29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праз Альманскія балоты будуюць дарогу за $ 1 мільён

13
Праз Альманскія балоты будуюць дарогу за $ 1 мільён

Каму яна патрэбная?

Адныя з найбуйнейшых у Еўропе, плошчаю больш за 900 квадратных кіламетраў, месцяцца на тэрыторыі дзвюх краінаў. Усё гэта – пра Альманскія балоты. Сёння праз гэты ўнікальны ландшафтны заказнік будуюць адразу некалькі дарогаў, толькі адна з якіх каштуе мільён долараў. З якой мэтай і ці бяспечна кранаць тут прыроду? Belsat.eu разбіраўся разам з экспертамі.

У чым унікальнасць Альманскіх балотаў?

У савецкія часы на Альманах знаходзіўся вайсковы палігон, таму багнам удалося пазбегнуць разгорнутай у БССР меліярацыі. Такім чынам, у Беларусі гэта ўвогуле адзіныя некранутыя балоты. На міжнародным узроўні яны маюць яшчэ адну назву – Рамсарскае водна-балотнае ўгоддзе. Акрамя таго, балоты прызнаныя «Тэрыторыяй, важнай для птушак, міжнароднай значнасці».

Заказнік займае 75% Столінскага раёну і мае найбагацейшую флору і фауну. Тут растуць 687 відаў раслінаў, 26 відаў жывёлаў, а птушак – 189, у тым ліку 22 віды, занесеныя ў Чырвоную кнігу. Такія птушкі, як вялікі падорлік і вяртлявая камышоўка, знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення.

Што там цяпер адбываецца?

Ад вёскі Карма на поўнач да ракі Сцвіга да канца верасня 2018 году плануюць пабудаваць «Лесагаспадарчую дарогу №3» працягласцю 24 кіламетры і шырынёю 5 метраў. Праект быў ухвалены яшчэ ў 2016-м і ўжо ў летась у жніўні тут пачаліся працы. У «Берасцедарпраекце» распрацавалі план, грошы выдаткавала Міністэрства лясной гаспадаркі, а адказны за будаўніцтва – Палескі лясгас.

Нягледзячы на зацверджаную шырыню дарогі (5 метраў), бульдозеры рыхтуюць пляцоўку ў 20 метраў. Як тлумачаць ляснічыя ў Палескім лясгасе, гэта неабходна паводле тэхналогіі. Праз нейкі час балота паглыне частку пяску і застанецца толькі пяціметровы насып.

Як стала вядома грамадскай арганізацыі «Багна», якая займаецца аховай балотаў, першапачаткова новую дарогу збіраліся пракласці па старой лясной, але потым маршрут змянілі. Прыродаахоўнікі падлічылі, што дзеля гэтага закранулі 6 кіламетраў запаведнай нерушы.

А ў пачатку 2018 эколагі з «Аховы птушак Бацькаўшчыны» раптам даведаліся: праз заказнік пабудуюць яшчэ і «Лесагаспадарчую дарогу №4».

Навошта гэта патрэбна? Пазіцыя дзяржавы

Паводле «Справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе», адмыслова складзенай навукоўцамі з Палескага аграрна-экалагічнага інстытуту НАН, будаўніцтва дарогі неабходнае дзеля «эфектыўнага ўпраўлення асабліва ахоўваемымі прыроднымі тэрыторыямі і карыстання ляснымі рэсурсамі краіны».

У тым жа абгрунтаванні прыводзяць і іншыя аргументы «за»:

супрацьпажарная бяспека;

развіццё турызму;

паляпшэнне транспартнай камунікацыі на балоце.

«Было шмат дыскусіяў з удзелам эколагаў і нашых прадстаўнікоў. Я прыйшоў да высновы, што плюсаў ад будаўніцтва значна больш, чымся мінусаў. Раней, каб патрапіць на месца пажару і згасіць яго, даводзілася ледзь не рукамі цягам вёдры з вадою. Калі б эколагі прыехалі ў 2015 годзе, калі ад пажару дым падымаўся і немагчыма было дыхаць, а птушкі наогул зляцелі адсюль, яны б зразумелі патрэбу ў будаўніцтве такой дарогі», – патлумачыў belsat.eu галоўны ляснічы Палескага лясгасу Дзмітрый Бакунец.

Яшчэ адна мэта дарогі – спрасціць вываз лесанарыхтовак. Паводле слоў галоўнага ляснічага, гэта пытанне хоць і другаснае, але важнае. На сённяшні дзень Палескі лясгас нарыхтоўвае ў сярэднім 35 тысяч кубаметраў драўніны за год. Галоўны спажывец – мясцовыя гаспадаркі, на экспарт ідзе толькі апрацаваны лесаматэрыял.

«Мы не супраць экалогіі, мы наадварот пастаянна падтрымліваем з эколагамі сувязь. Але дарога патрэбная ў першую чаргу, каб абараніць балота. Дзесьці снарад вайсковы ляжыць, дзесьці радыяцыя… Калі здараецца пажар, туды ж не пад’ехаць!» – запэўніў Бакунец.

Дырэктар рэспубліканскага заказніку «Альманскія балоты» Павел Мірановіч у размове з belsat.eu адзначыў, што дарога не нанясе ўрону навакольнаму асяроддзю.

«Праект прайшоў усе экспертызы, у дзяржаўных інспекцыяў не ўзнікла пытанняў. Дакладна магу сказаць – будаўніцтва законнае. Гэта не нейкі мецэнат прыйшоў і даў грошай – усё робіць дзяржава ў адпаведнасці з законам. Зразумейце, лясгасу трэба займацца сваёй гаспадарчай дзейнасцю. Калі можна было б абысціся без гэтай дарогі – абышліся б», – сцвярджае ён.

Чаму гэта небяспечна? Пазіцыя эколага

Дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі распавёў belsat.eu, што грамадскія абмеркаванні будаўніцтва дарогі нібыта праводзіліся, але даўно і без запрашэння сапраўды шырокіх колаў грамадскасці. Паводле Вінчэўскага, дарога, якая каштуе пад 2 мільёны рублёў, не абгрунтаваная ні з экалагічнага пункту гледжання, ні з эканамічнага.

«Пясок для насыпу бяруць з ледніковых дзюнаў – унікальнага ландшафтнага элементу Альманскіх балот. Нас запэўнілі, што разбураецца толькі да 1 % гэтых дзюнаў, але іх, насамрэч, фактычна руйнуюць», – кажа ён.

Эколагі цікавіліся, ці можна прывозіць будаўнічы пясок з Гомля і не кранаць ледніковыя дзюны.

«Кажуць, што ў такім разе выдаткі аказаліся б яшчэ большымі – нібыта вазіць пясок даражэй, чым браць яго на месцы».

Прыродаахоўнікі таксама мяркуюць, што мэтазгодней было б будаваць дарогу паверх старой лясной сцежкі, не змяняючы вось.

Што тычацца пажарнай бяспекі, то Аляксандр Вінчэўскі прызнае: сапраўды па гэтай дарозе можна хутчэй даехаць і патушыць вогнішча, але і гэта не адназначна.

«Справа ў тым, што галоўная прычына ўзгаранняў на балоце – як раз прысутнасць людзей. Нашая пазіцыя такая: чым менш на гэтай нерушы будуць з’яўляцца людзі і тэхніка – тым лепей для прыроды. Для птушак і жывёлаў балота павінна заставацца некранутым – гэта самыя спрыяльныя для іх умовы», – адзначае дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны».

***

Балоты – гэта вялізныя натуральныя рэзервуары прэснай вады, маюць вялікае значэнне ў падтрыманні ўзроўню рэкаў, хімічнага складу вады, фармаванне мікраклімату і натуральным працэсе аднаўлення лясоў. Беларускія балоты ўваходзяць у міжнародны спіс Рамсарскай канвенцыі аб абароне водна-балотных угоддзяў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках