25 красавiка 2024, Чацвер, 11:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як у Гародні два студэнты пратэставалі супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію

4
Як у Гародні два студэнты пратэставалі супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію

Гісторыя юных дысідэнтаў.

Паўстагоддзя таму, у ноч з 20 на 21 жніўня 1968 года, савецкія войскі ўвайшлі ў Чэхаславакію. Прычына была ў рэформах, якія атрымалі назву «Пражская вясна» і вельмі не падабаліся тагачаснаму кіраўніцтву СССР. Супраць уводу войскаў актыўна, калі гэтае слова можна ўжыць да тых рэалій, пратэставалі савецкія дысідэнты. Найбольш значная акцыя прайшла на Краснай плошчы ў Маскве.

Яе назвалі «дэманстрацыяй семярых». Але мала хто ведае, што прыкладна ў гэты самы час у Гародні два студэнты таксама пратэставалі і паплаціліся за тое свабодай, піша tut.by.

Фото: Катерина Гордеева

Сяргей Каленчанка і Аляксандр Раманаў вучыліся тады на хімічна-біялагічным факультэце Гарадзенскага педагагічнага інстытута, як тады называўся цяперашні ўніверсітэт.

А ўвогуле хлопцы сябравалі з дзіцячага садка. І ў турму селі разам.

– Нават ёсць меркаванні пра гістарычныя фатаграфія, дзе мы на навагоднім ранішніку зайчыкамі танцуем каля ялінкі, – смяецца Сяргей і паказвае старыя здымкі.

Фотаздымкаў засталося мала – частку мужчына аддаў сваякам свайго сябра, частку – гісторыкам і калекцыянерам.

Аляксандр Раманаў памёр у 2005 годзе. Адзіным сведкам тых падзей у Гародні застаўся Сяргей.

Фото: Катерина Гордеева

– Маладыя мы былі. Тады нават з дзяўчатамі яшчэ не сустракаліся. Ведаеце, гэта такі юнацкі максімалізм быў хутчэй, чым нейкая аформленая і дарослая пазіцыя. Так, мы былі не згодныя з увядзеннем войскаў у Чэхаславакію. Многія тады былі не згодныя. Абмяркоўвалі, абураліся. А тым больш усё гэта адбывалася ў студэнцкім асяроддзі. Багема, што вы. Але далей размоваў справа не ішла. Аднак Саша хацеў дзеянняў, – узгадвае Сяргей.

Фото: Катерина Гордеева

У галаве ў хлопца раіліся думкі: «А можа, што-небудзь зрабіць з гарадзенскім помнікам Леніну ў цэнтры горада? А можа, выйсці на плошчу з плакатам або распісаць асфальт, каб у горадзе пра гэта казалі?»

Пра тое, што 25 жніўня ў Маскве пратэставалі маладыя хлопцы, гарадзенскія юнакі не ведалі. Інфармацыя пра тую падзею да іх дайшла значна пазней. Сяргей успамінае, як усё пачыналася.

У верасні 1968 года сябры зайшлі ў адну з аўдыторый старога корпуса ўніверсітэта. Тут на ўсю моц ішоў рамонт. Пакурылі ў адчыненае вакно і падпалілі партрэт Карла Маркса.

– Ух, як гарэла ягоная барада. Як ужо там, у гэтай аўдыторыі, смярдзела, – смяецца Сяргей. Цяпер дзеянні маладых людзей успрымаюцца толькі як дробнае хуліганства. Але тады гэта было ледзь не падрывам савецкай улады.

Хлопцы пастанавілі на гэтым не спыняцца і бліжэй да лістападаўскіх святаў правялі яшчэ адну акцыю. Размалявалі і парвалі «іканастас» правадыроў пралетарыяту, які знаходзіўся ў фае будынка. А яшчэ там жа напісалі заклікі спыніць дзеянні савецкай улады ў Чэхаславакіі. Навучальная ўстанова, вядома, шумела. Але тых, хто гэта зрабіў, спачатку не знайшлі. Натхніўшыся, сябры падумалі, што можна зрабіць яшчэ нешта значнае. Пазначылі наступную аўдыторыю, але там іх ужо чакалі супрацоўнікі КДБ. Здаў няўрымслівых студэнтаў хтосьці з аднакашнікаў, калі маладыя дысідэнты неасцярожна падзяліліся з імі сваімі поспехамі.

Фото: Катерина Гордеева
Фото: Катерина Гордеева

– Цяпер усё гэта ўспрымаецца весела і як такая байка з далёкага мінулага, а тады было страшна. Допыты, допыты, допыты, а мы маладыя, зялёныя, наіўныя і спалоханыя, – кажа Сяргей.

Судзілі маладых хлопцаў паводле двух артыкулаў: «Хуліганства» і «Распаўсюд паклёпніцкіх выдумак, якія ганьбяць савецкі лад».

– Я, напэўна, адзіны дысідэнт-сідзент у Беларусі, які застаўся жывы. Ды і паводле другога артыкула ў Савецкім Саюзе судзілі да нас толькі адзін раз.

Сашу асудзілі на 4 гады. Пакаранне адбываў у Оршы. Сяргею далі тры гады. Сядзеў у Ваўкавыску. З вучобы іх, вядома, папрасілі.

– Потым, ужо пасля адсідкі, нешта прапаноўвалі, але я не пагадзіўся і пайшоў у будаўніцтва, у гэтай галіне і прапрацаваў амаль 40 гадоў. Нават працаваў у адным з аддзелаў Гарадзенскага аблвыканкама. Вышэйшую адукацыю ўсё ж такі атрымаў, але значна пазней. Цяпер на пенсіі, – кажа Сяргей.

– Ці прапаноўвалі вам рэабілітацыю?

– Так. Гэта было ў 90-я гады. Але там трэба было пісаць заяву. Саша абурыўся: як жа так? Калі нас саджалі – ніхто не прасіў нічога напісаць, а як рэабілітаваць, то трэба прашэнне падаць. Так мы і адмовіліся.

Фото: Катерина Гордеева

Што тычыцца Аляксандра Раманава, то ён, паводле словаў сябра, так і застаўся вечным дысідэнтам, бадаўся з уладай, пісаў вершы і прозу. Нават выдаў кнігу самвыдатаўскім спосабам «Пралетарыі духу».

– У свеце існуе ўсяго 5 асобнікаў, надрукаваных ім уласнаручна на машынцы. Ён нават напісаў ужо ў 2000 гады ў амбасаду Чэхіі і распавёў пра нашу гісторыю, але, на жаль, адказу не атрымаў, – кажа Сяргей.

– Не шкадуеце, што ў жыцці ўсё вось так адбылося?

– А чаго шкадаваць? Ад таго, што мы зрабілі, я не адмаўляюся. Вы зразумейце, што псаванне партрэтаў – гэта ого-го які быў пратэст, бо дэманстрацыі ці нейкія актыўныя дзеянні – гэта было нешта няўяўнае і нерэальнае.

Сапраўды, дэманстрацыі ў Савецкім Саюзе былі толькі «за». І выйсці на Красную плошчу з плакатамі, на якіх было напісана «Ганьба акупантам!», «Рукі прэч ад ЧССР!», «За вашу і нашу свабоду!», «Свабоду Дубчаку!» было раўназначна самагубству.

Фото: Катерина Гордеева

Але восем маладых людзей у Маскве (падчас следства адну з удзельніцаў вызвалілі – атрымалася даказаць, што яна проста праходзіла міма) усё ж такі адважыліся на рызыкоўны крок. Забралі іх хутка. Суд доўжыўся таксама нядоўга. У выніку Канстанцін Бабіцкі, Ларыса Багараз, Наталля Гарбанеўская, Вадзім Дэлонэ, Уладзімір Драмлюга, Павел Літвінаў і Віктар Файнберг былі асуджаныя. Кагосьці адправілі ў лагеры, кагосьці – у псіхіятрычную лякарню, кагосьці – у турму.

25 жніўня 1968 года ўважаецца адным з найважнейшых дзён у гісторыі дэмакратычнага руху ў СССР.

Фото: Катерина Гордеева
Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках