19 красавiка 2024, Пятніца, 3:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто ў Беларусі застанецца без пенсій?

19
Хто ў Беларусі застанецца без пенсій?
Фота: bymedia

Грошай працоўных можа проста не выстарчыць на ўсіх пенсіянераў.

Кожны раз, зазіраючы ў разліковы лісток, мы бачым у ім графу «адлічэнні ў пенсійны фонд». Праўда, з гэтых, як правіла, невялікіх лічбаў, цяжка сказаць: колькі грошай будзе на руках кожны месяц, калі вы скончыце працаваць, піша tut.by.

Журналісты падрыхтавалі «шпаргалку» будучага пенсіянера.

Якая яна пенсійная сістэма ў Беларусі?

Прынцып, паводле якога размяркоўваюцца грошы для пенсіянераў у нашай краіне, называецца салідарным. Калі казаць проста: тыя, хто яшчэ працуе, сваімі адлічэннямі забяспечваюць жыццё тых, хто ўжо «закрыў» сваю працоўную кніжку. З нашага заробку ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) сыходзіць 1%, а наймальнік (напрыклад, ваша фірма) ад агульнага фонду аплаты працы работнікаў пералічвае яшчэ 28%. Гэтыя грошы нідзе не назапашваюцца, а размяркоўваюцца сярод тых, каму пенсія належыць ужо сёння. Фактычна, мы плацім пенсію сваім бацькам, нам будуць плаціць нашы дзеці і так далей.

Чаму пенсіі так рэдка падвышаюць?

Таму што падвышаюць пенсіі толькі пры наяўнасці сродкаў у бюджэце. Як правіла, гэта адбываецца два разы на год. Да таго ж, чыноўнікі арыентуюцца на сярэдні заробак у краіне і тое, як яна расце.

На жаль, выплаты цяперашнім пенсіянерам нельга назваць вялікімі. Напрыклад, сярэдняя пенсія з прычыны ўзросту ў жніўні павінна скласці 364,2 рубля — гэта блізу 38% ад сярэдняга заробку.

Ад чаго залежыць сума менавіта маёй пенсіі?

Адлічэнні ў ФСАН з заробку не ўплываюць на канчатковыя сумы пенсіі наўпрост. Дакладную суму вашых выплат вам разлічаць, калі вы дасягняце пенсіённага ўзросту.

Каб атрымліваць пенсію з прычыну ўзросту, трэба адпрацаваць пэўную колькасць гадоў. Цяпер мінімальны працоўны стаж кожны год расце на 6 месяцаў і ў 2025 годзе складзе 20 гадоў. Адзначым, гэта 20 гадоў афіцыйнай працы з адлічэннем унёскаў у ФСАН.

Другі важны паказчык, ад якога залежыць сума будучай пенсіі, гэта ваш індывідуальны каэфіцыент заробку (ІКЗ). Вось тут ужо будзе ўлічаны менавіта ваш заробак і яго суадносіны з сярэднімі заробкамі іншых беларусаў. Зразумела, на суму пенсіі паўплываюць і працяг працы пасля дасягнення пенсійнага ўзросту, а таксама інваліднасць і іншыя абставіны.

Як даведацца, якая пенсія будзе менавіта ў мяне?

Прыкладна падлічыць, на што вы будзеце жыць пасля таго, як скончыце сваю працоўную дзейнасць, можна ўжо цяпер. На партале сацыяльнай абароны для гэтага ёсць спецыяльны калькулятар. Уносіш у яго мінімум параметраў (пол, колькасць адпрацаваных да дасягнення пенсійнага ўзросту гадоў, індывідуальны каэфіцыент заробку) — і атрымліваеш вынік.

Адразу скажам, разлікі прыкладныя. Стаж палічыць лёгка — усе мы ведаем, колькі гадоў ужо працуем, колькі — вучыліся ў ВНУ або сядзелі ў дэкрэце (гэтыя гады ў залік не пойдуць) і ведаем, колькі нам засталося да пенсіі. А вось з падлікамі каэфіцыенту «заробку» справа ідзе складаней.

Вам трэба ацаніць велічыню ўласнага заробку (да выплаты падаткаў) за апошнія 20-25 гадоў працы ў параўнанні з сярэднім заробкам у краіне. Калі заробак быў на ўзроўні сярэдняга, то індывідуальны каэфіцыент заробку прыкладна складзе 1, калі ў два разы вышэйшы за сярэдні — ІКЗ складзе 2, напалову ніжэй сярэдняга заробку — 0,5.

Напрыклад, жанчына з вышэйшай адукацыяй, якая адпрацавала 33 гады, адседзела цалкам дэкрэтны адпачынак і атрымлівала сярэдні заробак у краіне, можа разлічваць на 316 рублёў пенсіі.

Пры гэтым, з 2016 года ІКЗ абмяжоўваецца пяціразовым заробкам. Гэта значыць, нават калі заробак у вас быў вельмі вялікі, каэфіцыент не можа быць большы

Я магу застацца без пенсіі?

Калі мала працавалі ці не працавалі зусім — практычна. Такім людзям у Беларусі будуць плаціць мінімальную працоўную пенсію (дзесьці 25 даляраў). Але проста хадзіць на працу мала: важна, каб наймальнік (або вы самі, калі вы аформленыя як ІП) рабіў належныя адлічэнні ў ФСАН. Менавіта гэтыя гады і пойдуць у залік страхавога стажу. Калі ж вы, напрыклад, не працавалі або працавалі неафіцыйна, разлічваць, што гэтыя гады палічаць, не варта.

Нагадаем, у страхавы стаж не залічваюць вучобу, службу ў войску, дэкрэтныя адпачынкі і некаторыя іншыя перыяды.

Я магу праверыць, ці робіць належныя адлічэнні на будучую пенсію наймальнік?

Можаце. Да жаль, часам бывае і такое, што чалавек працуе, а ўнёскі за яго наймальнік не плаціць. Гэта значыць, заробак вы атрымліваеце і, магчыма, нават і нядрэнны, а вось на пенсійны рахунак ні капейкі не паступае. Але для налічэння пенсіі павінна супасці менавіта два параметры — афіцыйная праца і адлічэнні ў ФСАН.

Каб праверыць, ці ўсё ў парадку, трэба звярнуцца ў раённы аддзел Фонду сацыяльнай абароны на месцы жыхарства або на месцы знаходжання арганізацыі, у якой вы працуеце. Прынамсі, з таго моманту, як у краіне з'явіўся індывідуальны (персаніфікаваны) улік — гэта адбылося 1 студзеня 2003 года — гэтыя звесткі ў наяўнасці будуць. Калі ўбачылі, што наймальнік не плаціць, тэрмінова высвятляйце ў яго, калі ён выплаціць завінавачанасць. Ну і вызначайцеся, ці варта працягваць працаваць на яго далей.

Варта разлічваць на пенсію ад дзяржавы?

З аднаго боку, салідарная пенсійная сістэма можа здацца камфортнай для работніка. Не трэба самому займацца пенсійнымі пытаннямі. Але ўсе б добра, калі б не дэмаграфія. Беларусь, як і ўвесь свет, старэе. Цяпер на 10 работнікаў прыпадае 4 пенсіянеры. Паводле прагнозаў, праз 20 гадоў, суадносіны будуць 10 да 6. Гэта значыць, што грошай працоўных можа проста не выстарчыць на ўсіх пенсіянераў.

Каб неяк знізіць нагрузку на працоўных і не дапусціць падзення пенсій, пастанавілі паступова падымаць пенсійны ўзрост. Нагадаем, хутка жанчыны ў нашай краіне павінны будуць працаваць да 58 гадоў, мужчыны — да 63. Не выключана, што ў будучыні і гэтыя лічбы перагледзяць у бок павелічэння.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках