26 красавiка 2024, Пятніца, 19:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як замежныя экспэрты ацэньваюць фільм, які вылучаецца на «Оскар» ад Беларусі

1
Як замежныя экспэрты ацэньваюць фільм, які вылучаецца на «Оскар» ад Беларусі

На Міжнародным кінафестывалі ў Карлавых Варах адбылася сусветная прэм'ера беларускага фільма «Хрусталь».

На Міжнародным кінафестывалі ў Карлавых Варах, адным з найстарэйшых кінафорумаў свету і галоўным фестывалі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, адбылася сусветная прэм'ера беларускага фільма «Хрусталь» рэжысёркі Дар'і Жук. Карціна, якая, як стала вядома ў суботу, вылучаная ад Беларусі на конкурс у прэміі «Оскар».

Tut.by папрасіў калегу і экспэрта ў беларускім кіно Мікалая Лаўрэнюка распавесці, як фільм прынялі ў Карлавых Варах, а таксама на месцы даведацца меркаванні пра карціну экспэртаў і гледачоў.

ЗДЫМАЧНАЯ ГРУПА ФІЛЬМА «ХРУСТАЛЬ» НА ПРЭМ'ЕРЫ НА ФЕСТЫВАЛІ У КАРЛАВЫХ ВАРАХ.
ФОТА: АФІЦЫЙНЫ САЙТ ФЕСТЫВАЛЮ

На фестывалі, які стаў своеасаблівай Мекай кіно для чэшскіх гледачоў, а таксама які штогод збірае прадстаўнікоў сусветнай кінаіндустрыі (сёлета сярод зорак - актор Цім Робінс, рэжысёры Бары Левінсан і Тэры Гіліям), упершыню за многія гады ўдзельнічае стужка, створаная кінематаграфістамі з Беларусі. «Хрусталь» (у ангельскім варыянце - «Crystal Swan») Дар'і Жук не толькі ўвайшоў у конкурсную праграму «Ад Усходу да Захаду», але і стаў фільмам адкрыцця гэтай секцыі. Карціна, як і большасць сучасных фестывальных фільмаў, створаная сумесна некалькімі краінамі: Беларуссю, ЗША, Нямеччынай і Расеяй. Здымкі цалкам праходзілі ў нашай краіне. Фільм распавядае гісторыю дзяўчыны-дыджэя, якая імкнецца ў 90-я гады вылецець у ЗША, але праз збег абставін захрасла на няпэўны час у правінцыйным беларускім мястэчку.

Квіткі на ўсе тры паказы разышліся задоўга да прэм'еры, і нават улічваючы тое, што на некаторых сеансах гледачам дазволілі сядзець на падлозе, многія ахвочыя так і не змаглі трапіць на «Хрусталь». Публіка глядзела фільм на адным дыханні, многія камедыйныя моманты выклікалі рогат, а пасля фільма гледачы наладзілі стваральнікам авацыю. Сапраўды, такога поспеху беларускае кіно не ведала даўно.

БЕЛАРУСКАЯ РЭЖЫСЁРКА ДАР'Я ЖУК НА ПРЭМ'ЕРЫ СВАЙГО ФІЛЬМА «ХРУСТАЛЬ» У КАРЛАВЫХ ВАРАХ.
ФОТА: АФІЦЫЙНЫЯ САЙТ ФЕСТЫВАЛЮ

Пасля паказу мы папрасілі першых гледачоў і экспертаў падзяліцца сваімі ўражаннямі.

Ірына Безрукава, акторка, Расея:

- Для мяне асабіста з'явілася жанчына-рэжысёрка, якая стала ў адзін шэраг з жанчынамі-рэжысёркамі, якіх я люблю і паважаю, напрыклад, сярод іх Ганна Мелікян. Цудоўныя акцёрскія працы, вельмі шмат прыкмет часу, якія выклікаюць усмешку, часам сумную, - ад салаты аліўе да таго, што з людзьмі расплачваюцца прадукцыяй завода, няхай гэта будзе крышталь, няхай гэта будуць плюшавыя мядзведзі, і людзі гандлююць каля дарогі гэтымі рэчамі. Выдатная карціна!

НІК ХОЛДСВОРТ, ЖУРНАЛІСТ HOLLYWOOD REPORTER, ЗША:

- Я вельмі ўражаны фільмам, ён досыць рэалістычны. Я быў на многіх вяселлях у Расеі, якія вельмі падобныя на сцэну, якую мы бачылі ў фільме. Мне спадабаліся героі, сюжэтныя павароты. Хачу сказаць, гэта вельмі прафесійнае кіно.

Анры, кінакрытык, ЗША:

- У фільме вельмі цікавыя супрацьпастаўленні: напрыклад, спалучэнне старога - скульптур савецкага перыяду, і новага - хаус-музыкі. І нягледзячы на гэты канфлікт паміж Усходам і Захадам, гераіня ўсё адно можа выказаць сябе. Фільм вельмі добра і цікава зроблены.

КАДР З ФІЛЬМА «ХРУСТАЛЬ»

Адам, студэнт, Чэхія:

- Фільм проста надзвычайны. Мне вельмі спадабалася акторка ў галоўнай ролі. Гэта адзін з найлепшых фільмаў, якія я ўбачыў тут за тры гады.

Лукаш, палітолаг, Чэхія:

- Першае і, напэўна, самае галоўнае, - тое, што гэта першы фільм з Беларусі, які я ўбачыў, дагэтуль беларускіх фільмаў не было ні на фестывалі (а я тут ужо пяты год), ні па чэшскай тэлевізіі. Мне здаецца, аўтарам атрымалася паказаць звычайнае беларускае жыццё. Вядома, дзеянне адбываецца ў 90-я, якія адрозніваюцца ад сённяшняга дня. І мне здаецца, у нас з вамі шмат агульнага.

Ірына, медсястра, ЗША:

- Гэта незвычайна яркі фільм. І музыка, і колеры, і адзенне, якое носіць галоўная гераіня - вельмі смелыя, вельмі натхняюць, я б сказала, фільм як быццам падае прыклад жанчынам: ты можаш адзявацца так, ты можаш не адпавядаць норме. Выдатна, што фільм кажа пра тое, што свабода выказвання меркаванняў, свабода слова, свабода музыкі вельмі важныя, каб адчуваць сябе сапраўдным чалавекам. Я вельмі рада, што ўбачыла гэты фільм.

Фільм «Хрусталь» працягвае атрымліваць запрашэнні на ўдзел у іншых міжнародных фестывалях, сярод найбліжэйшых - кінафорумы ў Адэсе (Украіна), Палічэ (Сербія), Выбаргу (Расея). Прэм'ера фільма ў Беларусі адбудзецца 30 жніўня.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках