26 красавiка 2024, Пятніца, 0:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння – пік самага прыгожага зарападу года

1
Сёння – пік самага прыгожага зарападу года

Найлепшы час для назіранняў – блізу 4 гадзіны ночы.

Максімум метэорнай плыні Персеіды атрымаецца назіраць ужо сёння ноччу – з 12 на 13 жніўня. Паводле прагнозу Міжнароднай метэорнай арганізацыі, у моманты піку ягоная актыўнасць дасягне блізу 110 метэораў за гадзіну. Гэта самы эфектны штогадовы «зарапад» у Паўночным паўшар'і. Калі пашанцуе з надвор'ем, яго будзе відаць і з Беларусі, паведамляе tut.by.

«Назіраць метэорную плынь Персеіды лепш за ўсё за горадам, удалечыні ад святла ліхтароў у мясцовасці з адкрытым даляглядам. Метэоры будуць вылятаць з сузор'я Персея – там знаходзіцца радыянт, але погляды і фотакамеры варта накіраваць троху ў бок, да прыкладу, на сузор'я Цефей або Лебедзь», – адзначаюць прадстаўнікі Менскага планетарыя.

«Маладзік 11 жніўня забяспечыць ідэальныя ўмовы для назіранняў. Адрэзкі ў сярэдніх паўночных шыротах будуць больш спрыяльныя для назірання Персеідаў, бо адсюль радыянт будзе бачны пачынаючы з 22–23 гадзіны паводле мясцовага часу, набіраючы вышыню цягам усёй ночы», – пішуць спецыялісты Міжнароднай метэорнай арганізацыі.

НАЗІРАННЕ ЗА ПЕРСЕІДАМІ Ў НОЧ НА 11 ЖНІЎНЯ 2018 ГОДА
Фота: Віталь Хацук / ASTROROMANTICS.BY

Найлепшы час для назіранняў – блізу 4-й гадзіны ночы, у гэты момант радыянт будзе знаходзіцца ў найвышэйшай кропцы, а «знічкі» будуць візуальна рухацца па небе даўжэй за ўсё.

Калі вы не зможаце назіраць метэорную плынь у ноч з нядзелі на панядзелак, не пакідайце спробаў зрабіць гэта ў іншыя дні. Асобныя «знічкі» ёсць шанец убачыць на цёмным небе да 24 жніўня.

Нагадаем, метэорная плынь – гэта астранамічная з'ява, выкліканае ўварваннем у пласты атмасферы нашай планеты вялікай колькасці метэорных целаў, спароджаных выкідамі рэчыва з ядраў каметаў або астэроідаў. Падчас гадавога кручэння па сваёй арбіце Зямля перыядычна перасякае след, пакінуты праходжаннем каметаў або астэроідаў. Часціцы з гэтага следу трапляюць у атмасферу Зямлі і згараюць у ёй, выклікаючы яркія выбліскі.

Моцная метэорная плынь Персеіды народжаная часціцамі рэчыва, пакінутымі пасля праходжання каметы Свіфта – Татла. Радыянт гэтай метэорнай плыні размешчаны ў сузор'і Персей, таму ён і атрымаў такую назву.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках