26 красавiка 2024, Пятніца, 0:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка застаўся без падушкі бяспекі

37
Лукашэнка застаўся без падушкі бяспекі

Паводле прагнозаў экспертаў, ЗВР Беларусі прадоўжыць зніжацца і далей.

На 1 ліпеня золатавалютныя рэзервы краіны складалі 6 млрд 831 млн даляраў. Запасы зніжаюцца ўжо трэці месяц запар. Ды і ў параўнанні з пачаткам года рэзервы паспелі схуднець амаль на паўмільярда даляраў. Асноўная прычына зніжэння – неабходнасць расплачвацца паводле пазыкаў, піша kp.by.

– Зніжэнне ўзроўню міжнародных рэзервовых актываў паводле вынікаў чэрвеня абумоўленае планавай выплатай Нацбанкам і ўрадам Беларусі вонкавых і ўнутраных абавязальніцтваў у замежнай валюце на агульную суму блізу 424 млн даляраў, а таксама зніжэннем кошту манетарнага золата, – тлумачаць у Нацбанку. – Падтрыманню ўзроўню міжнародных рэзервовых актываў у чэрвені спрыялі набыццё замежнай валюты Нацбанкам на гандлі Беларускай валютна-фондавай біржы, паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад збірання экспартных мытаў на нафту і нафтапрадукты, паступленне сродкаў ад продажу на ўнутраным рынку Нацбанкам і Міністэрствам фінансаў аблігацый, намінаваных у замежнай валюце.

Эксперты мяркуюць, што такая тэндэнцыя прадоўжыцца і далей: браць з нашых запасаў мы будзем больш, чым пералічваць у іх.

– Да канца года ЗВР, імаверна, знізяцца яшчэ больш, – кажа Жанна Кулакова, фінансавая кансультантка TeleTrade (ТАА «ТэлетрэйдБел»). – У тлумачальнай запісцы да праекту бюджэту на гэты год сказана, што на выплату валютнай дзяржпазыкі за кошт золатавалютных рэзерваў будзе накіраваны 1 млрд. Так што да канца года яны могуць зменшыцца да 6 млрд 300 млн ці нават яшчэ трохі мацней. Мінімальны парог ЗВР на канец года, які вызначыў урад, – 6 млрд даляраў.

– Ці не занадта гэта мала? Летась спецыялісты Нацбанка казалі, што для забеспячэння ўсіх патэнцыйных рызык трэба нарасціць золатавалютныя рэзервы да 10 млрд даляраў.

– Такі памер ЗВР не занадта небяспечны, але і не спрыяльны. Нельга сказаць, што ў нас ёсць значная падушка бяспекі. У найбліжэйшыя гады з пазыкамі мы расплаціцца, але што будзе далей? Цяпер найбольш важкая крыніца папаўнення золатавалютных рэзерваў – гэта новыя пазыкі. Мы бярэм грошы ў пазыку, пералічваем іх у ЗВР, а потым выплачваем адтуль старыя крэдыты. Яшчэ дзве крыніцы папаўнення – гэта экспартныя мыты і набыццё валюты на ўнутраным рынку. Але гэта невялікія сумы. За кошт мытаў сёлета планавалася атрымаць блізу 500 млн даляраў. За кошт таго, што нафта падаражэла, можа атрымацца крыху больш.

Лішкі валюты на ўнутраным рынку таксама скарачаюцца. Калі летась за студзень-травень чысты продаж валюты насельніцтвам, прадпрыемствамі і нерэзідэнтамі быў больш за мільярд даляраў, то сёлета – блізу 400 млн. Скарачэнне прафіцыту валюты звязанае ў асноўным з ростам заробкаў і зніжэннем адсоткавых ставак. Акрамя таго, нашы прадпрыемствы не генеруюць дастатковую колькасць замежнай валюты. Таму на гэты момант патэнцыялу для ўстойлівага нарошчвання золатавалютных рэзерваў няма. Што можна зрабіць для таго, каб ён з'явіўся? Скараціць імпарт, нарасціць экспарт, запаволіць тэмпы росту заробкаў, а аптымальны варыянт – палепшыць інвестыцыйны клімат, каб замежная валюта сама прыходзіла ў эканоміку. Але, на жаль, не падобна, што ў найбліжэйшы час гэта адбудзецца.

ФОТА: КАЦЯРЫНА Марціновіч
Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках