28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ішоў 25-ы год яго кіравання. Ці верыў ён у такі канец?»

64
«Ішоў 25-ы год яго кіравання. Ці верыў ён у такі канец?»

Румынскія паралелі.

«29 гадоў таму адбылася рэвалюцыя ў Румыніі. Яны яго зрынулі. Нязменнага лідара. Клан Чаўшэску абрынуўся, — напісаў барысаўскі прадпрымальнік Віктар Гарбачоў у «Фэйсбуку». — Народ па «заслугах» ацаніў вынік ягонага кіравання. Расстралялі. Без суда і следства. Без правядзення рэферэндуму. Без галасавання на 99,9% — «ЗА». Не чакалі падвядзення вынікаў галасавання з ЦВК. Паставілі тлустую кропку ў гісторыі будаўніцтва сацыялізму. Здавалася, што назаўжды.

ПАДЧАС КІРАВАННЯ ЧАЎШЭСКУ РУМЫНЫ АТРЫМЛІВАЛІ ЕЖУ ПА КАРТКАХ І ХАДЗІЛІ Ў ПУСТЫЯ КРАМЫ, КОЖНУЮ З ЯКІХ ЎПРЫГОЖВАЎ ПАРТРЭТ ПРАВАДЫРА. ФОТА PATRICK ROBERT/GETTY IMAGES

У 1965 годзе ён узышоў на трон. І не сыходзіў з яго да апошняй кроплі крыві. Да кулі ля сцяны. Да 1989 года. Ішоў 25-ы год ягонага кіравання. Верыў ён у такі канец? Ці думаў пра гэта пры жыцці? Не ведаю. Ён не скажа. Але. Пачынаў ён прыгожа: барацьба з карупцыяй, маштабнае будаўніцтва ва ўсёй краіне. Яму падабалася ўсё разбураць да падмурку — і будаваць новае. Вельмі вялікае, аб'ёмнае. Ён быў апантаны ідэяй велічы. Манія маштабнага. З гадамі ўваходзіў у смак.

ПАКУЛЬ ГРАМАДЗЯНЕ КРАІНЫ ЗАЦЯГВАЛІ ПАЯСЫ, ЧАЎШЭСКУ МЫЎСЯ Ў ЗАЛАТОЙ ВАННЕ, А ЯГОНЫ САБАКА РАЗ'ЯЗДЖАЎ ПА БУХАРЭСЦЕ Ў СУПРАВАДЖЭННІ КАРТЭЖА. ФОТА VADIM GHIRDA/AP

Колькасць ягоных асабістых палацаў і рэзідэнцый расла ва ўсёй краіне як грыбы. Народ бяднеў. А ён ладзіў усё больш і больш розных святаў ва ўсёй краіне, мітынгаў у сваю падтрымку, канцэртаў. Ён усё больш і больш прамаўляў. Усюды. Адзін казаў. А ўсе пакорліва слухалі. Ён вучыў усіх усяму. Ён усё ведаў: у спорце, у музыцы, у будаўніцтве, у культуры. І чым больш ён казаў і вучыў — тым горш жыў народ. Галеча накрывала краіну як цемра. На ўсіх каналах ТВ і ва ўсіх СМІ — прыгажосць.

У краіне расла смяротнасць, асабліва дзіцячая. А ён будаваў для сваіх сабак «сабакарні» — лепшае, чым жытло румынаў, тых, якія паводле канстытуцыі з'яўляюцца гаспадарамі ў сваёй краіне.

У ПАЛАЦЫ ВЯСНЫ, ДЗЕ ЖЫЎ ЧАЎШЭСКУ З ЖОНКАЙ АЛЕНАЙ, БЫЛО 80 ПАКОЯЎ. У 2016-М БЫЛУЮ РЭЗІДЭНЦЫЮ АДКРЫЛІ ДЛЯ НАВЕДВАННЯ ТУРЫСТАЎ. ФОТА VADIM GHIRDA/AP

Ён весяліўся. Памнажаліся спецслужбы. Для асабістай аховы і зрынання абураных. Турмы запаўняліся прамоўцамі праўды. Ім затыкалі і залівалі раты. Напэўна, ён думаў, што так будзе заўсёды. Да бясконцасці. Аднак народ паставіў кропку. Хаця? Спецслужбы ў першыя ж дні выступы народа пачалі расстрэльваць і душыць актыўнасць. Не дапамагло.

«Расстрэл — гэта і была справядлівасць ад народа»

На бок народа перайшло войска. Войска выступіла супраць ГБ і ўсіх іншых спецслужбаў. І перамагло. Войска было з народам. Народ выступіў з адзіным пасылам для ўсіх: «Мы патрабуем справядлівасці!» і «Такое не павінна паўтарыцца!». Расстрэл — гэта і была справядлівасць ад народа.

Па ўсёй краіне скідвалі помнікі Леніну. Яго ўважалі за асноўнае злом. Пачаткам зла. Пасля расстрэлу выявіліся шматлікія факты кіравання клана і ягоных набліжаных. Дзясяткі велічных палацаў. Каштоўнасці. Сувязі з міжнароднай мафіяй. Разрабаванне ўсіх каштоўнасцяў краіны. Вываз капіталу за межы і вялікія рахункі ў банках. Кіраўнікі і кіроўная верхавіна разбягалася, хто куды мог. Выносілі не толькі ногі, але і нарабаванае. Вывозілі сябе і сваіх родных. Іншыя на месцах пераафарбоўваліся і прыстасоўваліся пад новыя павевы. Прыстасаванцы, якіх усюды і заўсёды стае. Як хамелеоны. Яны чакалі свайго часу. Каб зноў увайсці ва ўладу і пачаць рабаваць. Проста яны сцішыліся.

«Дзеці і ўнукі тых, хто быў і за Чаўшэску кіраўнікамі на месцах, вярнуліся ва ўладу»

Сёння 2018 год. Бушуе і хвалюецца народ Румыніі. Сотні тысяч на плошчах зноў сёння. Чаго яны хочуць? Спыніць рабаванне краіны. Карупцыя страшная. Народ бяднее. Усе ўцякаюць з краіны. Усё ідзе па коле. А ведаеце чаму? Тады, у 1989 годзе быў не канец кіравання клана. Гэта быў пачатак новага шляху. Камунізм схаваўся. І рыхтаваўся да свайго часу.

СОТНІ ТЫСЯЧ ЧАЛАВЕК ШТОДНЯ ЎДЗЕЛЬНІЧАЛІ Ў ВУЛІЧНЫХ ПРАТЭСТАХ ВА ЎСЁЙ РУМЫНІІ ПАСЛЯ ТАГО, ЯК 31 СТУДЗЕНЯ ЎРАД ДЭКРЫМІНАЛІЗАВАЎ ШЭРАГ КАРУПЦЫЙНЫХ ЗЛАЧЫНСТВАЎ

Ведаеце, хто сёння ва ўладзе? Дзеці і ўнукі тых, хто быў і за Чаўшэску кіраўнікамі на месцах. Тыя, хто ўцёк, схаваліся і сцішыліся. Каб зноў вярнуцца ва ўладу гадоў праз 20. І жыць так, як іх дзяды. Яны вярнуліся. Улезлі ва ўладу — і ўсё пачало паўтарацца. Рэвалюцыя 1989 года не паставіла канчатковую кропку. Яна расцягнулася ў часе. Не была праведзеная канчатковая люстрацыя тых, хто рабаваў і здзекаваўся тады разам з кланам Чаўшэску. Думалі, што ўсё змяніліся і больш так не будуць. Яшчэ як будуць! Іх жа не кранулі. Пашкадавалі.

СІМВАЛАМ ПРАТЭСТУ СТАЛІ АГНІ ТЫСЯЧ СМАРТФОНАЎ, ЯКІЯ ПАДСВЕЧВАЛІ ЧЫРВОНЫЯ, СІНІЯ І ЖОЎТЫЯ ПАЛОСКІ ПАПЕРЫ — ГІГАНЦКІ РУМЫНСКІ СЦЯГ.

Яны не шкадуюць. Яны вяртаюцца. І не проста вяртаюцца, а хочуць жыць, як іх продкі. Вялікія палацы, арэны, канцэрты і мітынгі ў іх падтрымку.

Вам гэта нічога не нагадвае? Вы думаеце, усё будзе справядліва, калі абрынецца клан? Усе зменіцца на адзін узмах рукі? Мы загразлі ў гэтым лайне на многія дзесяцігоддзі. Шлях цяжкі. Аднак, чым раней пачнЁм, тым хутчэй Убачым канец. І кожны павінен адказаць. Кожны. Бо дараванне верне ўсё назад.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках