7 траўня 2024, aўторак, 6:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: У Лукашэнкі абвастрыліся прыступы панікі

32
Яўген Афнагель: У Лукашэнкі абвастрыліся прыступы панікі

Ужо восенню нас чакаюць сур'ёзныя падзеі.

Чарговая хваля рэпрэсіяў супраць СМІ прайшла ў Беларусі. У аўторак СК паведаміў пра распачынанне крымінальнай справы ў сувязі з неправамерным доступам у 2017–2018 гадах да кампутарнай інфармацыі, уласнікам якой з'яўляецца афіцыйнае агенцтва БелТА. Былі праведзеныя ператрусы ў шэрагу рэдакцый. Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, 7–9 жніўня следчыя затрымлівалі і дапыталі да 20 журналістаў. Пазней дзякуючы міжнароднай рэакцыі журналісты былі вызваленыя.

Чаму ўлады надумалі чарговы раз узяцца за журналістаў? Сайт Charter97.org звярнуўся па каментар да каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля:

– За журналістаў узяліся ўжо даўно. Год пачаўся з блакавання сайта «Хартыя'97», потым «палаткай» былі прынятыя папраўкі ў Закон аб СМІ. Рэгулярна арыштоўваюць і штрафуюць фрылансераў і журналістаў, заводзяць крымінальныя справы супраць відэаблогераў, праводзяць ператрусы і крадуць тэхніку. Нічога новага, гэты працэс будзе доўжыцца да таго часу, пакуль у краіне не застанецца нават адносна незалежных выданняў і журналістаў. Або да тых часоў, пакуль мы яго не спынім.

– Чаму «справа БелТА» пачалі менавіта ў гэты момант?/b<>

– Зразумела, што афіцыйная версія – несанкцыянаваны доступ да матэрыялаў платнай падпіскі БелТА – выглядае смешна. Сапраўдныя прычыны апошніх ператрусаў і арыштаў – іншыя. Гэта можа быць помста за публікацыю навінаў пра хваробу Лукашэнкі альбо планавая аперацыя для запалохвання журналістаў. Таксама нельга выключаць і таго, што ўжо восенню нас чакаюць нейкія сур'ёзныя эканамічныя або палітычныя ўзрушэнні, і дыктатар хоча падстрахавацца.

Калі кіравацца прынцыпам «каму гэта выгодна», то «справа БелТА» – гэта прадаўжэнне зачысткі інфармацыйнай прасторы Беларусі ў інтарэсах Крамля, бо чытачы незалежных СМІ сыдуць на расейскія сайты, чытаць і глядзець лукашэнкаўскую прапаганду яны не будуць.

Увогуле, беручы пад увагу тое, што ўлада жыве ў сваёй паралельнай рэальнасці, яе дзеянні часта складана тлумачыць. Можа быць, праз спёку ў кагосьці проста абвастрыліся прыступы панікі.

– Журналістаў даволі хутка вызвалілі? З чым гэта звязана?

– З тым, што з'явілася рэакцыя Захаду, пад пагрозай апынуліся Еўрапейскія гульні, правядзенне якіх важнае для дыктатара. Збольшага не было неабходнасці ўтрымліваць затрыманых за кратамі доўга. І яны, і рэдакцыі СМІ, у якіх яны працуюць, застаюцца на вельмі кароткім ланцужку – «следства» ж прадаўжаецца. Да таго ж, некаторыя журналісты прызналі віну, і цяпер ва ўладаў ёсць дадатковы аргумент у тым ліку і для міжнароднай супольнасці, для раскручвання гэтай справы.

Як паказвае практыка працы рэпрэсіўнай сістэмы ў Беларусі, галоўныя «следчыя дзеянні», якія, як правіла, суправаджаюцца пагрозамі, шантажом, часта катаваннямі, праводзяцца менавіта ў першыя гадзіны пасля арышту. Мы гэта бачым нават на прыкладзе «справы прафзвязаў», калі многія сведкі далі патрэбныя следству паказанні пад пагрозамі. Асабліва актуальна гэта для тых, хто ўпершыню апынуўся за кратамі. Мяркуючы з паводзінаў вызваленых у першыя хвіліны пасля таго, як яны пакінулі будынак СК, галоўная мэта арышту – прымусіць маўчаць, запалохаць і атрымаць патрэбныя паказанні – была дасягнутая.

– Якой павінна быць рэакцыя міжнароднай супольнасці?

– Пэўныя саступкі з боку міжнароднай супольнасці дыктатар успрымае як слабасць, маўчанне – як ухваленне сваіх дзеянняў. Вынікам адсутнасці рэакцыі на масавыя рэпрэсіі мінулай вясной сталі выкраданні і арышты актывістаў апазіцыі, якія адбываюцца перад кожнай акцыяй пратэсту. Вынікам адсутнасці жорсткай рэакцыі на блакаванне «Хартыі» і рэгулярныя затрыманні журналістаў «Белсата» сталі новыя крымінальныя справы.

Забярыце ў дыктатара Еўрапейскія гульні, перастаньце гандляваць з ім і вярніце санкцыі супраць ключавых алігархаў – і на наступны дзень рэпрэсіі спыняцца, а адыёзныя законы і дэкрэты будуць скасаваныя.

– Што павінны рабіць у гэтай сітуацыі беларусы?

– Адна з першых крымінальных справаў, распачатых у Беларусі пры Лукашэнку, была справа супраць журналістаў Паўла Шарамета і Змітра Завадскага ў ліпені 1997 года. Тады аднымі з першых на іх абарону ўсталі менавіта калегі з незалежных СМІ, якія выйшлі на акцыю салідарнасці ў турэмных робах. За пратэстамі ў Беларусі рушыла ўслед міжнародная рэакцыя, нават расейскія ўлады ўмяшаліся. У выніку Завадскі і Шарамет былі вызваленыя праз пару месяцаў. Не вельмі зразумела, чаму сёння журналісты не пратэстуюць супраць пераследу сваіх калег, супраць рэпрэсій у дачыненні да СМІ. Думаюць, што іх гэта не закране?

З іншага боку, думаю, што ў апошнія дні многія сталі больш цвяроза ацэньваць становішча. На гэты раз з ператрусамі і крымінальнымі справамі прыйшлі ў СМІ, якія нельга назваць апазіцыйнымі або запісаць да крытыкаў рэжыму. Нават супрацоўнікам далёкіх ад палітыкі выданняў дасталася. Гісторыя вучыць, што рана ці позна прыйдуць па ўсіх – нават па тых, хто цяпер маўчыць і спадзяецца адседзецца. Выйсце адно, і яно ўсім вядомае: супраціўляцца, змагацца за сваё права, адстойваць кожны кавалачак свабоды, якую ў нас спрабуюць забраць. Не толькі гнеўнымі каментарамі ў сацсетках і петыцыямі, якія нікому не цікавыя, але і актыўнымі дзеяннямі.

І не трэба спадзявацца толькі на апазіцыю. Гэта датычыцца ўсіх.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках