24 красавiка 2024, Серада, 12:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежны эканаміст выступіў дэтэктарам хлусні для Белнафтахіма

3
Незалежны эканаміст выступіў дэтэктарам хлусні для Белнафтахіма
СЯРГЕЙ ЧАЛЫ
ФОТА: TUT.BY

Ці казалі чыноўнікі праўду?

12 жніўня ў Беларусі дзясяты раз з пачатку года падаражэла аўтамабільнае паліва. Як і ў папярэднія разы - на 1 капейку. І практычна адначасова з навіной пра чарговае падаражанне Белнафтахім публікуе свае адказы на пытанні, якія "задаюць аўтамабілісты на форумах".

Разам з эканамістам Сяргеем Чалым Еўрарадыё разбіралася, ці праўду адказвае Белнафтахім на ім жа выбраныя пытанні.

1. "Чаму нашы НПЗ атрымліваюць нафту нізкім коштам з Расеі, а задзіраюць кошт паліва вышэйшы за расейскі?

Скарочаны адказ Белнафтахіма:

"На гэты момант кошт маторнага паліва ў Беларусі ніжэйшы, чым у суседніх краінах, датуецца нафтаперапрацоўчымі заводамі, якія нясуць страты. Кошт паліва на беларускіх АЗС павінен перавышаць расейскія кошты праз больш далёкае транспартнае плячо паставак нафты".

Каментар Сяргея Чалага:

"Тут трэба параўноўваць транспартнае плячо паліва, а не нафты. У нас кошт павінен быць параўнальны з коштам паліва ў памежных з Беларуссю раёнах Расеі ці быць трохі ніжэйшым. Каб было нявыгадна паліва альбо адсюль вывозіць, альбо ездзіць запраўляцца ў Расею. Так што, аргумент аб плячы падыдзе, але да паставак не нафты, а паліва".

2. Паўсюль нафтаперапрацоўка - звышпрыбытковы бізнэс. Чаму ў нас не так?

Скарочаны адказ Белнафтахіма:

"Нашы НПЗ атрымалі страты праз тое, што кошт паліва на беларускіх АЗС не адпавядае кошту сыравіны, які вырас даслоўна за некалькі месяцаў на 35 адсоткаў. Цяпер кожны беларускі аўтамабіліст фактычна датуецца на 20-30 капеек на кожным літры паліва - больш, чым выдаткоўваецца заводамі на яго вытворчасць!"

Каментар Сяргея Чалага:

"Адзін з заводаў, хутчэй за ўсё, сапраўды нясе страты, а другі - блізкі да нулявой рэнтабельнасці. Што да 20-30 капеек, то праверыць гэта мы не можам: структура выдаткаў нам не бачная, бізнэс іх не вельмі празрысты ў гэтым плане. Але думаю, што сапраўды датацыя ёсць. Звязана гэта з тым, што паўгода таму быў досыць вялікі рост кошту нафты".

3. Чаму аўтамабілісты павінны "збірацца" на мадэрнізацыю НПЗ за кошт падвышэння коштаў на паліва?

Скарочаны адказ Белнафтахіма:

"У сабекошт бензіну крэдыты, узятыя на мадэрнізацыю, не ўключаюцца. Сваю мадэрнізацыю заводы аплачваюць самі".

Каментар Сяргея Чалага:

"Гэта хітрыкі. Наўпрост выдаткі на мадэрнізацыю ў кошт паліва не ўлічваюцца. Але кожная мадэрнізацыя адбываецца за кошт даходаў прадпрыемства, што ў выніку трапляе ў графу "выдаткі". І таму, калі паглядзець крыху далей, то ўбачым, што ў выніку мадэрнізацыя адбываецца за наш кошт. Але гэта відавочна: у выніку кошт паліва будзе залежаць у тым ліку і ад велічыні выдаткаў на мадэрнізацыю. Пагадзіцца можна толькі з тым, што выдаткі гэтыя неабходныя, і мадэрнізацыя неабходная таксама. Магчыма, яе нават варта было б рабіць хутчэй. Бо праз падатковы манеўр Расеі выжывуць толькі наймацнейшыя заводы з найбольшай глыбінёй перапрацоўкі".

4. Ці праўда, што ў кошце паліва 65% падаткаў?

Скарочаны адказ Белнафтахіма:

"У Беларусі падатковы складнік у кошце паліва - а гэта падатак на дададзеную вартасць, акцызы і іншыя зборы, якія плацяць нашы заводы, - цяпер займае да 40 адсоткаў".

Каментар Сяргея Чалага:

"Гэта вельмі складана ацэньваць, бо гэтыя акцызы могуць змяняцца ў залежнасці ад кан'юнктуры на рынку і ад кошту нафты. Увогуле, велічыня акцызы - гэта велічыня палітычная. Тут важна тое, што гэтая велічыня ад НПЗ не залежыць. Але лічба, названая Белнафтахімам, падобная да сапраўднай".

5. Падвышэнне коштаў пойдзе на заробак працаўнікам НПЗ і асабліва іх кіраўнікам?

Скарочаны адказ Белнафтахіма:

"Няпраўда"

Каментар Сяргея Чалага:

"Думаю, гэта пытанне яны задалі самі сабе. Што да заробкаў, перш за ўсё, спецыялістаў НПЗ, то яны залежаць ад канкурэнтных прапановаў з Расеі. Бо, калі заробкі ў нас знізяцца, людзі пачнуць задумвацца аб пошуку працы за мяжой".

6. "Чаму кошт нафты мяняецца кожны дзень, а Белнафтахім толькі падвышае кошты, не памяншаючы пры зніжэнні кошту нафты?"

Скарочаны адказ Белнафтахіма:

"Як паказвае практыка гэтага года, памяншае. Часта, на жаль, змены валютнага курсу нівеліруюць нашае зніжэнне коштаў".

Каментар Сяргея Чалага:

"Тут яны кажуць праўду. Так сапраўды было падчас крызісаў 2011 года і далей - у 2014-16 гадах".

7. "Чаму кошт бензіну не ўвязваецца з узроўнем даходаў насельніцтва?"

Скарочаны адказ Белнафтахіма:

"Увязваецца".

Каментар Сяргея Чалага:

"Не ўвязваецца. Хутчэй, увязваецца з узроўнем эфектыўнасці эканомікі наогул".

8. "Чаму дагэтуль не было ніякага механізму залежнасці кошту бензіну ад кошту нафты?"

Скарочаны адказ Белнафтахіма:

"Механізм такі быў і ёсць. У Расеі прынятая пастанова аб заканчэнні цягам найбліжэйшых гадоў свайго падатковага манеўру. Для Беларусі гэта значыць, з вялікай імавернасцю, што з 2024 года ў нас будуць сусветныя кошты нафты і сусветныя кошты аўтамабільнага паліва. Трэба рыхтавацца да такога ходу падзей".

Каментар Сяргея Чалага:

"Сусветныя кошты нафты будуць. Праўда, я спадзяюся на асабістыя дамоўленасці паміж Лукашэнкам і Пуціным з нагоды кампенсацыі Беларусі за расейскі падатковы манеўр".

«Не жадаем у 37-ы год»: жыхары Барнаула выйшлі на акцыю пратэсту - папраў, калі ласка, лід - Удзельнікі акцыі выйшлі ў абарону свабоды слова ў Сеціве

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках