторы Беларусь таксама будзе вымушаная скасаваць экспартныя мыты на нафту і нафтапрадукты. Страты беларускага бюджэту ў сувязі з гэтым ацэньваюцца на ўзроўні USD2 млрд, або блізу 4% ВУП. А «Белнафтахім» ужо папярэдзіў, што пасля заканчэння падатковага манеўру ў нафтавай галіне беларускія аўтамабілісты павінны рыхтавацца да сусветных коштаў на маторнае паліва.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках