24 красавiка 2024, Серада, 19:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Я важыў 152 кілаграмы»: Гарадзенец шчыра распавёў, як схуднеў амаль удвая

4
«Я важыў 152 кілаграмы»: Гарадзенец шчыра распавёў, як схуднеў амаль удвая

У першы месяц заняткаў сышло 17 кілаграмаў.

27-гадовы прадпрымальнік Павел Ефіменка з Гародні дзеліцца з tut.by сваім досведам расстання з 70 кг: як ён не мог узняцца на чацвёрты паверх без дыхавіцы, упершыню здолеў без пабочнай дапамогі практыкаваць прэс, амаль страціў надзею і, нарэшце, дамогся галоўнай мэты, якая вымяралася зусім не ў кілаграмах.

— У 23 гады мая вага была 152 кг. Не вельмі добрае такое дасягненне? — іранізуе Павел. — А аб'ём таліі — 140 см.

Ён дакладна памятае дату, калі зразумеў: усё, досыць, трэба спыніць весці такі лад жыцця — 1 кастрычніка 2014 года. Сябар параіў запісацца ў трэнажорную залу.

Перш трэнер сказаў змяніць рэжым харчавання. Гэтае пытанне разглядала жонка Святлана. Павел толькі кажа, што дзякуючы ейным кулінарным здольнасцям і ўменню нават з геркулеса зрабіць шэдэўр перайсці на новы рацыён было нескладана.

Затое фізічныя практыкаванні для чалавека з залішняй вагой, які і на чацвёрты паверх з цяжкасцю ўзнімаўся, былі сапраўдным катаваннем.

— Як цяпер бачу свой першы трэнінг, гэта было пекла! — прызнаецца прадпрымальнік.

Каб Павел наогул мог практыкаваць прэс, трэнеру даводзілася прыўзнімаць ягоныя ногі. Але паволі мужчына мацнеў. Вынік быў вельмі прыкметны на вазе: у першы месяц сышло 17 кг, у другі — 10 кг. А за тры месяцы ў цэлым Павел расстаўся з 30 лішнімі кіло. Мужчына абнавіў гардэроб і спадзяваўся, што каляды сустрэне ў «лёгкай» вазе 1 цэнтнер.

— Нават падчас святаў выконваў рэжым. У госці хадзіў са сваімі кантэйнерамі. Вельмі хацеў хутчэй прыйсці да мэты 100 кг, — цяпер ужо бачыць сваю памылку прадпрымальнік.

Пахудзенне больш не было такім імклівым. Нягледзячы на эксперыменты з харчаваннем і нават дадатковыя паходы ў басэйн за студзень «сышлі» толькі 7 кг.

— Шчыра скажу, гэта было вельмі і вельмі цяжка, перш за ўсё ў маральным плане. Я ж думаў, што вага будзе сыходзіць гэтак жа хутка! Таму былі хібы: падманваў трэнера, а напраўду сябе.

Павел успамінае: цяжка было бачыць, што ад тыдня ўпартых, стомных трэнінгаў і абмежаванняў у калорыях вага не зрушваецца з месца. Або сыходзіць адзін кілаграм.

— Пачынаюцца сумневы ў сабе, сваіх дзеяннях, нават у трэнеры. Думаеш: а ці слушныя задачы ён ставіць? Цяпер я ведаю: у такіх сітуацыях трэба працаваць далей паводле вызначанага плану. Калі вага стаіць, гэта таксама прагрэс.

У лютым 2015 года, калі гарадзенец важыў 113 кг, у яго ўпершыню выйшла самастойна, без пабочнай дапамогі практыкаваць прэс.

— Крычаў на ўсю залу: «Я гэта зрабіў, я гэта зрабіў!»

Павел адзначае, што да гэтага часу ў жыцці змянілася ўсё — харчаванне, сон і нават асяроддзе. За люты і сакавік сышло яшчэ 9 кг, з'явілася цягавітасць. Калі стрэлка вагі наблізілася да сотні, наперадзе замаячыла новая мэта — 90 кг.

— Раней я нават уявіць не мог, што буду незадаволены вагой 100 кг. Калісьці гэта было маёй марай! А цяпер тыя, хто не знаў мяне раней, усё роўна казалі: ты таўсматы.

Трэнавацца ўжо было значна лягчэй, але з'явілася новая праблема — лішняя скура, якая расцягнулася праз пахудзення.

— Прызнаюся, былі думкі пайсці на аперацыю, але я вельмі не хацеў. Мне параілі добрую масажыстку, якая ўзялася за працу. За трыццаць сэансаў аднавілася практычна ўсё.

У чэрвені мужчына важыў 82 кг —выходзіць, за 10 месяцаў скінуў 70 кг.

— Раздзел «Пахудзенне» для мяне скончыўся, цяпер стараюся ўтрымаць вагу. Гэта цяжка. За тры гады яна зноў вырасла, да 90 кг. Але сваёй гісторыяй я захацеў падзяліцца, каб давесці: так, схуднець магчыма. І можа быць, нават натхніць людзей з залішняй вагой.

Павел Ефіменка прызнаецца, што ў 2014 годзе яго сапраўднай матывацыяй мяняцца сталі словы лекара.

— Мы з жонкай прыйшлі ў лякарню, а нам сказалі, што я не змагу мець дзяцей. І залішняя вага таксама таму віной. За пяць гадоў мы змянілі ўсё сваё жыццё дзеля дзіцятка, і ў нас усё выйшла. Праз два месяцы будзе сын.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках