28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як прымалі роды на пероне аўтавакзала ў Баранавічах

6
Як прымалі роды на пероне аўтавакзала ў Баранавічах
ФОТА: BARAUTOPARK.BY

Намаганнямі работнікаў аўтавакзала, пасажыраў і лекараў хуткай усё скончылася добра.

6 ліпеня а 18.00 каля ўваходу ў будынак баранавіцкага аўтавакзала 39-гадовая жанчына нарадзіла дачку. Пра тое, як людзі дапамаглі маме, якая апынулася ў складанай сітуацыі, tut.by распавяла дыспетчарка аўтавакзала Таццяна Лемеш.

Інцыдэнт адбыўся, калі працоўны дзень Таццяны Лемеш падыходзіў да канца. На маніторах камер відэаназірання яна ўбачыла, што ля ўваходу сабраліся людзі. Жанчына выйшла з будынка, каб паглядзець, што здарылася. Высветлілася, што ўвечары ў пятніцу ля ўваходу ў будынак аўтавакзала ў 39-гадовай пасажыркі пачаліся роды. На дапамогу ёй падаспелі дзве жанчыны, якія павінны былі з'ехаць аўтобусам Горадня - Салігорск.

«Я пачала трошкі дапамагаць: сваю кофтачку прынесла дзіцяці», - распавяла Таццяна.

Жанчыны, якія прымалі роды папрасілі дыспетчара прынесці медыкаменты: бінты, перакіс вадароду. Усё неабходнае знайшлося ў найбліжэйшай аптэцы.

«Работнік аптэкі давала ўсё, што мы прасілі. Мы баяліся, каб ніякай інфекцыі не было», - падзялілася Таццяна.

Работнікі аўтавакзала падбеглі да кіроўцы аўтобуса, на якім павінны былі з'ехаць жанчыны, якія прымалі роды, і папрасілі яго затрымацца.

«Я пабегла да кіроўцы, каб ён іх (жанчын, якія прымалі роды - заўв.) пачакаў. Яны хацелі ехаць а 18.10 у аўтобусе на Салігорск. У іх ужо былі набытыя квіткі і перажывалі, каб на яго паспець. У нас гэты аўтобус ходзіць рэдка і ў той дзень гэта быў апошні рэйс. Яны на яго спяшаліся», - патлумачыла Таццяна

Дзяўчынцы, якая нарадзілася, жанчыны перавязалі пупавіну і дачакаліся прыезду хуткай. Медыкі перарэзалі пупавіну і даставілі маму з нованароджанай дачкой у медустанову. Парадзіху - у радзільны дом, дачку - у гарадскую дзіцячую бальніцу. Пасля гэтага жанчыны, якія прымалі роды, селі на свой аўтобус да Салігорска.

«Жанчына (парадзіха - заўв.) была вельмі спакойная: не скардзілася, не плакала, не ўпадала ў істэрыку. Маўчала. Паводзіла сябе вельмі спакойна быццам ёй нічога не балела. Можа быць у шоку была. (...) Дзяўчынка, якая нарадзілася, таксама не плакала. Я бачыла, што яна ручкамі, ножкамі варушыла. Вельмі яны былі ўсе спакойныя. Дзіцяці заматлялі ў маю кофтачку, каб яе не абдзімала. (...) І мама і дзіця спакойна сябе паводзілі. Я хвалявалася больш, чым мама», - паведаміла дыспетчар.

Намаганнямі работнікаў аўтавакзала, пасажыраў і лекараў хуткай усё скончылася добра. Стан парадзіхі і дочкі медыкі характарызуюць, як здавальняючы. Работнікі аўтавакзала ўжо тэлефанавалі ў шпіталь, спраўляліся пра адчуванне мамы і малога. У хуткім часе яны плануюць іх наведаць.

«Калі б мне сёння давялося ўсё наноў гэта перажыць, то не ведаю ці змагла б. Страшна вельмі. Гэта быў такі эмацыйны парыў: кінуцца і дапамагчы хоць чымсьці», - адзначыла дыспетчарка.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках