25 красавiка 2024, Чацвер, 18:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што на судзе калегі Коржыча распавядаюць аб службе ў Печах

20
Што на судзе калегі Коржыча распавядаюць аб службе ў Печах
ФОТА: СВЯТАСЛАЎ ЗОРКІ

(Абноўлена) У судзе паводле справы 21-гадовага Аляксандра Коржыча дапытваюць пацярпелых жаўнераў.

Суд Менскай вобласці ў пятніцу, 10 жніўня працягнуў разглядаць справу аб гібелі шарагоўца Аляксандра Коржыча. Сёння працягваецца допыт пацярпелых жаўнераў, піша kp.by. Мама Аляксандра Коржыча на пасяджэнне не прыйшла – яна паведаміла суду, што хацела б прысутнічаць пры допыце абвінавачаных і сведак.

«Аляксандр меркаваў, што яго няправільна лечаць - ад болю ў сэрцы даюць валяр'янку»

Да трыбуны падыходзіць пацярпелы Кірыла Штык. Малады хлопец у цёмнай кашулі і штанах распавядае, што служыў у Печах з ліпеня да кастрычніка 2017-га. Ён распавядае, што мабільным тэлефонам можна было карыстацца раз на тыдзень. Дамаўляцца аб тым, каб карыстацца тэлефонам часцей, шарагоўцы хадзілі да сяржанта Бараноўскага.

НА ПЕРШЫХ ПАСЯДЖЭННЯХ У СУДЗЕ ПРЫСУТНІЧАЛІ 22 ЖАЎНЕРЫ ТЭРМІНОВАЙ СЛУЖБЫ - ЯНЫ ПРЫЗНАНЫЯ ПАЦЯРПЕЛЫМІ ПАВОДЛЕ СПРАВЫ
ФОТА: СВЯТАСЛАЎ ЗОРКІ

- Скідаліся на траіх па 10 рублёў за мабільны тэлефон. Але асабіста я Бараноўскаму грошы не даваў, - тлумачыць пацярпелы. Разам з іншымі шарагоўцамі на загад Бараноўскага ён двойчы пасля адбою адціскаўся ў процівагазе.

- Пасля гэтага ўсталі, знялі процівагазы і пайшлі спаць. У сувязі з чым нам загадвалі гэта рабіць, я не ведаю. Можа быць, хтосьці шумеў.

- Як вы расцанілі гэта як вайсковец? – пытаецца пракурор.

- Я нават не ведаю. Мне хацелася проста хутчэй гэта зрабіць. Але асабіста для мяне ў гэтым нічога страшнага няма. Можа, для кагосьці, у каго праблемы з сэрцам, гэта і было сур'ёзна. Мне здаецца, калі ідзеш у войска і не можаш адціснуцца 30 раз - што тут казаць. Таму я гэта ніяк не расцэньваю. Іншых выпадкаў нестатутных узаемастасункаў не было. Пасылкі мне не прыходзілі, у краму я з дазволу сяржантаў не хадзіў.

Пра сяржантаў Скуратовіча і Бараноўскага пацярпелы адгукаецца добра. Кажа, што тыя былі вясёлымі і добрымі, «хадзілі і ўсміхаліся».

- З Коржычам я асаблівых дачыненняў не меў. Добры хлопец, мог чымсьці падзяліцца, штосьці падказаць. Нічога дрэннага пра Коржыча сказаць не магу. У верасні ў яго з'явіўся нейкі страх. Я неяк спытаў, як ён сябе адчувае, ён сказаў: «У мяне прадчуванне, што здарыцца нешта дрэннае. Я баюся, што памру».

Аляксандр Коржыч расказваў Кірылу, што ў медроте яго няправільна лечаць, ад болю ў сэрцы даюць валяр'янку.

Пацярпелы кажа, што ніколі не бываў у склепе медроты (менавіта там знайшлі цела Аляксандра Коржыча. - Рэд.).

- Я нават не ведаў, дзе яна знаходзіцца. Свабодна наведваць медроту было нельга, толькі з дазволу камандзіра.

«Днявальны і дзяжурны павінны хадзіць у медроту і правяраць, дзе знаходзіцца хворы жаўнер»

Пасля перапынку ў судзе дапыталі яшчэ аднаго пацярпелага – Андрэя Асіпука. Ён служыў у Печах тры месяцы – і амаль кожны дзень хтосьці з сяржантаў яго збіваў. Білі ў тым ліку і гумовай палкай па ягадзіцах. А яшчэ ў грудзі, шыю і па нагах. Падставай магла стаць неахайная акантоўка стрыжкі або размовы ў страі. Пасля такіх «выхаваўчых захадаў» у пацярпелага нярэдка заставаліся сінякі. Білі сяржанты Скуратовіч і Бараноўскі таксама іншых таварышаў па службе Андрэя Асіпука.

Коржыча Андрэй Асіпук называе вясёлым прыязным хлопцам. Ён не заўважаў, каб з Аляксандра хтосьці здзекаваўся: узгадвае толькі эпізод з рыдлёўкамі, калі сяржант Вяжэвіч спіхнуў Коржыча ў акоп і кінуў туды пяць рыдлёвак. Аляксандр спрабаваў выбрацца, але сяржант не даваў яму гэтага зрабіць. Пацярпелы пачуў, як Вяжэвіч пытаўся ў Аляксандра, калі той аддасць яму 5 рублёў.

- Коржыч скардзіўся мне, што ў яго вельмі баліць сэрца. Ён баяўся, што праз гэта памрэ,- такія паказанні Асіпук даваў у кастрычніку.

Як і пацярпелы Штык, гэты пацярпелы не ведае, дзе знаходзіцца склеп медроты і ніколі там не бываў.

- Я чуў, што днявальны і дзяжурны павінны хадзіць у медроту і правяраць, дзе знаходзіцца хворы жаўнер.

Напярэдадні, 9 жніўня ў судзе дапыталі маму жаўнера, Святлану Коржыч. Жанчына распавяла, што ў яе па-ранейшаму ёсць пытанні, на якія яна не атрымала адказы: як і чаму Сашу страцілі на 7 дзён, хто суправаджаў яго з медроты, як на ягоным целе з'явіліся пашкоджанні. Святлана намагала на тым, што ў сына не было падстаў учыняць самагубства.

- Ён псіхічна здаровы чалавек, не было ніякіх перадумоў. Ён няўдачнікам не быў, яго чакалі дзяўчыны, усё было выдатна. І тут ён кідаецца ў пятлю?

Выступіў у судзе і адзін з пацярпелых жаўнераў, Андрэй Сівуха. Ён не адмаўляў, што сяржанты здзекаваліся з шарагоўцаў: прымушалі адціскацца пасля адбою, у тым ліку ў процівагазах, забіралі прадукты, прымушалі набываць для іх ежу за ўласныя грошы. Але камандзірам пра гэта жаўнеры не дакладвалі.

- Я адціскаўся нават больш, чым трэба, мне падабалася. Уважаў гэта за нармальнае, - дадае Сівуха.

Нагадаем, цела 21-гадовага шарагоўца Аляксандра Коржыча знайшлі 3 кастрычніка 2017 у склепе вайсковай часткі ў Печах. Ён вісеў у пятлі з задняга рамяня, на галаве была надзетая майка, ногі звязаныя шнуркамі. Следства зрабіла выснову, што Коржыча давялі да самагубства, абвінавачванне выставілі тром сяржантам: Яўгену Бараноўскаму, Антону Вяжэвічу і Ягору Скуратовічу. Паводле версіі следства, усе трое бралі з жаўнераў грошы за дазвол карыстацца мабільным тэлефонам, прымушалі набываць прадукты за дазвол схадзіць у краму. Гэта маглі быць, да прыкладу, вафлі, чыпсы, пакуначкі растваральнай кавы, маянэз, газіроўка. Сяржанты прымушалі падначаленых выконваць практыкаванні нават шначы: маглі падняць пасля адбою і прымусіць шарагоўцаў адціскацца або прысядаць. Прыдумлялі і іншыя пакаранні: аблізаць ёршык для ўнітаза, пачысціць абутак рукой, вычысціць унітаз зубной шчоткай.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках