18 красавiка 2024, Чацвер, 19:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Берасцейшчы абклалі «данінай» купанне ў вадаёме

5
На Берасцейшчы абклалі «данінай» купанне ў вадаёме

Мясцовыя жыхары змагаюцца з чыноўнікамі за сваё права на адпачынак на прыродзе.

Празрыстая вада, крыніцы ды жывапісны пейзаж навокал. Былы крэйдавы кар’ер на Берасцейшчыне прываблівае не толькі навакольных жыхароў, але і беларусаў з іншых рэгіёнаў. Толькі вось купацца ў вадасховішчы нельга – стаяць на сваім мясцовыя ўлады, не зважаючы на меркаванне актывістаў, якія даводзяць адваротнае, паведамяле «Белсат».

Крэйдавы карʼер паміж аграгарадкамі Малеч і Кабакі на Берасцейшчыне – адно з нешматлікіх месцаў адпачынку для тамтэйшых жыхароў. Ды не толькі мясцовых. Больш за паўстагоддзя празрыстая вада вабіла сюды і дарослых, і дзяцей з усяго раёну. Але ўжо пяць гадоў, як улады забаранілі забавы.

«Пабачылі знак, што забаронена купацца. Канечне, вельмі шкада. Хацелася б паглядзець, як вадзічка, скупацца, адпачыць, параіць сябрам», – кажа наведніца вадаёму Людміла.

Такое месца – адзінае ў наваколлі, кажуць мясцовыя жыхары. У чыноўнікаў свая праўда, у адказе на запыт аб змене статусу вадаёму намеснік старшыні Бярозаўскага райвыканкаму спасылаецца на рэспубліканскі план аб папярэджанні гібелі людзей на вадзе.

«…які запатрабаваў прыняць захады для забароны купання ў пажарных вадасховішчах, абводненых карʼерах, меліярацыйных каналах, гідратэхнічных збудаваннях ды іншых месцах, не прызначаных для купання».

За парушэнне правілаў існуе прыцягненне да адказнасці.

«Летась прыходзіла міліцыя – ганяла штрафамі туды-сюды», – кажа мясцовы жыхар Геннадзь.

Мясцовыя жыхары ўпэўненыя: калі стварыць адпаведную інфраструктуру ды акультурыць гэтае месца, ніякіх праблемаў не будзе. Пагаджаецца з імі і дэпутат Першамайскага сельсавету Валер Білібуха.

«Тэхнічны карʼер? Тэхнічны карʼер – гэта лічыцца, калі ён у распрацоўцы. А ён жа даўно закансерваваны. Ужо другі год людзі просяць – здыміце забарону, зрабіце зону адпачынку як след, каб людзі адпачывалі. Дык не – лепш забараніць, аштрафаваць людзей замест каб штосьці прыемнае для людзей зрабіць», – Валер Білібуха.

Адзін з галоўных аргументаў уладаў – тое, што вадаём не даследаваны. Мясцовыя актывісты бяруць справу ў свае рукі.

Праваабаронца і актывіст «Гавары праўду» Валянцін Лазарэнкаў большую частку жыцця меў дачыненне з такімі вадасховішчамі: ён 15 гадоў адпрацаваў у дзіцячых летніках, дзе забяспечваў купанне дзяцей, а цяпер ёсць прадстаўніком Берасцейскай абласной арганізацыі Свабодных прафсаюзаў, якая адказвае за адпачынак. Таму актывіст паводле ўсіх інструкцыяў і палажэнняў, разам з паплечнікамі замераў глыбіню, праверыў ды пратаптаў дно дзеля выяўлення небяспечных прадметаў. Паставілі буйкі.

«Вось гэта ўсе патэнцыйна дзеянні, якія мусілі былі зрабіць улады. Каб калі нават не ўсё вадасховішча, але хаця б яго частку аддаць людзям у карыстанне. Як згодна з Канстытуцыяй, чалавечымі нормамі і традыцыямі – пяцьдзясят гадоў усё рабілася тут!» – кажа Валянцін Лазарэнкаў.

Дагэтуль ані інфармацыя ў медыях, ані 150 сабраных подпісаў чыноўнікі гэтак і не прынялі да ўвагі. Цяпер мясцовыя спадзяюцца на пракурора: яму ўжо накіравалі прапановы вырашыць пытанне. Смельчакі ж купаюцца – кажуць толькі, што часам штрафы плаціць даводзіцца.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках