29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эльвіра Герман: На старце я сказала сабе: ці залаты, ці ніякі

1
Эльвіра Герман: На старце я сказала сабе: ці залаты, ці ніякі
ЭЛЬВІРА ГЕРМАН
ФОТА: MICHAEL STEELE/GETTY IMAGES

Беларуска пракаментавала сенсацыйную перамогу на ЧЕ ў бегу на 100 м с/б.

Стометроўка з бар'ерамі на чэмпіянаце Еўропы ў лёгкай атлетыцы скончылася перамогай беларускі Эльвіры Герман. Сенсацыйнай перамогай, бо дзяўчына да стартаў у Берліне не ўваходзіла ў лік фаварытаў гэтай дысцыпліны, паведамляе interfax.by.

Эльвіра Герман у фінальным забегу паказала вынік 12,67. Таксама на п'едэстал кантынентальнага форуму мела магчымасць падняцца Аліна Талай, але яна вымушаная была спыніць спаборніцтвы праз траўму.

Разам з Эльвірай Герман на п'едэстал 100-метроўкі з бар'ерамі падняліся дзве прадстаўніцы Нямеччыны - Памэла Дуткевіч (12,72) і Сіндзі Раледэр (12,77).

«Гэта неймаверна цудоўна! Не ведаю, як гэта перадаць! Гэта настолькі выдатна! Я нават расплакалася, і ўсе гэта бачылі, на экране паказвалі. Але насамрэч я выходзіла на старт і хацела толькі залаты медаль. На старце я сказала сабе: ці залаты, ці ніякі. Калі ўсё атрымалася - гэта шквал эмоцый!», - цытуе эмацыйны каментар чэмпіёнкі афіцыйны сайт БФЛА.

Э.Герман прызналася, што яшчэ ў пачатку ліпеня адчувала сябе «ў яме», у яе балела калена, яна перажывала і не магла паўнавартасна трэніравацца.

«Прыехаўшы сюды, я тры дні не магла падняць ногі, яны настолькі былі цяжкія. І даслоўна ўчора мы прыехалі з трэнерам на размінку, і ўсё стала атрымлівацца: ногі лёгкія, я бягу і я разумею, што сапраўды гатовая», - распавяла яна.

«Трэнер мне сказаў так: «Калі б у цябе не было ямы, не было б і ўздыму! «Усё, што з трэнерам напрацавалі, і выйшла сёння. Калі мы выйшлі на старт, пачаў капаць дождж, і я падумала, што гэта добры знак, бо я ўмею бегаць пад дажджом», - дадала Э.Герман.

XXIV Чэмпіянат Еўропы ў лёгкай атлетыцы праходзіць з 7 да 12 жніўня ў Берліне (Нямеччына). Цягам шасці дзён разыгрываюцца 48 камплектаў медалёў.

Акрамя Э.Герман, медалі чэмпіянату Еўропы ўжо здабылі беларусы Віталь Жук (бронза, дзесяцібор'е), Дзмітрый Дзюбін (бронза, хада на 50 км), Алёна Дубіцкая (бронза, штурханне ядра). На раніцу 10 жніўня Беларусь займае 8-е месца ў медальным заліку (1 золата + 3 бронзы). Лідаруюць у колькасці ўзнагарод каманды Польшчы (3 залатыя і 2 срэбныя) і Нямеччына (2 залатыя, 5 сярэбраных, 2 бронзавыя).

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках