29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Саша, пагуляў – і годзе»

52
«Саша, пагуляў – і годзе»
ЯЎГЕН АФНАГЕЛЬ
Фота: «Белсат»

Пазіцыя Лукашэнкі нашмат больш слабая, чым была раней.

Польскае выданне Rzeczpospolita, спасылаючыся на блізкія да Крамля расейскія крыніцы, напісала пра тое, што на сустрэчы з Пуціным у Сочы Лукашэнку чакае «цяжкая размова». У абмен на просьбу беларускага дыктатара аплаціць частку вонкавай пазыкі Беларусі, расейскі кіраўнік патрабуе «паглыблення інтэграцыі» ў рамках «саюзнай дзяржавы».

Наколькі пазіцыя Лукашэнкі цяпер больш уразлівая ў параўнанні з мінулымі гадамі? На пытанне Charter97.org адказвае каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Яўген Афнагель:

– Пазіцыя нашмат больш слабая, чым была раней. Занадта шмат сігналаў, якія сведчаць пра тое, што Пуцін пастанавіў сур'ёзна заняцца Беларуссю. Амаль кожны дзень у расейскіх СМІ з'яўляюцца артыкулы пра тое, што з незалежнасцю нашай краіны час заканчваць, пра ўціск тут правоў расейскамоўнага насельніцтва. Упершыню Крэмль выпраўляе ў Менск у якасці пасла былога сілавіка Міхаіла Бабіча, да таго ж вядомага сваёй жорсткай пазіцыяй. Кіраўнік РПЦ публічна кажа пра «адзіны расейскі народ», у склад якога ўключае і беларусаў. Што да Лукашэнкі, то такую крытыку (справядлівую, у асноўным), якую мы бачым на ягоны адрас у расейскіх СМІ, не заўсёды могуць дазволіць нават многія незалежныя выданні ў нашай краіне.

Усё гэта адбываецца на фоне эканамічнага ціску. Беларусь не атрымала чарговых траншаў ад Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця памерам 400 млн даляраў. А яшчэ ўвесь час ідуць мяса-малочныя войны, а наперадзе – падатковы манеўр, які яшчэ больш падкосіць і без таго хісткае становішча Лукашэнкі.

Калі меркаваць з заяваў пра «ўваходжанне ў склад іншай дзяржавы», кіраўнік гады ў рады больш-менш адэкватна ўяўляе сабе карціну і разумее, што яго чакае.

У Крамля цяпер нават няма неабходнасці выкручваць рукі беларускаму дыктатару. У Лукашэнкі няма нічога, што ён можа супрацьпаставіць патрабаванням Пуціна. Проста ў пэўны момант яму скажуць: «Саша, пагуляў у самастойнасць і годзе».

Калі б у Лукашэнкі была прынамсі мінімальная падтрымка сярод насельніцтва, ён мог бы супрацьстаяць патрабаванням Пуціна. Але сваімі дзеяннямі цягам 20 з лішнім гадоў ён дамогся таго, што абараняць яго не будзе каму. Маскве, з усяго відаць, канчаткова надакучыла фінансаваць жабрака-няўдачніка, нічога не атрымліваючы наўзамен. Пераважная большасць беларусаў ненавідзіць Лукашэнку і воплескамі сустрэне любога, хто яго заменіць. На чыноўнікаў і сілавікоў дыктатар таксама абаперціся не можа. Першыя пры найменшай магчымасці адпомсцяць за няспынныя прыніжэнні і арышты, а другія ім проста пагарджаюць. Ды яшчэ заробкі і пенсіі з расейскімі параўноўваюць. Вось і атрымліваецца, што ніякіх «выкручванняў рук», пагрозаў, празмернага ціску і г. д. не трэба.

– Наколькі верагодны сцэнар частковай або поўнай страты суверэнітэту пры Лукашэнку? На што ў гэтай сітуацыі спадзявацца і арыентавацца патрыётам Беларусі?

– Суверэнітэту ў Беларусі няма, таму страчваць асабліва няма чаго. Пытанне толькі ў тым, калі гэты факт у Крамлі захочуць зафіксаваць юрыдычна.

Патрыётам, у першую чаргу, трэба ўсвядоміць гэтую простую ісціну, перастаць жыць ілюзіямі і верай у інстынкт самазахавання Лукашэнкі, які нібыта не дазволіць канчаткова здаць незалежнасць. Канцэртамі, нашэннем вышыванак і выпрошваннем падачак ад акупацыйнай адміністрацыі волю не заваюеш. Няма такіх прыкладаў у гісторыі. За свабоду трэба змагацца, пры неабходнасці ісці на ахвяры. Нам трэба не абараняць незалежнасць, а здабыць яе. І першы крок у гэтым кірунку – вызваленне ад саслабелага местачковага дыктатура, які давёў Беларусь да сённяшняга стану.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках