27 красавiка 2024, Субота, 3:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасля смерці Коржыча ў Печах яго сябар-калега спрабаваў забіць сябе

17
Пасля смерці Коржыча ў Печах яго сябар-калега спрабаваў забіць сябе
ФОТА: SVABODA.ORG/ULADZ HRYDZIN

У судзе выяўляюцца новыя дэталі ў справе пра смерць жаўнера Аляксандра Коржыча ў вайсковай частцы ў Барысаве.

13 жніўня на працэсе паводле крымінальнай справы аб смерці 21-гадовага салдата Аляксандра Коржыча працягнулі допыт пацярпелых жаўнераў. Пятым дапытаным стаў Раман Аскерка, з якім Коржыч разам служыў у Печах, паведамляе «Радыё Свабода».

Раман Аскерка адзіны прысутны на працэсе калега Аляксандра Коржыча, з якім той падтрымліваў блізкія сяброўскія стасункі падчас службы.

Коржыч і Аскерка служылі ў 3-й роце 307 школы, іх ложкі стаялі побач у адной казарме. Пра тое, што Аляксандр Коржыч падтрымліваў блізкія стасункі з Аскеркам, казалі і іншыя апытаныя судом пацярпелыя жаўнеры.

Акрамя Аскеркі, Коржыч шчыльна кантактаваў з шарагоўцам Аліхажаевым, які ўчыніў спробу самагубства неўзабаве пасля смерці Коржыча і быў камісаваны пасля знаходжання ў Навінках. Аліхажаеў у працэсе не ўдзельнічае, яго месца знаходжання невядомае.

«Спачатку мы не асабліва шчыльна кантактавалі з Коржычам, - распавёў суду Раман Аскерка. - Калі разам трапілі ў трэцюю роту, ужо кантактавалі больш шчыльна. Мой ложак быў побач з ложкам Аляксандра. Нармальны хлопец, ні з кім не канфліктаваў, нармальна камунікаваў. Коржыч не скардзіўся мне ні на што спачатку. Пачаў скардзіцца пасля таго, як трапіў у медпункт у пачатку верасня. Коржыч казаў, што ў яго баліць сэрца. Пасля медпункта ён перастаў камунікаваць з калегамі. Прыкладна праз тыдзень пасля гэтага, Аляксандра забралі ў медпункт. Больш я яго не бачыў».

Новыя сведчанні нестатутных дачыненняў у Печах

Раман Аскерка, як і іншыя апытаныя судом пацярпелыя жаўнеры, распавёў пра парушэнні статуту, якія былі ў частцы. Аб выкупе правы карыстацца тэлефонамі ў сяржантаў (асабіста Аскерка заплаціў за гэта 30 рублёў), неабходнасць перыядычна набываць сяржантам каву, цыгарэты, вафлі ды іншыя прадукты. Таксама ён пацвердзіў, што некалькі разоў сяржант Бараноўскі прымушаў салдат адціскацца ад зямлі за дробныя парушэнні. У тым ліку ў процівагазах.

«Я б не сказаў, што ў Коржыча быў канфлікт з Бараноўскім, у яго былі нармальныя з ім стасункі, - распавёў Аскерка. - Я аднойчы бачыў, як сяржант Вяжэвіч патрабаваў у Коржыча купіць яму вафлі. Коржыч купляў сяржантам прадукты, але колькі разоў ён гэта рабіў, я не ведаю. Таксама быў выпадак, калі сяржант Вяжэвіч загнаў Коржыча ў яму і кідаў у яго рыдлёўкі зверху ўніз. Пры гэтым ён смяяўся. Сяржант Скуратовіч усё бачыў, але не ўмешваўся».

У медроце Коржыча трымалі пад вартай

Раман Аскерка пацвердзіў, што сяржант Бараноўскі карыстаўся тэлефонам Коржыча. Чаму так адбывалася, ён не ведае.

«У другой палове верасня я павёў у мeдроту іншага калегу, - распавёў Раман Аскерка. - Там я спытаў, дзе Аляксандр Коржыч, як яго можна ўбачыць. Мне сказалі, што яго ў медроце няма. І што ён, хутчэй за ўсё, у шпіталі, куды яго адвезлі з медроты. Мне вядома, што ў медроце Коржыч знаходзіўся пад вартай. Пра гэта казалі жаўнеры. Не ведаю, адкуль была такая інфармацыя».

Раман Аскерка таксама распавёў, што пра смерць Аляксандра Коржыча ягоныя калегі даведаліся ад следчых, якія прыйшлі ў частку рабіць дагляд рэчаў загінулага жаўнера. Ні кіраўніцтва часткі, ні сяржанты аб гэтым ім не паведамлялі.

«Я не ведаю, чаму Аляксандр зрабіў гэта, - сказаў Раман Аскерка. - Ён не казаў мне, што хоча ўчыніць самагубства і не скардзіўся на дзеянні сяржантаў».

Працэс паводле справы аб смерці салдата Аляксандра Коржыча ідзе ў Менскім абласным судзе з 8 жніўня. На лаве падсудных трое сяржантаў роты, у якой служыў загінулы шараговец.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках