25 красавiка 2024, Чацвер, 9:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новыя сэрыялы лета для прагляду ў суботу-нядзелю

Новыя сэрыялы лета для прагляду ў суботу-нядзелю

Сярод іх ёсць некалькі камедый.

Трошкі новых серыялаў для вас у гарачыя суботы-нядзелі (і да канца жніўня), піша citydog.by.

Саманта

Пасля крыжовага ТВ-паходу «Рабыні Ізаўры» у далёкіх 1990-х мы зноў даведаемся пра бразільскія сэрыялы. Адбываецца гэта дзякуючы Netflix, які пашырае зону ўплыву, адначасна прапаноўваючы гледачам даволі экзатычныя праекты.

«Саманту» знялі ў Бразіліі: на бразільскім матэрыяле, але для worldwide-паказу (уласна, дзякуй Netflix). Гэта абаяльная і экспрэсіўная камедыя пра жанчыну, якая мела зорную мінуўшчыну. У 1980-х дзяўчынка Саманта праславілася на бразільскай ТВ. Цяпер ёй «крыху за трыццаць», жыццё сталася зусім не зорным, і яна раптам наважвае вярнуцца ў гульню. Вядома ж, гэта пацягне за сабой мноства смешных, часам недарэчных сітуацый.

Дарэчы, сярод прадусараў сэрыялу значыцца Чак Лоры, шоўранэр The Big Bang Theory.

Дата выхаду: на Netflix c 6 ліпеня.

Сакральныя гульні

Першы арыгінальны індыйскі сэрыял Netflix. Відавочна, што інтэрнэт-сэрвіс накіраваны на велізарную аўдыторыю ў Індыі, але сэрыял напэўна зацікавіць і жыхароў іншых краін. Дастаткова ўспомніць, як кніжны бэстсэлер «Шантар» прадаваўся шалёнымі накладамі па ўсім свеце.

«Сакральныя гульні» - экранізацыя аднайменнай кнігі журналіста Вікрама Чандры. Сэрыял змешвае нацыянальны каларыт, крымінальны трылер і сацыяльную драму ў дзіўную мешанку. Уплывовы мафіёзі Гайтонд з Мумбая раптам тэлефануе паліцыянту Сартажу Сінгху і прадказвае загубу мегаполіса праз 25 дзён, калі ён не выканае таямнічую місію. Сінгх вымушаны пільнавацца плана, які яму невядомы.

Паралельна развіваецца флэшбэк-лінія - гісторыя ўзыходжання Гайтонда на вяршыню крымінальнага свету Мумбая. І яна вельмі цікавая, бо ў ёй аўтарская выдумка суседзіць з рэальнай індыйскай гісторыяй (напрыклад, разбурэнне мусульманскай мячэці Бабры ў горадзе Аёдх'і). Таму «Сакральныя гульні» можна смела глядзець як этнаграфічнае кіно.

Дата выхаду: на Netflix c 6 ліпеня.

Ложа 49

Самы пазітыўны і разняволены сэрыял у нашым сённяшнім спісе. Камедыя з элементамі драмы пра шчасце, расчараванні, пошукі сэнсу жыцця. У стварэнні сюжэту удзельнічаў вядомы акцёр Пол Джамаці ( «Абацтва Даўнтон», «Мільярды»).

Былы сёрфэр Дад выпаў з жыцця пасля раптоўнай смерці бацькі. Воляй выпадку ён трапляе ў дзіўную суполку, якая называе сябе «Ложа 49». Самае дзіўнае, што яе ўдзельнікі ўжо чакалі Дада, а сёй-той нават уважае яго за асаблівага. Разам з новымі таварышамі Дад пачне ладзіць сваё жыццё зноўку.

Дарэчы, галоўную ролю - абэлтуха Дада - выканаў сын Курта Расэла Уаят. Вы маглі бачыць яго ў трэцім сэзоне «Чорнага люстра».

Дата выхаду: На AMC з 6 жніўня.

Гуль

І зноў Індыя, зноў Netflix. Онлайн-кінатэатр выкупіў індыйскі «жах» і зрабіў з яго міні-сэрыял у жанры хорар. Першапачаткова сэрыял арыентаваны на носьбітаў хіндзі, але, вядома, будзе даступны і на іншых мовах.

«Гуль» цікавы спасылкамі да індыйскай культурнай спадчыны і міфалогіі. У розных крыніцах словам «Гуль» называюць пярэваратняў і нячысцікаў, у ісламе - спараджэнне ібліса. Галоўная гераіня сэрыялу (балівудская зорка Радхіка Аптэ) убачыць гуля на свае вочы.

Калі ў сакрэтную турму трапляе падазраваны ў тэрарызме, перамоўніца Ніда Рагім залучаецца да ягоных допытаў. Але неўзабаве вязень пачынае не на жарт палохаць сваіх турэмшчыкаў, распавядаючы іхнія сакрэты. Падобна да таго, што ён зусім не чалавек...

Дата выхаду: На Netflix з 24 жніўня.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках