20 красавiка 2024, Субота, 1:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Велападарожніца з Бразіліі дала Беларусі другі шанец

8
Велападарожніца з Бразіліі дала Беларусі другі шанец

Пасля правалу ў Берасці прыехала ў Горадню, але сутыкнулася з тымі ж праблемамі.

51-гадовая велападарожніца з Бразіліі Андрэа дэ Фігейрэду наважыла даць другі шанец Беларусі і зноў прыехала да нас на некалькі дзён. Гэтым разам у Горадню. Але, як і ў Берасці, спачатку яна сутыкнулася з цяжкасцямі пры рэгістрацыі, піша hrodna.life.

Да нядаўняга часу Андрэа нічога не ведала пра Беларусь, як і большасць бразільцаў. Але ў 2017 годзе ў хостэле ў Албаніі жанчына пазнаёмілася з Вольгай з Менска, якая яе натхніла на падарожжа ў невядомую краіну.

У канцы чэрвеня 2018 года Андрэя прыехала ў Берасце, але надоўга там не затрымалася і пакінула горад засмучанай - ніхто не гаварыў на замежных мовах і не мог ёй нічога растлумачыць. Яна не змагла зарэгістравацца ў Дэпартаменце грамадзянства і міграцыі, а гэта абавязкова.

Падарожніца паехала ў Беласток і планавала адтуль трапіць у Літву, але знаёмыя ўгаварылі яе даць Беларусі другі шанец. 6 ліпеня Андрэа прыехала ў Горадню.

«У новым беларускім горадзе я сутыкнулася з тымі ж праблемамі, што і ў Берасці. Гэта праблемы з рэгістрацыяй, - кажа Андрэа. - Калі не ўдасца іх развязаць, паеду з Беларусі. Я не ведаю што рабіць і ніхто не ведае. Я хачу падарожнічаць, як у Еўропе і быць не прывязанай да нейкага месца, але ў Беларусі гэта не так - трэба рэгістравацца».

У Беларусі адчула сябе дзіцем

Адлегласць, якую праязджае Андрэя на сваім ровары за дзень, залежыць ад шматлікіх фактараў: настрою, самаадчування, надвор'я і іншага. Да Горадні жанчына пераадолела блізу 100 км і спынялася на Аўгустоўскім канале, каб палюбавацца прыгожымі краявідамі. Падарожніца кажа, што стараецца шукаць маленькія і невядомыя гарады, прыгожыя месцы, пра якія мала хто ведае.

«За тры гады падарожжа я наведала розныя краіны, дзе патрэбна была віза, і дзе не, і нідзе не было ў мяне ніякіх праблем, - распавядае Андрэа. - У Беларусі бразільцам віза не патрэбная. І быццам усё павінна было прайсці без праблем, але вашы правілы і законы складзеныя некарэктна і ніхто нічога не ведае. Адзін кажа адно, другі іншае і пры гэтым ніхто не размаўляе на ангельскай мове.

Вельмі дзіўна, што людзі, якія працуюць на мяжы і ў міграцыйнай службе не гавораць на замежнай мове, а на сайце няма інфармацыі для замежнікаў. Менавіта таму мне тут было вельмі складана разабрацца. У Беларусі я адчула сябе дзіцем. І гэтая краіна стала для мяне сапраўдным выпрабаваннем. Я кінула сабе выклік, але не думала што будзе настолькі складана».

Андрэа прыехала ў Беларусь без візы. Для грамадзян Бразіліі, якія прыязджаюць да нас для транзіту, турызму або па працы, не патрэбная віза на тэрмін да 90 дзён. Адзіная ўмова - госць абавязаны зарэгістравацца на працягу пяці дзён у падраздзяленні Дэпартамента грамадзянства і міграцыі. З гэтым і ўзніклі праблемы ў падарожніцы.

«Куды хачу, на колькі хачу і калі хачу»

Андрэа падарожнічае ўжо тры гады і наведала больш за 30 краін на розных кантынентах. Была ў Амерыцы, Азіі і Еўропе.

«Я ўжо не магу сябе прымусіць не падарожнічаць, - кажа Андрэа. - Калі вяртаюся дадому, я зноў адчуваю, што хачу ў шлях. Я сумую дома па падарожжах. Людзі часам гавораць, што я вар'ятка, таму што ў мяне няма выразнага плану - колькі дзён павінна быць падарожжа ці колькі кіламетраў павінна праехаць. У мяне ёсць проста напрамак, у якім я хачу рухацца. І я не хачу абмяжоўвацца нейкімі рамкамі, так што еду куды хачу, на колькі хачу і калі хачу».

Не турбуюся і проста кручу педалі

У снежні Андрэа плануе вярнуцца ў Бразілію, але не ведае, колькі яшчэ кіламетраў праедзе да таго часу. У планах у Андрэа застацца ў Беларусі на месяц, калі ўсё атрымаецца з рэгістрацыяй, а пасля наведаць Літву, Латвію і Эстонію. Далей жанчына паедзе альбо ў Англію, альбо Расею, а канчатковым пунктам падарожжа стане горад Тромсе ў Нарвегіі, дзе падарожніца хоча ўбачыць паўночнае ззянне.

«У мяне ўжо ёсць планы і на наступны год. Хачу паехаць у падарожжа на тры месяцы па скандынаўскіх краінах. І зноў на сваім ровары. Але на самай справе я дрэнны веласіпедыст, таму што я нічога не разумею ў роварах. Адзінае, што я магу паправіць, то гэта заляпіць камеру. Я не турбуюся і проста кручу педалі. Калі нешта зламаецца - буду шукаць дапамогу».

Як стала вядома Hrodna.life, Андрэа ўсё ж зарэгістравалася ў міграцыйнай службе ў Горадні, але толькі пасля дапамогі журналістаў Tut.by. Цяпер жанчына можа знаходзіцца ў Беларусі да 90 дзён.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках