28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Washington Post: Новыя санкцыі ЗША ўзарвуць расейскую эканоміку

9
Washington Post: Новыя санкцыі ЗША ўзарвуць расейскую эканоміку

У Расеі ёсць толькі 90 дзён, каб давесці, што яна не выкарыстоўвае хімічную зброю.

Новыя санкцыі ЗША, якія збіраюцца ўвесці праз атручванне былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля, удараць па расейскіх дзяржаўных банках і замарозяць іх даляравыя трансакцыі. Праз гэта Масква не зможа купляць газавыя турбіны і неабходную электроніку, а Вашынгтон пачне з ёй менш размаўляць, піша «Washington Post», (пераклад - inforesist.org).

Так шмат адбылося за час працы адміністрацыі Дональда Трампа, нягледзячы на яго жаданне палепшыць стасункі з Крамлём. Падчас працы яго адміністрацыі ЗША абклалі Расею побач санкцый за парушэнне правоў чалавека, умяшанне ў амерыканскія выбары, вайсковае ўварванне ва Украіну і Сірыю. У асноўным яны каралі расейскіх чыноўнікаў і сяброў Уладзіміра Пуціна замест таго, каб наносіць удар па цэлых сектарах эканомікі.

У 2014 годзе ЗША і ЕЗ абмежавалі доступ Масквы да глабальных фінансавых рынкаў і абсталявання, неабходнага для рэалізацыі новых энергетычных праектаў. Гэтыя меры былі пакараннем, але тое, што адміністрацыя Трампа анансавала на працягу апошніх некалькіх тыдняў, будзе значна горш.

Новыя абмежаванні будуць укаранёныя праз закон ЗША аб забароне выкарыстання хімічнай зброі пасля таго, як амерыканскія службы прызналі, што Расея выкарыстоўвала яд «Навічок» на тэрыторыі Вялікабрытаніі для замаху на Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку. Першая порцыя санкцый уступіць у дзеянне 22 жніўня.

Яна пазбавіць Расею магчымасці купляць шэраг тавараў, неабходных ёй у сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі. І папярэднія санкцыі забаранялі прадаваць Маскве тавары вайсковага або двайнога прызначэння. Але цяпер ёй нельга будзе купіць на Захадзе таксама газавыя турбіны, электроніку і калібровачную тэхніку. Дагэтуль у Крамля была магчымасць атрымаць такія тэхналогіі для асобных праектаў. Дзярждэпартамэнт падлічыў, што новыя абмежаванні могуць выліцца ў страты на сотні мільёнаў даляраў у гандлі.

«Гэта сур'ёзны крок, але пераадолець яго можна», - сказаў былы амерыканскі дыпламат Дэніэл Фрыд, які быў каардынатарам палітыкі ў пытаннях санкцый у Дзярждэпартаменце.

Аднак, ужо праз тры месяцы можа стаць яшчэ горш. У Расеі ёсць толькі 90 дзён, каб давесці, што яна не выкарыстоўвае хімічную зброю. Пры гэтым, яна павінна запэўніць, што дазволіць праводзіць інспекцыі і праверкі ў будучыні. Калі Расея не выканае гэтыя ўмовы, Трамп будзе абавязаны ўвесці новую порцыю санкцый.

Гэта будзе азначаць, што яна страціць шматбаковую банкаўскую дапамогу, сутыкнецца з шырокімі абмежаваннямі экспарту і імпарту, дыпламатычныя стасункі будуць скарочаныя, а расейскім авіякампаніям будзе забаронена прызямляцца ў ЗША. Акрамя таго, амерыканскім банкам будзе забаронена даваць пазыкі ўраду Расеі. Гэта можа нанесці сур'ёзны ўдар і дэстабілізаваць расейскую валюту і фондавыя біржы.

Расейскі дэпутат Вячаслаў Ніканаў сказаў, што ўвядзенне другой порцыі санкцый непазбежна. Калі гэта адбудзецца, стасункі Крамля з Вашынгтонам яшчэ больш пагоршацца, хоць яны ўжо найгоршыя з часоў Халоднай вайны.

Але ўсё можа быць яшчэ горш, калі законапраект аб «Абароне амерыканскай бяспекі ад агрэсіі Крамля», які быў пададзены Кангрэсу 2 жніўня, будзе прыняты. Пасля гэтага пад удар патрапяць расейскія банкі, а іх аперацыі ў далярах ЗША будуць замарожаныя. Гэта падарве расейскую эканоміку.

Нагадаем, раней у ЗША анансавалі новыя санкцыі ў дачыненні да Расеі, якія абмяжуюць экспарт у РФ тавараў, якія могуць быць звязаныя з нацыянальнай бяспекай (электронных прылад і іх кампанентаў, у тым ліку якія выкарыстоўваюцца ў авіяцыйнай галіне). Законапраект, ужо ўнесены ў Кангрэс ЗША, таксама прапануе замарозіць у ЗША актывы расейскіх ЗЭБа, Ашчадбанка і ВТБ.

Санкцыі, якія ў Расеі назвалі «драконаўскімі» ўжо ўдарылі па курсе рубля і па акцыях вядучых расейскіх банкаў.

Прэм'ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў параўнаў новыя санкцыі ЗША з абвяшчэннем эканамічнай вайны.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках