20 красавiка 2024, Субота, 10:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Герой Плошчы-2010 дамогся справядлівасці ў ААН

6
Герой Плошчы-2010 дамогся справядлівасці ў ААН
ФОТА: REUTERS

Цяпер беларускі ўрад абавязаны выдаць Паўлу Баркоўскага адэкватную кампенсацыю.

13 жніўня Камітэт правоў чалавека ААН прыняў пастанову наконт скаргі грамадзяніна Беларусі (справа №2247/2013 года), дзе ўстанавіў жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, якое прыніжае годнасць, адміністрацыйна арыштаваных грамадзян. Справу каментуе кіраўнік Цэнтра стратэгічных цяжбаў, праваабаронца Леанід Судаленка, паведамляе гомельская «Вясна».

19 снежня 2010 года малады выкладчык БДУ Павел Баркоўскі ўдзельнічаў у Менску ў дэманстрацыі супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Аб 11 гадзіне вечара ён быў затрыманы «паводле абвінавачвання ў нецэнзурнай лаянцы» і дастаўлены ў міліцыю разам з дваццаццю іншымі асобамі. Па прыбыцці ў цэнтр зняволення, усе затрыманыя былі пастаўленыя тварам да сцяны, і працягвалі так стаяць да 7 раніцы наступнага дня.

Аўтар скаргі сцвярджаў, што за гэты час ён адчуў слабасць і пакутаваў ад болю ў нагах. А 10 гадзіне 20 снежня аўтар паўстаў перад суддзёй Савецкага раёну Менску, дзе быў асуджаны на 15 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным пратэсце.

Пасля суда яго зноў даставілі ў цэнт зняволення, дзе ён утрымліваўся ў камеры, памерам два квадратныя метры, з двума іншымі затрыманымі. Ён сцвярджае, што камера была настолькі малая, што ён не мог класціся і быў вымушаны стаяць сем гадзін. Ён быў пазбаўлены сну і не быў забяспечаны ежай і вадой да 5 раніцы 21 снежня (больш за 30 гадзін).

Затым яго перавялі ў следчы ізалятар на вуліцы Акрэсціна праз брак прасторы ў цэнтры ўтрымання пад вартай, а 22 снежня 2010 года ён быў вернуты ў цэнтр зняволення, дзе правёў астатнія 13 дзён пасля яго арышту.

Цягам першых шасці дзён Павел Баркоўскі знаходзіўся ў камеры плошчай блізу 20 квадратных метраў з 8-10 іншымі затрыманымі. Аўтар скардзіўся, што ўмовы ўтрымання пад вартай былі бесчалавечнымі. Ён сцвярджае, што ў камерах не было ложкаў або крэслаў, а толькі адная драўляная лава. Ён быў вымушаны спаць на голых драўляных дошках, бо яму не далі матрац, коўдру і падушку, хоць тэмпература ў камеры вагалася ад 10 да 14°С. Калі ўночы тэмпература апусцілася да 10°C ён замярзаў і не мог спаць. Яго мучылі болі ў спіне ад удараў, атрыманых падчас затрымання на плошчы, а таксама ён пакутаваў на галаўныя болі праз нястачу ежы і сну.

Камера была вельмі маленькай, таму ён не мог займацца ніякімі фізічнымі практыкаваннямі для таго, каб сагрэцца. Ён не мог чытаць, бо камера не забяспечаная дастатковым святлом, сталом і крэсламі. Ён таксама быў пазбаўлены штодзённых шпацыраў, быў вымушаны адчуваць моцны тытунёвы пах ад курцоў у ягонай камеры, што адмоўна адбілася на ягоным здароўі. Акрамя таго, прыбіральня не была аддзеленая ад агульнай плошчы камеры, і яму даводзілася карыстацца прыбіральняй на вачах у іншых, што прыніжала ягоную годнасць.

Разглядаючы гэтую справу, Камітэт правоў чалавека ААН паказаў, што асобы, пазбаўленыя свабоды не павінны мець ніякіх цяжкасцяў або абмежаванняў, акрамя пазбаўлення волі, і з імі павінны гуманна абыходзіцца ў адпаведнасці з Мінімальнымі стандартнымі правіламі абыходжання са зняволенымі ААН.

Камітэт у пастанове адзначыў, што ўрад Беларусі не аспрэчвае інфармацыю, прадстаўленую аўтарам у дачыненні да яго ўмоў утрымання пад вартай, таму неабходна надаць належную ўвагу сцверджанням аўтара. Камітэт разважыў, што ўмовы ўтрымання аўтара пад вартай парушалі права аўтара скаргі не мець жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага годнасць абыходжання.

Цяпер беларускі ўрад абавязаны даць аўтару эфектыўны сродак прававой абароны, забяспечыць адэкватную кампенсацыю, уключаючы кампенсацыю ўсіх судовых выдаткаў, а таксама прыняць меры для прадухілення аналагічных выпадкаў у будучыні, у тым ліку шляхам унясення змяненняў у дзейную сістэму падачы скаргаў у дачыненні да ўмоў утрымання пад вартай.

На пытанне «Еўрарадыё» аб тым, якія словы прыходзяць яму ў галаву, калі ён чытае зводкі пра чарговыя затрыманні за лаянку ў грамадскім месцы, філосаф, які калісьці сустракаў на Акрэсціна новы, 2011 год, выдае прадказальна інтэлігентны адказ:

Павел Баркоўскі:«Гэта пачуццё абразы за стан нашай сучаснай прававой сістэмы. На мой погляд, яна не адпавядае ніякім нормам, нават прынятым тут. І патрабуе карэннай рэформы».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках