У Гомелі праваабаронцы правядуць спецыяльны пікет у падтрымку блогераў
2- 28.07.2018, 18:07
- 8,410
Праваабаронцы пратэстуюць супраць пераследу за выказванне меркавання ў сацсетках.
Праваабаронцы ў Гомелі Андрэй Стрыжак і Леанід Судаленка апавясцілі гарвыканкам аб правядзенні 15 жніўня спецыяльнага пікету, мэтай якога з'яўляецца прыцягненне ўвагі грамадскасці на частыя выпадкі пераследу уладай грамадзян за выказванне сваіх меркаванняў у глабальнай камп'ютэрнай сетцы Інтэрнэт, у тым ліку і за размяшчэнне ў сацыяльных сетках інфармацыі крытычнага зместу, паведамляе гомельская «Весна».
Праваабаронцы адзначаюць, толькі апошнім часам за выказванне меркаванняў у сацсетках пераслед зазналі вядомыя блогеры Сяргей Пятрухін у Берасці і Андрэй Павук з райцэнтра Акцябрскі. У Рэчыцы за допіс у Фэйсбуку крымінальны пераслед зазнаў грамадскі актывіст Алег Шабетнік, у Гомелі ўлада пераследуе ў адміністрацыйным парадку блогера Арцёма Шапарава, за рэпост к Фэйсбуку міліцыя накіравала позвы і ў любы час можа пачаць адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да абаронцы Курапатаў Барыса Анікеева і праваабаронцы Леаніда Судаленкі.
Праваабаронца і юрыст рэгіянальнай прававой прыёмнай ПЦ "Вясна" Леанід Судаленка падкрэслівае, што права на выказванне меркавання не з'яўляецца абсалютным, яно можа падлягаць пэўным абмежаванням.
«Крымінальныя справы і адміністрацыйныя працэсы распачатыя паводле заяў «абняслаўленых» грамадзян, меркаванні якіх аб паклёпе заўсёды з'яўляюцца суб'ектыўнымі. Трэба спыніць умяшальніцтва дзяржавы ў гэтыя працэсы, тут павінна дзейнічаць грамадзянска-прававая адказнасць. Іншымі словамі, «абняслаўленыя» самастойна могуць пачаць у судзе працэс за паклёп, не звяртаючыся да рэпрэсіўных механізмаў дзяржавы», - мяркуе праваабаронца Л. Судаленка.
Ён таксама адзначыў, што запланаваная акцыя з'яўляецца свайго кшталту тэставаннем мясцовых чыноўнікаў.