29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пазоў расейскай кампаніі да Беларусі разгледзяць у Гаазе

8
Пазоў расейскай кампаніі да Беларусі разгледзяць у Гаазе

Слуханні прызначаныя на 29 ліпеня - 2 жніўня 2019 года.

Слуханні паводле справы расейскай кампаніі «Маноліум працэсінг» супраць Рэспублікі Беларусь адбудуцца ў Гаазе праз год.

Пра гэта tut.by паведамілі інфармаваныя крыніцы.

15 лістапада 2017 года "Маноліум працэсінг» апавясціў улады Беларусі аб арбітражы, і з гэтага моманту пачаўся арбітражны разгляд паміж расейскім інвестарам і Рэспублікай Беларусь. Сума пазову складае блізу 200 млн даляраў. Нагадаем, «Маноліум працэсінг» пабудавала ў Менску тралейбуснае дэпо, але не атрымала за яго кампенсацыю. Як меркавалі беларускія ўлады - з прычыны зрыву рэалізацыі інвестыцыйнай дамовы аб будаўніцтве ў цэнтры Менска шматфункцыянальнага комплексу.

Патрабаванні расейскай кампаніі выстаўленыя на падставе Дамовы аб ЕАЭС у адпаведнасці з Арбітражным рэгламентам ЮНСІТРАЛ. Быў сфармаваны склад арбітраў. Адзін прызначаны расейскай стараной, Станімір Аляксандраў (Балгарыя), другі - Беларуссю, Брыджыт Штэрн (Францыя), трэці, старшыня - быў узгоднены першым і другім арбітрамі - Хуан Фернандэс-Арместо (Гішпанія).

Са слоў суразмоўцаў, прадстаўнікі Беларусі прасілі падзелу арбітражнага разбору на некалькі этапаў для таго, каб пытанні юрысдыкцыі і страт былі разгледжаныя паэтапна (гэта значыць калі не будзе юрысдыкцыі, не будзе адказнасці і аналагічна - страт). Арбітры адмовілі ў гэтым «пасля вывучэння працэсуальных дакументаў, прадстаўленых сторанамі».

Беларусь скарысталася таксама дамовамі аб прававой дапамозе з Расеяй, што прывяло да выкліку кіраўнікоў «Маноліум працэсінг» Андрэя Далгова і Арама Екавяна ў МУС РФ на апытанне. На пытанні праваахоўнікаў аб прычынах нявыплаты падатку на нерухомасць у Беларусі ў 2013-2016 гады бізнэсоўцы растлумачылі, што лічылі карыстанне зямельнымі надзеламі ў Менску, выдадзенымі ў часовае карыстанне ў рамках інвестыцыйнай дамовы, правамерным.

Далгоў таксама паведаміў прадстаўнікам МУС РФ аб тым, што на ўсе просьбы «Маноліум-Інжынірынг» (беларуская «дачка» «Маноліум працэсінг») аб вяртанні зямельных надзелаў, выдадзеных ёй у часовае карыстанне, і аб'ектаў нерухомасці, якія знаходзяцца на зямельных пляцах, ва ўласнасці Менска Менгарвыканкам адказваў адмовай, што ў выніку прывяло да банкруцтва «Маноліум-Інжынірынг», распавяла інфармаваная крыніца.

Абарона «Маноліум працэсінг» звярнулася з хадайніцтвам да арбітраў аб тым, што Беларусь не павінна рабіць ніякіх дзеянняў у крымінальным кірунку да заканчэння арбітражу. Арбітры пакуль не прынялі пастанову. Але ўжо далі ўказанне сторанам не рабіць ніякіх дзеянняў, якія маглі б парушыць «цэласнасць» арбітражнага працэсу, растлумачылі суразмоўцы.

Слуханні гэтай справы прызначылі правесці 29 ліпеня - 2 жніўня 2019 года ў Гаазе, дзе знаходзіцца Пастаянная Палата Трацейскага Суда (Permanent Court of Arbitration). Гэтую інфармацыю tut.by пацвердзілі ў юрыдычнай кампаніі Baker & McKenzie, якая прадстаўляе інтарэсы «Маноліум працэсінг».

Міністэрству эканомікі даручана бараніць інтарэсы Беларусі ў арбітражных разглядах з кампаніяй «Маноліум працэсінг». Гэта вынікае з пастановы Саўміна ад 7 жніўня № 582. Міністэрства эканомікі можа абараняць інтарэсы дзяржавы самастойна або з прыцягненнем юрыдычнай кампаніі ў рамках укладзенай дамовы на выкананне юрыдычных паслуг, вынікае з дакумента.

Інтарэсы Беларусі будзе бараніць міжнародная юрыдычная фірма White & Case, пацвердзілі ў Мінэканомікі. Ад іншых каментароў там адмовіліся.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках