19 красавiка 2024, Пятніца, 12:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шулер хоча пакінуць нас без лісткоў непрацаздольнасці і пенсій

71
Шулер хоча пакінуць нас без лісткоў непрацаздольнасці і пенсій
КАРЫКАТУРА: CARTOONBANK.RU

Што далей? Канфіскацыі маёмасці ў фонд «сацыяльнай дзяржавы»?

Дзеля зніжэння выдаткаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) урад Беларусі гатовы змяніць падыход да аплаты лісткоў непрацаздольнасці.

Прапануецца не аплачваць лісткі работнікам першыя тры каляндарныя дні. Пры гэтым міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч «выказала ўстурбаванасць» тым, што выдаткі на выплату грошай з прычыны непрацаздольнасці ў краіне прыкметна выраслі.

Асцярогі міністаркі «падаграваюць» дэфіцыт сродкаў у ФСАН, які бесперапынна расце: у мінулым годзе ў фондзе ўтварылася «дзірка» сумай 1,5 мільярда рублёў.

Беларусы апынуліся паміж двух агнёў: з аднаго боку, ад урада паступаюць прапановы аб эканоміі на лістках непрацаздольнасці і падвышэнні пенсійнага ўзросту для жанчын, з іншага боку – усё больш расце колькасць прадпрыемстваў, якія перастаюць плаціць унёскі ў ФСАН. На пачатак чэрвеня такіх прадпрыемстваў, работнікі якіх могуць застацца без пенсій, у краіне ўжо амаль 1200.

Як могуць далей развівацца падзеі і што будзе з сацыяльнымі выплатамі ў краіне? Сітуацыю для Charter97.org каментуюць экс-міністр працы Беларусі Аляксандр Сасноў і доктар эканамічных навук Барыс Жаліба:

Улады выпусцілі джына з бутэлькі і цяпер перакручваць факты

Улады банальна маніпулююць лічбамі, перакананы Аляксандр Сасноў:

- Гэта павелічэнне выплат з прычыну непрацаздольнасці цалкам можа быць прыдуманае Ірынай Касцевіч: бо праверыць гэтыя лічбы насельніцтва не можа. Таму на іх можна спасылацца лёгка і нязмушана.

З іншага боку, такое павелічэнне выплат у прынцыпе магчымае, бо ўлады прымушаюць працаваць людзей ва ўзросце, які раней быў пенсійным. Нічога дзіўнага, што такія работнікі часцей хварэюць. Улады самі выпусцілі «джына з бутэлькі» і цяпер перакручваць факты. Гэта, безумоўна, вельмі «сацыяльны» падыход: падвышаць пенсійны ўзрост, не плаціць за першыя тры дні на лістку непрацаздольнасці... Што далей? Канфіскацыя маёмасці ў фонд «сацыяльнай дзяржавы»?

Міністарка працы Ірына Касцевіч дае сігнал лекарам, мяркуе Барыс Жаліба:

- Развагі такога кшталту могуць быць успрынятыя медыкамі наступным чынам: пры лёгкіх недамаганнях наогул не выпісваць лісткі непрацаздолльнасці і хай людзі ідуць на працу. Цалкам магчыма, што лісткі непрацаздольнасці цяпер будуць выдаваць толькі ў самых цяжкіх сітуацыях. Эканоміка Беларусі знаходзіцца ў настолькі дрэнным стане, што даводзіцца выбіраць, чым ахвяраваць. Цалкам магчыма, што Мінпрацы будзе ахвяраваць здароўем насельніцтва.

Лечаць гангрэну аспірынам

Такія пастановы ўрада – гэта ўсё роўна паўмера, мяркуе Аляксандр Сасноў:

- Канчаткова і радыкальна паўплываць на сітуацыю такія планы ўладаў усё адно не могуць. Ну адцягнуць крыху калапс у пенсійным фондзе... Гэта ўсё адно, што лячыць гангрэну аспірынам.

Развязваць праблему ФСАН трэба было 25 гадоў таму. Па-першае, трэба было пераходзіць да страхавой медыцыны. Выплаты дапамогі з прычыны беспрацоўя таксама планавалася зрабіць за кошт страховак. Але прыйшоў да ўлады Лукашэнка – і ўсе рэформы згарнуў. Усе выплаты былі вернутыя ў бюджэт і «растварыліся» там. Нават Фонд спрыяння занятасці Лукашэнка «загнаў» у бюджэт і шчасна яго там «распусціў»: аб ім ужо даўно ніхто нічога не ведае.

Глыбінная прычына дэфіцыту ФСАН у тым, што эканоміка не працуе, таму і напаўнення пенсійнага фонду проста няма. Вось і даводзіцца шукаць, каму перакрыць кісларод і на кім зэканоміць. Нічога не скажаш – вельмі сацыяльна!

Бюджэт ФСАН адчувае пастаянны дэфіцыт, канстатуе Барыс Жаліба:

- Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ўжо шмат гадоў знаходзіцца на падтрымцы з дзяржаўнага бюджэту. Пацыент, так бы мовіць, пераведзены на апарат штучнага забеспячэння жыццядзейнасці. Фонд даўно не зводзіць канцы з канцамі. І прычына тут адна – занадта цэнтралізаваная, нерэфармаваная эканоміка. Значыць, сітуацыю выправіць толькі радыкальная эканамічная рэформа. На якую гэтая ўлада на згаджаецца ўжо чвэрць стагоддзя.

Жуллё і шулеры

Дзяржава павінна адказваць за 1200 работнікаў прадпрыемстваў, якія нібыта завінаваціліся у бюджэт, упэўнены Аляксандр Сасноў:

- Беларускія ўлады паступаюць як заўзятыя шулеры. Большасць завінавачаных у ФСАН – дзяржаўныя прадпрыемствы. Улады сцвярджаюць: калі гэтыя прадпрыемствы не плацяць у ФСАН, пенсіі работнікам не належаць. Лухта сабачая! Хто гаспадар прадпрыемства? Дзяржава. Не плаціла прадпрыемства – дзяржава павінна адказваць як уласнік. Усё, што мы чуем пра «віну прадпрыемстваў» - гэта кажуць шулеры і жуллё. І ёсць галоўны шулер, які можа пакінуць нас без лісткоў непрацаздольнасці і пенсій.

У наступнай серыі – скарачэнне заробкаў і сацыяльныя пратэсты

Хваляванні ў Расеі праз падвышэнне пенсійнага ўзросту могуць перакінуцца і на Беларусь, дапускае Аляксандр Сасноў:

- Тут магчымая «ланцуговая рэакцыя». Галоўнае, каб не спрацаваў прынцып «а можа так і трэба?», як у старым анекдоце пра цвік. Зрэшты, як паказалі Маршы абураных беларусаў, сюжэты з анекдотаў забываюцца, калі людзей кранаюць за жывое.

Наступным крокам урада праз праблемы ў ФСАН можа стаць усеагульнае скарачэнне заробкаў, мяркуе Барыс Жаліба:

- Тыя 34% адлічэнняў у ФСАН, якія плаціць наймальнік – гэта вельмі высокая планка. Напрыклад, у Расеі і Казахстане гэтыя адсоткі ўжо значна ніжэйшыя. А ў развітых краін груз выплат у пенсійны фонд дзеліцца паміж работнікам і наймальнікам у пэўнай прапорцыі, якая можа даходзіць да 50/50. Натуральна, такое магчыма ў краінах, дзе і так салідны медыянны заробак. Уявіце, што будзе, калі пры нашых заробках у людзей пачнуць адбіраць не 1% на карысць ФСАН, а больш? Гэта выкліча масавую незадаволенасць насельніцтва і нават, магчыма, сацыяльныя пратэсты.

Але ведаеце, я думаю, што прыйдзе такі час, калі ўрад паглядзіць і ў гэты бок і прапануе адымаць з заробку не 1% унёскаў, а больш. Таму што фінансавы стан прадпрыемстваў, мякка кажучы, пакідае жадаць лепшага, і браць з іх хутка будзе няма чаго. Як паказвае практыка, у нашай краіне тады робяць выснову: трэба браць з насельніцтва.

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках