19 красавiка 2024, Пятніца, 21:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч пра «інсульт» Лукашэнкі: Дзе не гарыць, там не курыць

156
Мікалай Статкевіч пра «інсульт» Лукашэнкі: Дзе не гарыць, там не курыць

Натоўпы шчаслівых людзей ужо гатовыя былі выйсці на вуліцы.

Пра гэта Charter97.org заявіў адзін з лідэраў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч, каментуючы чуткі пра тое, што ў Аляксандра Лукашэнкі здарыўся інсульт:

- Як той казаў, дзе не гарыць, там не курыць. Думаю, што гэты інфармацыйны ўкід меў пад сабой пэўную падставу: не выключаю, што абвастрэнне нейкай хваробы ў Лукашэнкі сапраўды было - мабыць, нечага, звязанага з псіхікай.

Мы назіраем унікальны выпадак: кіраўнік суверэннай дзяржавы самахоць зацягнуў сваю краіну ў склад суседняй. Прычым, зрабіў гэта не з краінай трэцяга свету, у якой не было традыцый дзяржаўнасці, а з развітым еўрапейскім народам. Таму я думаю, што цяпер нават у ягоную галаву нешта «дало». Не таму, што ён думае аб незалежнасці - гэты чалавек прадасць што хочаш. А таму, што ён траціць сваю ўладу.

І асэнсаванне гэтага - не выключана, што праз тое, што гаспадар з Крамля пачаў выстаўляць свае рахункі - укінула Лукашэнку ў такі стан.

- Чаму гэты ўкід адбыўся з Расеі: спачатку была публікацыя ў тэлеграм-канале «Незыгарь», які нібыта належыць рэдактару ТАСС, а затым і афіцыйны каментар ТАСС ад прэс-сакратаркі Лукашэнкі?

- На Лукашэнку ціснуць акурат перад сустрэчай з ягоным гаспадаром у Сочы - каб хутчэй расстаўся з тымі рэшткамі суверэнітэту, якія яшчэ засталіся. Гэта кіў: «З табой можа нешта здарыцца».

- Чаму рэакцыя афіцыйных СМІ на чуткі была такой слабай і непераканаўчай? «Жывога» Лукашэнку паказалі праз дзень пасля таго, як ягоная прэсавая сакратарка дала інфармацыйную нагоду для выдумак і версій.

- Бо, як я і казаў, дзе не гарыць, там не курыць. Нешта было. Мабыць, нешта псіхічнае, магчыма, дэпрэсія.

Звычайна я не гляджу БТ, але ўчора наважыў паглядзець - і ўбачыў на месцы Лукашэнкі цалкам спустошанага чалавека ў стане глыбокай дэпрэсіі.

На працягу некалькіх дзён у краіне проста няма каму было прыняць пастанову, таму і павісла такая мёртвая цішыня.

- Што Вы можаце сказаць пра рэакцыю людзей на чуткі аб інсульце Лукашэнкі?

- Надзея і радасць. Адэкватная надзея і вельмі моцная, надмерная радасць. Таму я ў інтэрв'ю ўкраінскаму каналу ТСН нават сказаў, што не трэба занадта спадзявацца на выпадак.

У каментарах на вашым сайце было відаць, што людзей натхніла надзея, і яны не хочуць з ёй расставацца.

Гэта сведчыць яшчэ аб адной важнай рэчы: людзі адчуваюць да Лукашэнкі каласальную нянавісць. Думаю, што яна ўжо цісне на яго фізічна - на псіхіку і на ўвесь арганізм. У людзей гэта ўжо стала як рэлігія, як сляпая вера: знікне Лукашэнка - і адразу надыдзе шчасце.

Але трэба памятаць, што лепш будзе, толькі калі народ возьме сітуацыю ў свае рукі. Калі рэжым ужо апынуўся ў такой сітуацыі - трэба ціснуць на яго далей і прымусіць вярнуць нам тое, што ён скраў: сумленныя выбары. Тады ўсё вызначыцца на нашу карысць. Але за гэта мы ўсе павінны змагацца і адначасова - быць гатовымі да форс-мажору.

- Якія высновы Вы, як адзін з лідэраў апазіцыі, можаце зрабіць з гісторыі з інсультам Лукашэнкі?

- Гэта нагода для ўсіх нас пераасэнсаваць, што напраўду адбываецца ў краіне. Па той бок барыкад - не усёмагутны дыктатар, а напалоханы, стомлены, смяротны чалавек.

З ім у кожную хвіліну можа адбыцца што хочаш: а раптам не тых грыбкоў з'есць, ці сапраўды - інсульт. Не выключаны варыянт, што яго ўходаюць спецслужбы іншай краіны. Што тады?

Мы маем быць гатовымі да такой сітуацыі, каб не змарнаваць шанц для выратавання Беларусі ад спаўзання ў Расею.

Гэта выклік для рэальнай апазіцыі, якая сапраўды змагаецца і настроеная на пратэст. Гэта пытанне да Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу: ці гатовыя мы да такой сітуацыі?

Гэта падштурхоўвае нас да распрацоўкі канкрэтных планаў. І мы будзем аб'ядноўваць асяродкі супраціўлення ў Беларусі, каб быць гатовымі да форс-мажорных падзей. Бо яны сапраўды магчымыя. І могуць адбыцца раптоўна.

Бо калі б з Лукашэнкам сапраўды здарылася нешта незваротнае - натоўпы шчаслівых людзей шунулі б на вуліцы. І наша задача - не даць, каб гэтым парываннем нехта скарыстаўся на шкоду беларускай дзяржаўнасці. Каб мы накіравалі гэтую энэргію ў стваральнае рэчышча.

Напісаць каментар 156

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках